Лінкі ўнівэрсальнага доступу

G7: тэрміны вываду войскаў ЗША з Афганістану мяняцца не будуць


Борыс Джонсан
Борыс Джонсан

Апошні тэрмін, да якога Афганістан павінныя пакінуць усе амэрыканскія вайскоўцы, падоўжаны не будзе. Ён застанецца ранейшым — 31 жніўня

Пра гэта заявіў прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан пасьля онлайн нарады лідэраў «Вялікай сямёркі».

Раней агенцтвы са спасылкай на крыніцы паведамілі, што прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн вырашыў не працягваць устаноўлены тэрмін вываду амэрыканскіх вайскоўцаў. Такой была парада Пэнтагону. Міністэрства абароны ЗША заявіла, што ня зможа гарантаваць бясьпеку вайскоўцаў у аэрапорце Кабулу пасьля гэтай даты.

Гледзячы па ўсім, 31 жніўня стане апошнім днём эвакуацыі з аэрапорту Кабулу дыпляматаў, замежных грамадзянаў і афганцаў, якія ратуюцца ад «Талібану».

Джонсан падкрэсьліў, што ЗША, Брытанія і іх саюзьнікі будуць патрабаваць ад талібаў забесьпячэньня для людзей, якія жадаюць выехаць з краіны, вольнага доступу ў аэрапорт Кабулу і пасьля 31 жніўня.

У аўторак прадстаўнік «Талібану» заявіў, што яго байцы больш не будуць пускаць афганцаў у аэрапорт — толькі замежнікаў.

Перад нарадай лідэраў G7 (ЗША, Вялікая Брытанія, Францыя, Нямеччына, Італія, Канада, Японія) паведамлялася, што лідэры шэрагу краінаў выступаюць за падаўжэньне тэрміну эвакуацыі. Аднак вырашальную ролю ў гэтым пытаньні адыгрывае пазыцыя ЗША, якія забясьпечваюць большасьць эвакуацыйных рэйсаў. Пасьля нарады G7 у аўторак канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель заявіла, што без ЗША падаўжэньне тэрміну эвакуацыі немагчыма.

З 15 жніўня, калі талібы занялі Кабул, з Афганістану былі вывезеныя дзясяткі тысячаў чалавек. Дакладных зьвестак аб тым, колькі чалавек яшчэ падлягаюць эвакуацыі, няма. Талібы не перашкаджаюць эвакуацыйным рэйсам, аднак неаднаразова заяўлялі, што чакаюць, што ўсе замежныя вайскоўцы пакінуць аэрапорт Кабулу не пазьней за 31 жніўня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG