Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік Yara пасьля сустрэчы зь Сьвятланай Ціханоўскай: «Мы гатовыя перагледзець рашэньне»


Свайн Тур Гульсэтэр
Свайн Тур Гульсэтэр

Сёньня ў Осла Сьвятлана Ціханоўская і генэральны дырэктар Yara Свайн-Тур Гульсэтэр правялі сустрэчу, на якой абмеркавалі правы чалавека, дэмакратыю і супрацоўніцтва нарвэскай кампаніі зь «Беларуськаліем»

Уражаньнямі ад сустрэчы падзялілася лідэрка беларускай апазыцыі Сьвятлана Ціханоўская:

«Yara — важны доўгачасовы партнэр для Беларусі. Аднак, улічваючы няспынны масавы тэрор рэжыму, мы лічым, што кампаніі Yara пара спыніць сваю дзейнасьць у Беларусі да таго часу, пакуль у нашай краіне ня будуць адноўленыя законнасьць і дэмакратыя, пакуль ня будуць безумоўна вызваленыя і рэабілітаваныя ўсе палітвязьні. На сёньняшняй сустрэчы з кіраўніцтвам Yara я падкрэсьліла, што мы будзем рады бачыць іх кампанію ў якасьці партнэра свабоднай і дэмакратычнай Беларусі ў будучыні».

Генэральны дырэктар Yara Свайн-Тур Гульсэтэр заявіў:

«На ўсіх нас моцна ўплываюць рэпрэсіі і парушэньні правоў чалавека ў Беларусі, сьведкамі якіх мы зьяўляемся. Мы пастаянна спрабуем выкарыстоўваць сваю прысутнасьць у Беларусі для гарантыі бясьпекі на прадпрыемстве і захаваньня правоў чалавека, працуем пры падтрымцы некалькіх праваабарончых арганізацыяў і незалежных прафсаюзаў.

Сёньняшняя сустрэча дала мне больш глыбокае ўяўленьне аб пазыцыі Сьвятланы Ціханоўскай, і мы дамовіліся, што можам быць больш актыўнымі і прадпрымаць далейшыя дзеяньні. Yara вырашыла перагледзець сытуацыю і да сьнежня прыняць рашэньне аб далейшай прысутнасьці ў Беларусі. Тым часам мы працягнем выкарыстоўваць сваё становішча для далейшага прасоўваньня пытаньня бясьпекі працоўных і правоў чалавека».

У інтэрвію тэлеканалу NRK напярэдадні сустрэчы Свайн Тур Гульсэтэр адзначыў, што цяпер Yara працягвае супрацоўніцтва, бо імкнецца не пакінуць беларускіх рабочых у бядзе, дбае аб тым, каб захоўваліся іх правы. Зь верасьня мінулага году Гульсэтэр двойчы быў у Беларусі, меў зносіны зь незалежным прафсаюзным рухам.

Замест адмовы ад закупу калійных угнаеньняў у Беларусі, чаго прасіў страйкам прадпрыемства, Yara вырашыла адправіць на «Беларуськалій» свайго прадстаўніка для маніторынгу сытуацыі. Раней у кампаніі заяўлялі, што разрыў пагадненьня з салігорскім прадпрыемствам будзе азначаць сыход зь Беларусі на доўгі час, а то і назаўсёды.

ААТ «Беларуськалій» падпала пад новыя санкцыі ЗША, падпісаныя 9 жніўня, як адно з найбуйнейшых дзяржаўных прадпрыемстваў Беларусі, адзін з найбуйнейшых сусьветных вытворцаў калійных угнаеньняў і, як лічыць амэрыканскі бок, «крыніца незаконнага ўзбагачэньня рэжыму», на чале якога стаіць Лукашэнка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG