Сьвятлана Ціханоўская апісвае падзеі апошняга году ў Беларусі, якія пачаліся са «скрадзенай перамогі» на прэзыдэнцкіх выбарах, масавых пратэстаў, «стварэньня масавага прадэмакратычнага руху», які запатрабаваў «вызваленьня ўсіх палітвязьняў, спыненьня дзяржаўнага гвалту і правядзеньня свабодных і справядлівых выбараў», на што «рэжым адказаў рэпрэсіямі».
Аўтакратычны рэжым пагражае распаўсюдзіць хаос па Эўропе
«Але барацьба выходзіць за рамкі Беларусі: усе дэмакратычныя краіны зацікаўленыя ў будучыні краіны. Падтрымаць нашу справу — ня толькі маральны абавязак, але і стратэгічны, бо аўтакратычны рэжым пагражае распаўсюдзіць хаос па Эўропе. Дзеля дабра кантынэнту гэта неабходна спыніць. А беларусы, якія ўжо зайшлі так далёка, павінны быць свабоднымі», — піша Сьвятлана Ціханоўская.
Яна пералічвае посьпехі і няўдачы дэмакратычнага руху. Сярод няўдачаў — у тым ліку залежнасьць ад інтэрнэту, «якая зрабіла нас уразьлівымі для адключэньняў і цэнзуры».
У адказ дэмакратычныя сілы пабудавалі новую грамадзянскую супольнасьць, «заснаваную на сетцы фондаў салідарнасьці, страйкавых камітэтаў, грамадзянскіх СМІ, арганізацый узаемадапамогі і валянтэрскіх груп, якая часта каардынуецца з дапамогай абароненых паведамленьняў. Сіла нашага руху заключаецца ў гарызантальных сетках, нефармальных супольнасьцях і супольнай веры ў Беларусь, свабодную, законную і дэмакратычную», — Сьвятлана Ціханоўская згадвае і пра плян нацыянальнага прымірэньня, да якога дэмакратычныя сілы спрабавалі пераканаць далучыцца тых, хто не датычны да дзяржаўных злачынстваў супраць беларусаў.
Паводле Сьвятланы Ціханоўскай, «сьвет аб’яднаўся вакол Беларусі». Яна дзеліцца сваімі назіраньнямі ад сустрэчаў зь лідэрамі 31 краіны, што «часам Беларусь зьяўляецца адным зь нямногіх пытаньняў, у якім існуе згода ва ўсіх палітычных групах краіны».
Сьвет аб’яднаўся вакол Беларусі
Сьвятлана Ціханоўская зноў заклікала арганізаваць міжнародную канфэрэнцыю высокага ўзроўню для распрацоўкі «дарожнай мапы» мірнага выхаду з крызісу ў Беларусі шляхам перамоваў.