Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская мова і дзяржаўная моўная палітыка: выглядаем як тыповая аўтаномія РФ


Альберт Разін перад самаспаленьнем у знак пратэсту супраць дыскрымінацыі ўдмурцкай мовы. Іжэўск, 10 верасьня 2019 г.
Альберт Разін перад самаспаленьнем у знак пратэсту супраць дыскрымінацыі ўдмурцкай мовы. Іжэўск, 10 верасьня 2019 г.

Сьцісла:

  • У 1995 годзе ў беларускае мовы забралі статус адзінай дзяржаўнай.
  • З 1999 па 2009 гады колькасьць жыхароў Беларусі, якія назвалі беларускую мову роднай, упала на 20%, а якія назвалі яе „хатняй“ — на 15%.
  • У 2009 годзе беларуская мова ў Атлясе моваў сьвету ў небясьпецы UNESCO (1-я ступень пагрозы).
  • Беларуская мова адзіная сярод тытульных моваў дзяржаваў постсавецкай прасторы, якой пагражае зьнікненьне.
  • Беларусь — адзіная незалежная дзяржава на тэрыторыі былога СССР зь „дзяржаўным двумоўем“.
  • Дзяржаўныя мовы іншых незалежных „постсавецкіх“ краін пашыраюць свае функцыі, расьце колькасьць людзей, якія імі валодаюць, прызнаюць роднымі, карыстаюцца.
  • Але імкліва падае колькасьць тых, хто валодае і карыстаецца мовамі тытульных народаў расейскіх аўтаноміяў. Там прынамсі па дзьве дзяржаўныя мовы.
  • Навіны пра моўную палітыку ў аўтаноміях РФ нярадасныя: пратэстуючы супраць моўнай дыскрымінацыі, удмурцкі навуковец спальвае сябе; судзьдзя называе „цыркам“ зварот актывіста на мове комі...
  • Стратэгія ратаваньня беларускае мовы павінна прадугледжваць вяртаньне ёй статусу адзінай дзяржаўнай. Калі гэтага няма — пляны марныя. Будзе як ва Ўдмуртыі.

Беларуская мова як родная. Сінім — этнічныя беларусы, чырвоным — усё насельніцтва. Паводле перапісаў
Беларуская мова як родная. Сінім — этнічныя беларусы, чырвоным — усё насельніцтва. Паводле перапісаў

У 1995 годзе ў беларускае мовы забралі статус адзінай дзяржаўнай. У якой групе моваў рэгіёну яна апынулася за 26 гадоў? Ці разам з украінскай, эстонскай, казаскай? Не, яна разам з удмурцкай, башкірскай і комі — у трывожным сьпісе UNESCO. Лічбы і дыяграмы паказваюць: гэта вынік „дзяржаўнага двумоўя“.

Навіны пра моўную палітыку ў аўтаноміях РФ нярадасныя: пратэстуючы супраць моўнай дыскрымінацыі, удмурцкі навуковец спальвае сябе; судзьдзя называе „цыркам“ зварот актывіста на мове комі... А ці ў нас сытуацыя інакшая?

26 гадоў таму разварот палітычнага курсу афіцыйнага Менску пачаўся менавіта з моўнага пытаньня. Яно было ў бюлетэні рэфэрэндуму 1995 году, які бальшыня незалежных юрыстаў лічыць супярэчным Канстытуцыі і заканадаўству. Быў скасаваны статус беларускае мовы як адзінай дзяржаўнай, у якім яна пабыла ўсяго пяць гадоў. Гэта паслужыла грунтам для аднаўленьня дыскрымінацыі беларускамоўных, для выцісканьня беларускае мовы з бальшыні дзяржаўных і сацыяльных сфэраў ужытку.

З агаворкамі, але больш-менш надзейнаю крыніцаю інфармацыі пра моўную ідэнтычнасьці беларусаў застаюцца перапісы 1989 (яшчэ СССР), 1999 і 2009 гадоў. (Перапіс 2019 году лічыць такой крыніцай не магу, надта шмат у яго моўных лічбах дзіўных непасьлядоўнасьцяў. Напр., ува ўсіх раёнах Берасьцейскай вобласьці людзей з роднай беларускай мовай стала больш, а ў раёнах усіх іншых абласьцей — менш, прычым значна).

Пасьля непрацяглага росту беларускамоўнай ідэнтычнасьці (была ж і кароткая эпоха «беларусізацыі» 20-х гадоў у БССР) надалей у савецкі час ішоў яе няўхільны, хоць і павольны, спад — па 3–6% кожныя дзесяць год. Тэндэнцыя пераламілася, як толькі беларуская мова стала адзінаю дзяржаўнаю і Беларусь аднавіла незалежнасьць.

У 1999 годзе 73,7% грамадзянаў назвалі беларускую мову роднай (ясна, што 1999 год — зусім не 1993, але моўна-каштоўнасны выбар людзей мае пэўную інэрцыю).

Беларуская мова як родная. Дыяграма паводле перапісаў
Беларуская мова як родная. Дыяграма паводле перапісаў

А паводле апошняга перапісу (2009 год) працэнт жыхароў, якія лічаць беларускую мову роднаю, упаў з 73,7% да 53,2%. Адсотак этнічных беларусаў, якія лічаць роднаю мову свайго народу, абваліўся з 85,6% да 60%. Зразумела, на карысьць расейскае.

Гэта сапраўдны абвал. І калі рэзкае падзеньне колькасьці тых, хто лічыць беларускую мову роднаю, можна часткова патлумачыць зьменаю фармулёўкі пытаньня (у 2009 годзе „родную мову“ патлумачылі як „першую засвоеную“), то спад на 15% рэйтынгу беларускае мовы як „хатняй“ вынікае з агульнай моўнай атмасфэры ў краіне.

Беларуская як „хатняя мова“. Паводле зьвестак перапісаў
Беларуская як „хатняя мова“. Паводле зьвестак перапісаў

Паводле афіцыйных зьвестак, у 2009 годзе дома звычайна размаўлялі па-беларуску толькі 23,4% (сярод этнічных беларусаў — 26,1%). У параўнаньні з 1999 годам спад на 15,2% у беларусаў паводле нацыянальнасьці і на 13,3% ува ўсіх жыхароў. Тут ужо прычына не ў фармулёўцы.

Паводле крытэраў UNESCO, крытычны парог самаўзнаўленьня для мовы — 30% практычных носьбітаў.Адпаведна ў 2009 годзе беларуская мова трапіла ў Атляс моваў сьвету ў небясьпецы UNESCO ўстане vulnerable (аслабленай, уразьлівай).

Гэта „белая“ ступень небясьпекі, першая зь пяці прыступак уніз – да поўнага зьнішчэньня мовы:

Ступені пагрозы для моваў паводле UNESCO
Ступені пагрозы для моваў паводле UNESCO

Белая —​ аслабленая, уразьлівая
Жоўтая — ​пад выразнаю пагрозаю
Аранжавая
—​ пад сур’ёзнаю пагрозаю
Чырвоная
—​ пад крытычнаю пагрозаю
Чорная
—​ вымерла

Беларусы —​ адзіны зь дзяржаватворчых народаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, а таксама постсавецкай прасторы, чыёй нацыянальнай мове пагражае небясьпека зьнікненьня.

Пры гэтым Беларусь — адзіная незалежная дзяржава на тэрыторыі былога СССР, у якой мова тытульнае нацыі ня мае статусу адзінай дзяржаўнай, а дзеліць яго з расейскаю моваю.

Ці ёсьць залежнасьць першага факту ад другога? Зьвернемся да лічбаў, якія апісваюць моўную сытуацыю на постсавецкіх абшарах.

Я раней ня раз пісаў, што радыкальная й хуткая (20–25% за дзесяць гадоў) зьмена моўнай ідэнтычнасьці — беспрэцэдэнтная для моўных сытуацыяў у сьвеце. Пагатоў для «маладой дзяржавы», у якой, здавалася б, мусіць мацавацца нацыянальна-культурная тоеснасьць.

Сапраўды, сярод моваў дзяржаватворчых народаў гэта нешта надзвычайнае. Але беларускую дынаміку вельмі нагадвае моўнае становішча ў аўтаноміях Расейскай Фэдэрацыі.

Для супастаўленьня я падабраў вынікі перапісаў ці анкетаваньняў, якія ахопліваюць 1-е дзесяцігодзьдзе гэтага стагодзьдзя. Моўныя пытаньні неаднолькавыя, але пра тэндэнцыі даюць уяўленьне.

Пачну зь незалежных дзяржаваў — з найбліжэйшай нам з моўна-сацыялінгвістычнага гледзішча Ўкраіны і з Казахстану, дзе моўная сытуацыя ў савецкі час была асабліва неспрыяльная для тытульнай мовы.

Украіна

У незалежнай Украіне адна дзяржаўная мова — украінская.

Агульнанацыянальны перапіс быў толькі ў 2001 годзе. 67,5% жыхароў назвалі роднаю ўкраінскую мову (што на 2,8% больш, чым у 1989). Але для больш-менш карэктнага супастаўленьня моўных працэсаў у першым дзесяцігодзьдзі ХХІ стагодзьдзя я скарыстаў вынікі штогадовых дасьледаваньняў Інстытуту сацыялёгіі НАН Украіны.

Украінская як родная і хатняя мова паводле сацыялягічных апытаньняў
Украінская як родная і хатняя мова паводле сацыялягічных апытаньняў

Як бачым, украінская мова ўмацоўвае пазыцыі нават у прыватным ужытку. Стабільна расьце і перакананасьць украінцаў у тым, што заканадаўчы статус украінскае мовы нельга мяняць. Паводле апытаньня фонду „Демократичні ініціативи“ і Цэнтру Разумкова, у 2020 годзе бальшыня ўкраінцаў (66%) пагаджалася, што расейская мова ва Ўкраіне можа вольна выкарыстоўвацца ў прыватным жыцьці, але адзінаю дзяржаўнаю моваю мае быць украінская.

Казахстан

І ў Рэспубліцы Казахстане, насуперак пашыранай аблудзе, адна дзяржаўная мова — тытульнай нацыі. Расейская мова там мае статус так званай „афіцыйнай“ — г. зн. дзяржаўныя органы і мясцовыя самакіраваньні могуць яе выкарыстоўваць. Н. Назарбаеў заклікаў быў жыхароў краіны валодаць трыма мовамі — г. зн. яшчэ і ангельскаю. Але канстытуцыйнае вяршэнства і дзяржаўная падтрымка застаюцца за казаскаю.

У апошнія гады СССР казахі ў Казахстане не складалі бальшыні. Расейцаў было 36,6% жыхарства (плюс іншыя расейскамоўныя — беларусы, немцы і г.д.), яны практычна не валодалі казаскаю моваю. Але ўжо ў 1999 годзе ёю авалодалі 15% этнічных расейцаў, адначасова скарачалася іх абсалютная і адносная колькасьць у краіне.

Казаская мова: валоданьне паводле перапісаў
Казаская мова: валоданьне паводле перапісаў

Што да казахаў, то яны заўсёды практычна ўсе валодалі сваёю этнічнаю моваю. Да таго ж іх колькасьць і доля ў Казахстане стабільна расьце — і дзякуючы нараджальнасьці, і ў выніку адмысловай праграмы вяртаньня оралманаў (оралмандар, цяпер іх завуць қандастар) — казахаў-рэпатрыянтаў з суседніх краін. Яны вяртаюцца на этнічную радзіму, сярод іншага, з Кітаю і Манголіі, і не валодаюць расейскаю. І дзяржаўнаму чыноўніку або бізнэсу ўжо абысьціся адною расейскаю моваю немагчыма. Дыяграма сьведчыць, што ўпэўнены прырост працэнту валоданьня казаскаю моваю забясьпечаны і зьменай прапорцыі асноўных нацыянальных групаў, і ростам казахамоўнасьці сярод этнічных неказахаў.

У пачатку 1990-х 30% школаў былі з казаскаю моваю навучаньня. У 2016-м такіх ужо 70%. Каля паловы студэнтаў ВНУ вучацца па-казаску.

Эстонія

Прадказальна ў гэтай краіне зь яе моцным гістарычным стрыжнем у выглядзе міжваеннай незалежнай дзяржаўнасьці эстонская мова мае моцныя пазыцыі. Галоўны выклік — вялікі працэнт этнічных расейцаў і так званых расейскамоўных, чые продкі або яны самі прыехалі ў Эстонію пад савецкай уладай. Але паказьнік эстонскай мовы як роднай у краіне трымаецца на высокім роўні і прырастае (хай сабе нязначна): з 2000 па 2011 год з 67,28% да 68,54%.

У 2013 годзе завершыўся пераход вышэйшай адукацыі на эстонскую мову (92% студэнтаў), прытым што ёсьць нямала курсаў па-ангельску, ёсьць і некалькі расейскіх.

У кожнай незалежнай краіне на тэрыторыі былога СССР моўная сытуацыя мае асаблівасьці. Але ўсюды адсотак жыхароў, якія лічаць роднаю мову дзяржаваўтваральнага народу (яна ж адзіная дзяржаўная), якія валодаюць ёю, стабільна расьце, а ня падае.

А што ж у аўтаноміях РФ?

Башкартастан

З 1999 году башкірская мова ў аўтаноміі мае статус дзяржаўнай поруч з расейскаю. Дзейнічае і ўзнаўляецца дзяржаўная праграма захаваньня, вывучэньня і разьвіцьця моваў народаў аўтаноміі (праўда, як пішуць башкірскія аўтары, штораз зь меншым бюджэтам).

у 2002 годзе 25,75%, а ў 2010 годзе ўжо толькі 23,4% насельніцтва рэспублікі валодала башкірскай мовай, прытым што 75,2% этнічных башкіраў назвалі башкірскую мову роднай. Але ў 2018–2019 навучальным годзе башкірскую мову вывучалі як родную толькі 15,6% вучняў. За апошнія 25 гадоў у школах доля дзяцей-башкіраў, якія вучыліся на роднай мове, зьменшылася ў 1,4 раза. У наяўнасьці катастрафічная неадпаведнасьць нацыянальнасьці і выбару роднай мовы для вывучэньня ў башкіраў“, піша башкірскі акадэмічны навуковец Тымур Мухтараў.

Удмуртыя

Удмурты — пяты паводле колькасьці фіна-вугорскі народ сьвету. У савецкі час доля ўдмуртаў, якія называлі роднай удмурцкую мову, стабільна зьмяншалася на 4-5% што дзесяць гадоў. А ў ХХІ стагодзьдзі наступіў вядомы і ў Беларусі абвал: у 2010 годзе толькі 65% удмуртаў у самой Удмуртыі назвалі роднаю мову свайго народу. Доля ўдмуртаў ва Ўдмуртыі, якія валодаюць этнічнай мовай, упала за 8 гадоў на 31%.

Валоданьне ўдмурцкай мовай паводле перапісаў
Валоданьне ўдмурцкай мовай паводле перапісаў

Школ з выкладаньнем па-ўдмурцку няма. У Іжэўску ёсьць „нацыянальная“ гімназія імя Кузебая Герда, дзе ўдмурцкая мова выкладаецца як прадмет. Паводле Атлясу моваў сьвету ў небясьпецы UNESCO, удмурцкая апусьцілася на другую ступень пагрозы існаваньню — „жоўтую“: definitely endangered. 10 верасьня 2019 году вучоны Альберт Разін спаліў сябе перад урадавым будынкам у Іжэўску, пратэстуючы супраць дыскрымінацыі ўдмурцкай мовы.

Комі

У Законе аб дзяржаўных мовах Рэспублікі Комі гэты статус нададзены комі і расейскай мове.

Сярод фіна-вугорскіх аўтаноміяў РФ тытульны народ складае найменшы працэнт: 22,5% (у 1926 годзе гэты паказьнік быў 92,2%). У 1959 годзе лічылі роднай сваю этнічную мову 93,7% комі, у 1970 — 86,7%, у 1979 — 80%, а ў 2010 годзе ўжо толькі 62,8% комі.

Валоданьне мовай комі паводле перапісаў
Валоданьне мовай комі паводле перапісаў

Мова комі найлепей сярод фіна-вугорскіх моваў Расеі забясьпечана інтэрнэт-рэсурсамі (электронныя слоўнікі, тэлепраграмы ў сеціве і г.д. — не без дапамогі Фінляндыі, Эстоніі, Вугоршчыны). І ўсё ж яна — на другой ступені пагрозы існаваньню паводле UNESCO.

Канкураваць з расейскай мовай, фармальна будучы зь ёю ў роўным статусе, мова комі ня можа, дакладней, ёй не даюць. Судзьдзя ня толькі не перайшла на комі на просьбу ўдзельніка працэсу актывіста Аляксея Іванова, а яшчэ і абазвала ягонае маўленьне на комі „цыркам“, дамагалася адказу, ці ён вучыўся ў „рускай“ школе. Хіба не нагадвае да болю гэтая сцэна мноства такіх самых выпадкаў у Беларусі?

Аляксей Іваноў, актывіст комі
Аляксей Іваноў, актывіст комі

(Праўда, урэшце судзьдзя пагадзілася адкласьці працэс і забясьпечыць яўку перакладніка за дзяржаўны кошт, што ў нас бывае далёка не заўсёды…)

А хіба гэтае выказваньне Аляксея Іванова нічога не нагадвае беларусам?

Дэкляратыўна толькі падтрымліваецца мова, для карэннага насельніцтва нічога канкрэтнага ня робіцца. Ёсьць толькі культурныя мерапрыемствы, песьні і танцы пад гармонікі, і ўсё. Канкрэтна для падтрымкі і разьвіцьця мовы ўмоваў няма.

Заняпад, які відаць на дыяграмах, перажываюць усе мовы нерасейскіх народаў Расейскай Фэдэрацыі. Зьмены ў фэдэральным законе „Аб мовах“ ад 2018 году, якія зрабілі вывучэньне нацыянальных моваў неабавязковым, таксама нічога добрага для іх не нясуць. Не ратуе нават моўны кансэрватызм горцаў і моцнае пачуцьцё ідэнтычнасьці традыцыйна ісламскіх нацыянальных супольнасьцяў.

Трымаецца толькі Татарстан, але...

Гэта вынікае і з атлясу UNESCO: пад пагрозай зьнікненьня ў РФ 131 мова. Акрамя расейскай, там жыцьцядзейная (пакуль?) толькі татарская. Кіраўніцтва Татарстану пад ціскам грамадзтва рабіла рэальныя захады для зьберажэньня мовы, у першую чаргу ў адукацыі і публічнай прасторы.

Валоданьне татарскай мовай у Расеі паводле перапісаў
Валоданьне татарскай мовай у Расеі паводле перапісаў

І ўсё ж і там няпэўнасьць. У 2002 годзе 53,3% жыхароў Татарстану валодалі татарскаю моваю, а ў 2010-м — 51,9%. Этнічныя татары трымаюцца моўнай ідэнтычнасьці. Але спад будзе працягвацца, бо людзі, якія не належаць да татарскага этнасу, ня маюць матывацыі ані вывучаць татарскую мову, ані пагатоў лічыць яе роднаю. Адпаведна татары па-за межамі аўтаноміі імкліва трацяць родную мову (як і беларускія мяншыні па-за межамі Рэспублікі Беларусі, і новыя дыяспары).

Параўнайма Татарстан зь Беларусьсю.

У Казані 235 школаў. Зь іх 12 татарскіх (што складае 5,1%) і 29 так званых расейска-татарскіх (актывісты кажуць, што фактычна толькі адна школа цалкам і рэальна татарскамоўная, але афіцыйныя лічбы такія).

Дык вось у Менску — горш! У 2018/19 навучальным годзе 5 гімназіяў і 2 школы фармальна лічыліся беларускамоўнымі. Гэта 2,8% ад 247 сярэдніх навучальных установаў сталіцы. (Плюс у 10 школах — асобныя беларускія клясы.) Пры гэтым беларускую мову назвалі роднаю 35,2%, а моваю хатняга ўжытку 5,77% (паводле перапісу 2009 году; у 2019 годзе апошняя лічба склала нават 34,1%). Ці не пра нас словы Т. Мухтарава пра „катастрафічную неадпаведнасьць нацыянальнасьці і выбару роднай мовы“?

Яшчэ прыклад. Сярод 33 FM-станцыяў Казані 4 перадаюць па-татарску. У Менску з 24 станцыяў па-беларуску працуюць дзьве, а 1-я праграма дзяржаўнага радыё — часткова. Што ж, мы выглядаем як расейская аўтаномія, прычым ня самая пасьпяховая ў справе зьберажэньня статусу сваёй этнічнай мовы.

Да ўдмурцкай трагедыі — ахвяры жыцьцём у знак пратэсту супраць зьнішчэньня будучыні роднае мовы — у нас пакуль не дайшло. Але беларуская мова паводле дынамікі ўжываньня, валоданьня, ідэнтыфікацыі зь ёю — у адной групе не зь дзяржаўнымі мовамі незалежных краін, а з мовамі народаў расейскіх аўтаноміяў. Як і яны, беларуская мова ў пачатку працэсу зьнікненьня, што суха зафіксавала ААН. Гэта жорсткая праўда пра тое, куды нас ужо прывяло „дзяржаўнае двумоўе“.

Сур’ёзная стратэгія, скіраваная на ўратаваньне будучыні нашай мовы, павінна мець пункт „Вяртаньне беларускай мове статусу адзінай дзяржаўнай“. Калі яго няма — усе пляны, усе заклікі любіць беларускую мову застаюцца марнымі. Будзе як ва Ўдмуртыі.

«Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам» — аўтарская рубрыка, дзе ацэнкі і меркаваньні не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG