На Youtube-канале Віктара Бабарыкі бацька Максіма Знака расказаў пра жыцьцёвы шлях сына.
Палітзьняволеным Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку пагражае 12 гадоў зьняволеньня — столькі прадугледжвае крымінальны артыкул, паводле якога іх перасьледуюць.
Пасьля 17 пасяджэньняў у закрытым рэжыме палітвязьням рыхтуюцца вынесьці прысуд. Яго агучаць публічна 6 верасьня а 12:00.
Максім Знак выступаў з апошнім словам амаль тры гадзіны
Адвакат Уладзімер Пыльчанка паведаміў, што Марыя Калесьнікава і Максім Знак 31 жніўня выступілі з апошнім словам.
«Вельмі годныя выступленьні. Максім больш выказваўся па юрыдычнай частцы, у Марыі выступленьне было ў большай меры эмацыйным. Яна апавядала пра каштоўнасьці свае і каштоўнасьці штабу Бабарыкі. Марыю перабівалі некалькі разоў, бо суд палічыў, што ейныя тлумачэньні ня тычыліся абставінаў справы. Тым ня менш, Марыя выказала ўсё, што хацела сказаць. Максіма не перабівалі. Максім выступаў каля трох гадзін», — цытуе Пыльчанку тэлеграм-канал Віктара Бабарыкі.