Муджахід спаслаўся на дасягнутыя дамоўленасьці і папярэдзіў, што спробы працягнуць эвакуацыю пасьля 31 жніўня парушаць умовы пагадненьняў і ўсіх людзей трэба вывезьці да канца гэтага дня. З 1 верасня «Талібан» прыме іншы падыход да эвакуацыі.
Прадстаўнік руху таксама сказаў, што талібы не ўхваляюць вываз з краіны афганцаў, і заклікаў натоўп людзей у аэрапорце Кабулу разысьціся па дамах. Ён чарговы раз запэўніў, што рух «Талібан» гарантуе бясьпеку суграмадзянам і не мае намеру пачынаць рэпрэсіі.
«Мы вырашылі пакончыць са старым і ўсё забыць», — запэўніў Муджахід.
Ён таксама адзначыў, што жыцьцё ў Афганістане вяртаецца ў нармальнае рэчышча, але хаос у аэрапорце застаецца праблемай для ўладаў.
Муджахід таксама заклікаў Вашынгтон «не заахвочваць» ад’езд грамадзянаў Афганістану, асабліва «адукаванай эліты» і прадстаўнікоў прафэсій, якія цяпер асабліва запатрабаваныя ў краіне.
Камэнтуючы інфармацыю АР і Washington Post аб сакрэтнай сустрэчы ў Кабуле дырэктара ЦРУ Уільяма Бэрнса і палітычнага лідэра талібаў Абдулы Гані Барадара, Муджахід адказаў, што нічога пра гэта ня ведае. Пры гэтым ён ня стаў адмаўляць, што сустрэча адбылася.
Паводле інфармацыі The Times, прэмʼер-міністар Вялікай Брытаніі Барыс Джонсан на экстраным саміце G7 плянуе папрасіць прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна адкласьці поўны вывад амэрыканскіх вайскоўцаў з Афганістану. Крыніца Sky News у брытанскім урадзе паведаміла, што з талібамі ідуць перамовы аб падаўжэньні тэрмінаў эвакуацыі.Прадстаўнік «Талібану» у сваю чаргу заявіў Sky News, што, калі ЗША і іх саюзьнікі падоўжаць знаходжаньне сваіх войскаў у Афганістане больш, чым на наступны тыдзень, іх могуць чакаць «наступствы».