Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Год зь першай прэс-канфэрэнцыі Каардынацыйнай рады. Што зь ёй адбылося за гэты час


Павал Латушка, Марыя Калесьнікава, Вольга Кавалькова, Максім Знак і Сяргей Дылеўскі на прэсавай канфэрэнцыі 18 жніўня 2020 году
Павал Латушка, Марыя Калесьнікава, Вольга Кавалькова, Максім Знак і Сяргей Дылеўскі на прэсавай канфэрэнцыі 18 жніўня 2020 году

На свабодзе ў Беларусі толькі адзін чалавек з прэзыдыюму. Яшчэ дваіх судзяць за зачыненымі дзьвярыма.

18 жніўня 2020 году ў памяшканьні выбарчага штабу Віктара Бабарыкі адбылася першая прэс-канфэрэнцыя Каардынацыйнай рады, пра стварэньне якой стала вядома на два дні раней. Першае яе паседжаньне адбылося празь дзень пасьля прэс-канфэрэнцыі, на якой прысутнічалі Вольга Кавалькова, Марыя Калесьнікава, Павал Латушка, Максім Знак і Сяргей Дылеўскі. Там жа быў агучаны склад прэзыдыюму КР і асноўныя кірункі яе дзейнасьці. Свабода ўспамінае, што стала з арганізацыяй за год і чым зьбіралася займацца Каардынацыйная рада.

Новыя выбары і трансфэр улады

Поўная назва створанай у сярэдзіне жніўня 2020 году арганізацыі — Каардынацыйная рада па арганізацыі працэсу пераадоленьня палітычнага крызісу. Паводле стваральнікаў, асноўнай мэтай дзейнасьці Каардынацыйнай рады мусіла стаць праца для пераадоленьня палітычнага крызісу, а таксама захаваньня незалежнасьці і сувэрэнітэту Беларусі. Сябры прэзыдыюму КР адразу заявілі, што афіцыйныя вынікі выбараў 9 жніўня не адпавядаюць рэчаіснасьці. Гэта стала прычынай выхаду людзей на вуліцы і далейшых падзей. Каардынацыйная рада заклікала ўлады спыніць гвалт і пачаць разам шукаць шляхі вырашэньня сытуацыі. Асноўнай мэтай КР назвалі правядзеньне новых выбараў прэзыдэнта і мірны трансфэр улады.

У пашыраны склад КР мог запісацца любы ахвотны, асноўны склад арганізацыі склалі 70 чалавек, зь іх ліку сямёра ўвайшлі ў прэзыдыюм. Паводле агучаных плянаў, зь ліку ўдзельнікаў прэзыдыюму неабходна было выбраць старшыню Каардынацыйнай рады, аднак гэтага так і не адбылося. Адным з асноўных патрабаваньняў да ўдзельнікаў Каардынацыйнай рады розных узроўняў абвясьцілі фізычнае знаходжаньне на тэрыторыі Беларусі.

Склад прэзыдыюму і патрабаваньні

Прэзыдыюм Каардынацыйнай рады выбралі на першым паседжаньні 19 жніўня. У яго склад увайшлі

  • нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч,
  • міжнародны мэдыятар Лілія Ўласава,
  • сябра выбарчага штабу Сьвятланы Ціханоўскай Вольга Кавалькова,
  • старшыня страйкаму МТЗ Сяргей Дылеўскі,
  • юрыст выбарчага штабу Віктара Бабарыкі Максім Знак,
  • каардынатарка штабу Бабарыкі Марыя Калесьнікава,
  • былы дырэктар Купалаўскага тэатру Павал Латушка.

Акрамя гэтага, на першым паседжаньні Каардынацыйная рада вызначыла тры асноўныя патрабаваньні да ўладаў, якія пазьней перанялі і іншыя арганізацыі і ініцыятывы. Сярод іх былі:

  1. Спыненьне гвалту ў дачыненьні да мірных грамадзян.
  2. Вызваленьне ўсіх палітвязьняў і адміністрацыйна арыштаваных за ўдзел у пратэстах.
  3. Прызнаньне вынікаў выбараў 9 жніўня несапраўднымі.

Усяго праз тыдзень пасьля стварэньня Каардынацыйнай рады ў яе склад запісаліся больш за 1000 чалавек.

«Спроба захопу ўлады»

Лукашэнка пра стварэньне Каардынацыйнай рады выказаўся ўжо 18 жніўня, неўзабаве пасьля першай прэс-канфэрэнцыі яе ўдзельнікаў.

«Новы элемэнт — гэта спроба заспакоіць уладу і асабліва сілавыя структуры, — сказаў ён. — Мы мірныя, мы добрыя, разумееце, мы ўжо ня хочам супрацьстаяньня. Гэта так і ня так. Гэта шырма. Калі зазірнуць за яе, вы бачыце, што адбываецца. Яны нам падкідваюць іншы бок. І патрабуюць ні многа ні мала — перадаць ім уладу. Значыць, мы гэта расцэньваем адназначна. Гэта спроба захопу ўлады з усімі наступствамі, якія з гэтага вынікаюць. Таму я хачу папярэдзіць тых, хто ўвайшоў у гэты штаб, што мы будзем прымаць адэкватныя меры. Але выключна па Канстытуцыі і законе. У нас дастаткова гэтых мераў, каб астудзіць некаторыя гарачыя галовы. З былых „прыкарытнікаў“, як яны іх называюць. Там былыя, пакрыўджаныя, якія некалі пахадзілі ва ўладзе, і адкрыта адвязаныя нацысты. Паглядзіце гэты сьпіс».

Крымінальная справа і арышты

Пра завядзеньне крымінальнай справы на сяброў Каардынацыйнай рады ўжо 20 жніўня паведаміў тагачасны гэнэральны пракурор Аляксандар Канюк. Справу завялі паводле артыкулу 361 КК (Заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь).

Ужо да канца месяца ў будынку Цэнтральнага апарату СК у Менску прайшлі допыты сяброў прэзыдыюму КР, уключна з нобэлеўскай ляўрэаткай Сьвятланай Алексіевіч.

«Я іду туды спакойна, я не адчуваю сябе вінаватай, — сказала Алексіевіч журналістам 26 верасьня, перад тым як зайсьці ў будынак Сьледчага камітэту. — Усё, што мы робім, законна».

Сьвятлана Алексіевіч ідзе ў Сьледчы камітэт 26 жніўня 2020 году
Сьвятлана Алексіевіч ідзе ў Сьледчы камітэт 26 жніўня 2020 году

Ужо праз два тыдні на свабодзе ў Беларусі не засталося ніводнага з удзельнікаў прэзыдыюму. Сьвятлана Алексіевіч, Павал Латушка, Сяргей Дылеўскі і Вольга Кавалькова выехалі за мяжу краіны. Марыю Калесьнікаву, Максіма Знака і і Лілію Ўласаву арыштавалі.

Судовы працэс у справе Максіма Знака і Марыі Калесьнікавай пачаўся ў жніўні 2021 году, ён праходзіць у Менску ў закрытым рэжыме. Лілію Ўласаву адпусьцілі з-пад варты пад хатні арышт у сярэдзіне кастрычніка 2020 году. Пазьней хатні арышт адмянілі, аднак крымінальная справа ў дачыненьні да яе ня спыненая.

Павал Латушка, Вольга Кавалькова і Сяргей Дылеўскі па стане на жнівень 2021 году жывуць у Польшчы. Сьвятлана Алексіевіч — у Нямеччыне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG