Міжнародны валютны фонд (МВФ) абвясьціў, што прыпыняе доступ Афганістану да рэсурсаў фонду з прычыны «адсутнасьці яснасьці» ў пытаньні аб прызнаньні ўраду краіны, інфармуе «Голас Амэрыкі».
«Талібан» узяў пад кантроль Кабул у мінулыя выхадныя.
«Як і заўсёды, МВФ кіруецца меркаваньнем міжнароднай супольнасьці, — гаворыцца ў заяве прадстаўніка МВФ. — У цяперашні час у міжнароднай супольнасьці няма яснасьці адносна прызнаньня ўраду ў Афганістане, з прычыны чаго краіна ня можа атрымаць доступ да спэцыяльных правоў запазычаньня або іншых рэсурсаў МВФ».
МВФ пайшоў на гэты крок пасьля таго, як, паводле некаторых паведамленьняў, адміністрацыя Байдэна замарозіла рэзэрвы ўраду Афганістану ў амэрыканскіх банках, перакрыўшы «Талібану» доступ да мільярдаў даляраў.
Пакуль незразумела, ці будзе «Талібан» прызнаны міжнароднай супольнасьцю, хоць Кітай даў зразумець, што ён адкрыты для ўстанаўленьня афіцыйных адносін, стаўшы адной зь нямногіх краін, якія ня эвакуавалі свае амбасады, калі ўрад Афганістану паў.
Народнае антыкрызіснае кіраўніцтва такакама пераконвае дзяржавы, якія ўваходзяць у МВФ, заблякаваць трансфэр 950 мільёнаў даляраў крэдыту для Беларусі. Паводле кіраўніка НАК Паўла Латушкі, заблякаваньне сродкаў запускае цэлы ланцуг наступстваў, які можа прывесьці нават да абвяшчэньня дэфолту.
Раней у інтэрвію Свабодзе лідэр Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва расказаў, як гэта магчыма ажыцьцявіць і якія будуць палітычныя наступствы такога кроку.
Міжнародны валютны фонд разьмеркаваў дзяржавам-чальцам сумы адпаведна зь іх доляй у сусьветнай эканоміцы. Беларусі належыць 0,14%. Ня ўсе краіны ў МВФ падтрымліваюць агульнадэмакратычныя прынцыпы, таму палітыка ня мае ключавога значэньня ў прыняцьці такіх рашэньняў. Але Народнае антыкрызіснае кіраўніцтва спрабуе пераканаць краіны – сябры МВФ, што ўпаўнаважаны прадстаўнік Беларусі з гледзішча права прадстаўляе нелегальную ўладу, а гэта, на думку НАК, робіць немагчымым пералічэньне грошай у Беларусь.