Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі дзяржтэлеканал адрэдагаваў фота ўцекачоў з Афганістану, дадаўшы да яго зброю


Афганцы, якія імкнуцца трапіць у кабульскі аэрапорт, 25 жніўня 2021 г.
Афганцы, якія імкнуцца трапіць у кабульскі аэрапорт, 25 жніўня 2021 г.

Тэлеканал RT, які ўваходзіць у структуру дзяржаўнага агенцтва «Россия сегодня», змантаваў фота ўцекачоў з Афганістану, дадаўшы да іх зброю.

На арыгінальным фота агенцтва Reuters мужчына і жанчына зь дзецьмі, якія прыбываюць на вайсковую базу Мэльсбрук (Бэльгія), пасьля таго як талібы ўвайшлі ў сталіцу Афганістану Кабул.

Адрэдагаваная выява зьявілася ў афіцыйным англамоўным твітэры RT (2,9 млн падпісчыкаў). Да заплечнікаў людзей на фота ў твіце RT былі прымаляваныя аўтаматы Калашнікава, гранатамёт і ракетніца.

Твіт абвяшчаў: «Некаторыя тэрарысты атрымліваюць бясплатны білет з Афганістану?» Далей без спасылкі на крыніцу — амэрыканскі партал Defense One — цытаваўся ананімны «прадстаўнік амэрыканскага ўраду». «Да 100 эвакуаваных афганцаў уваходзяць у сьпісы назіраньня спэцслужбаў», — гаварылася ў цытаце.

Фота таксама суправаджалася вэртыкальным надпісам: «Увага: малюнак з фаташопам». Але разгледзець гэтае папярэджаньне было няпроста: вышыня яго шрыфту на айфоне складала каля мілімэтру.

Цяпер твіт, які набраў ня менш за 166 лайкаў, выдалены. Яго копія захавалася ў інтэрнэт-архіве. RT не тлумачыла прычын ані выкарыстаньня фотамантажу, ані выдаленьня твіту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG