Па вэрсіі сьледзтва, 14 кастрычніка мінулага году жанчына напісала камэнтар, у якім абразіла берасьцейскага міліцыянта. Маці Класкоўскай выклікалі на допыт па новай крымінальнай справе, а ў лісьце ёй асуджаная выказала здагадку, што неўзабаве яе перавядуць у Берасьце, дзе адбудзецца суд.
Паводле зьвестак праваабаронцаў, цяпер Класкоўская адбывае пакараньне ў жаночай калёніі ў Гомлі. Паведамляецца, што 3 жніўня яе на тры месяцы пасадзілі ў памяшканьне камэрнага тыпу за «сыстэматычнае парушэньне правілаў унутранага распарадку». Ёй таксама забароненыя сустрэчы і тэлефонныя званкі, акрамя зносін з адвакатам. За паўгода калёніі ёй дазволілі атрымаць адну перадачу.
Мэдыязона нагадвае, што ў сьнежні Вольгу Класкоўскую асудзілі на два гады пазбаўленьня волі па абвінавачаньні ў грубым парушэньні грамадзкага парадку (частка 1 артыкула 342 КК) за перакрыцьцё руху ў менскай Серабранцы 13 кастрычніка. У судзе Класкоўская адмовілася даваць паказаньні і не прызнала сваёй віны.