Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея забараніла ўезд грамадзяніну Казахстана, які патрабуе ад суайчыньнікаў-расейцаў размаўляць па-казаску ў грамадзкіх установах


Кніга-шпаргалка Сансызбая Муканава «Нақ, нақ, тақ, тақ» для тых, хто дрэнна ведае казаскую мову
Кніга-шпаргалка Сансызбая Муканава «Нақ, нақ, тақ, тақ» для тых, хто дрэнна ведае казаскую мову

У Расеі лічаць відэазапісы распальваньнем варажнечы, стваральнік каналу настойвае на тым, што ўсе грамадзяне Казахстану, незалежна ад паходжаньня, мусяць валодаць казаскай мовай.

МУС Расеі забараніла на 50 гадоў уяжджаць у краіну грамадзяніну Казахстана Куату Ахметаву. Ён, як гаворыцца ў тлумачэньні ведамства, «дапусьціў публічныя выказваньні, якія распальваюць міжнацыянальную варажнечу», піша «Настоящее время».

Ахметаў адкрыў YouTube-канал «Til Maydani онлайн партиясы», дзе публікаваліся відэа з патрабаваньнямі, каб прадаўцы-расейцы ў Казахстане размаўлялі з пакупнікамі на казаскай мове.

Першы намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Казахстану Даўрэн Абаеў назваў такія ролікі «пячорным нацыяналізмам» і паабяцаў, што праваахоўныя органы «дадуць ім прававую ацэнку». Правесьці праверку таксама запатрабавалі дэпутаты Дзяржаўнай думы Расеі: там заявілі пра «дыскрымінацыю» расейцаў як нацыянальнай меншасьці.

Сьпікер Дзярждумы Расеі Вячаслаў Валодзін таксама даручыў профільнаму камітэту парлямэнту Расеі расьсьледаваць аналягічны выпадак, які адбыўся ў Кіргізстане. Там жыхар Бішкеку ў дзіцячым забаўляльным цэнтры запатрабаваў ад супрацоўніцы размаўляць зь ім на кіргіскай мове і кінуў у яе калькулятар. Яму таксама забаранілі ўяжджаць у Расею тэрмінам на 10 гадоў.

У той жа момант канал набірае падпісантаў, яго аўдыторыя складае звыш 19 тысяч чалавек і працягвае расьці. Відэазапісы, на якіх патрабуюць ад усіх грамадзян Казахстану выконваць Канстытуцыю краіны і размаўляць у грамадзкіх установах на дзяржаўнай казаскай мове, зьбіраюць шматлікія ўхвальныя камэнтары і просьбы працягваць настойваць на далейшай папулярызацыі казаскай мовы.

У апошнія гады ў Казахстане абвастрыліся спрэчкі вакол моўнай сытуацыі. У 2018 годзе тагачасны прэзыдэнт краіны Нурсултан Назарбаеў загадаў прыбраць расейскую мову з банкнотаў нацыянальнай валюты тэнге, а неўзабаве краіна зьмяніла і герб, паколькі перайшла з кірылічнага правапісу на лацінскі.

Паводле дадзеных міністра спорту Казахстана Арыстанбека Мухамэдзіўлы, у 2018 годзе казаскай мовай валодалі толькі 83% грамадзян краіны. Пры гэтым расейскую ведаюць звыш 94%. Паводле пляну ўраду краіны, распрацаванага ў 2010 годзе, казаскую мову да 2020 году павінны былі ведаць 95% уладальнікаў пашпартоў Казахстану.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG