Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ёсіф Сярэдзіч прапанаваў сябе ў якасьці пасярэдніка ў перамовах улады з грамадзтвам


Галоўны рэдактар «Народнай Волі» Ёсіф Сярэдзіч.
Галоўны рэдактар «Народнай Волі» Ёсіф Сярэдзіч.

Незалежныя беларускія выданьні не запрасілі на прэсавую канфэрэнцыю да Лукашэнкі. Галоўны рэдактар «Народнай волі» Ёсіф Сярэдзіч, які бываў на аналягічных сустрэчах з Лукашэнкам раней, гэтым разам таксама застаўся без акрэдытацыі. Але ён падрыхтаваў накіды для свайго выступу, які не адбыўся.

Цалкам з тэзамі Ёсіфа Сярэдзіча можна пазнаёміцца на сайце nv-online.info. Свабода дае асноўныя тэзісы.

Пра вытокі палітычнага крызісу

Мабыць, ніхто не стане адмаўляць, што палітычны крызіс «мёртвай хваткай» схапіў за горла ўсю краіну. Калі б мне гадоў пяць таму нехта сказаў, што цягам кароткага часу 40 тысяч беларусаў пройдуць праз затрыманьні, СІЗА, турмы, а некаторыя загінуць на барыкадах, плюнуў бы ў вочы. Але ж такая трагічная рэальнасьць. І гэта не ў Сярэднявеччы, а ў XXI стагодзьдзі і ў цэнтры Эўропы!

Чаму летась 9 жніўня тысячы людзей у розных гарадах і нават у невялікіх пасёлках выйшлі на вуліцы? Што стала галоўнай прычынай масавага пратэсту? Афіцыйная прапаганда цэлы год кругласутачна забівае ў галовы беларусаў адну думку: каб не заакіянскія янкі, не эўрапейскія лялькаводы, не нашы дамарослыя яйкагаловыя, ніякіх пратэставых акцый не было б. Вонкавыя і ўнутраныя ворагі хацелі зладзіць у Беларусі пераварот, але ім гэтага не ўдалося.

Аналітыкі, палітолягі па костачках расклалі кожнае галаслоўнае сьцьвярджэньне. Давайце зірнем праўдзе ў вочы: калі б прэзыдэнцкія выбары прайшлі сумленна, без шматлікіх фальсыфікацый, электарат не ўзбудзілі б ніякія заакіянскія і эўрапейскія ворагі, ніякія дэструктыўныя сайты і тэлеграм-каналы.

Тое, што 9 жніўня была высокая актыўнасьць выбарнікаў, — факт відавочны. Я сам прастаяў у чарзе дзьве гадзіны, каб атрымаць бюлетэнь. Побач былі людзі прыкладна майго ўзросту, большасьць зь якіх відавочна не ў ладах з кампутарам, планшэтам, смартфонам. Можна, вядома, гаварыць, што палены ў агонь падкідалі пэўныя сілы з-за мяжы. Але ў любым выпадку ніхто не адмяняў патрабаваньняў Канстытуцыі, Выбарчага кодэксу наконт таго, як мусяць праходзіць выбары.

Пра неабходнасьць круглага стала

Беларусь перажывае надзвычай складаныя часы. Сацыяльна-палітычнае становішча такое, што як ніколі патрабуе кансалідацыі ўсіх сіл грамадзтва. Яшчэ 3-4 гады таму я з самых высокіх трыбун прапаноўваў арганізаваць Агульнанацыянальная круглы стол. Тады вы, Аляксандар Рыгоравіч, пры сустрэчы з вока на вока прапанавалі мне пісьмова выкласьці канцэпцыю пошуку рашэньняў у спрэчных пытаньнях на аснове кампрамісу і дзелавога канструктывізму, якія грунтуюцца на прыярытэце нацыянальных інтарэсаў.

Такі дакумэнт я падрыхтаваў і перадаў асабіста праз вашага прэс-сакратара. Больш за тое, празь некалькі тыдняў паслаў дадатак. На жаль, адказу не атрымаў, мае намаганьні аказаліся бясплённымі. Прапаную вярнуцца да гэтага архіважнага пытаньня. Толькі сёньня вылучаюцца абсалютна новыя ўмовы.

Пра палітвязьняў

Нельга садзіцца ні за круглы, ні за квадратны стол, пакуль у турмах заточаныя сотні апанэнтаў улады. Я ня маю на ўвазе тых, хто, магчыма, зь нейкай прычыны стаў на тэрарыстычны шлях. За калючым дротам нямала людзей, якія праявілі ў мірных формах сваю грамадзянскую актыўнасьць, адстойваючы законнасьць і справядлівасьць. Калі яны і вінаватыя ў нейкіх парушэньнях правапарадку, то нельга пакідаць без высьвятленьня тыя абставіны, якія папярэднічалі гэтаму, трэба шукаць адказ на пытаньне, што справакавала іх на такія дзеяньні. У любым выпадку краіна, у якой турмы перапоўненыя нязгоднымі з палітыкай уладаў, — гэта нонсэнс. Калі ісьці такім шляхам, Беларусь ператворыцца ў суцэльны канцлягер. Пакуль ня позна, трэба стаць на іншы шлях.

Агульнанацыянальны круглы стол — гэта адмова ад радыкальнай мэтадалёгіі палітычных паводзінаў усіх суб’ектаў перамоўнага працэсу, імкненьне да збліжэньня пазыцый на аснове базавых каштоўнасьцяў: абароны сувэрэнітэту і незалежнасьці краіны, захаваньня нацыянальнай ідэнтычнасьці, сацыяльна-палітычнай стабільнасьці. Пры агульнай зацікаўленасьці ў прасоўваньні дэмакратычнага ўладкаваньня дзяржавы трэба агульнымі намаганьнямі шукаць найбольш прымальныя варыянты ўдасканаленьня выбарчай сыстэмы, выпрацоўкі новых мэханізмаў абароны правоў чалавека, рэгуляваньня балянсу галін улады і г.д.

Пра гатоўнасьць стаць пасярэднікам на перамовах

Я прапаную і ўладзе, і апазыцыі свае асабістыя паслугі ў выглядзе парлямэнтарскіх крокаў. За маімі плячыма вялікі жыцьцёвы досьвед, я знаёмы практычна з усімі найважнейшымі фігурантамі як з аднаго боку барыкадаў, так і з другога. І гатовы прыкласьці ўсе намаганьні дзеля таго, каб дыялёг стаў рэальным ужо ў найбліжэйшай пэрспэктыве. Маё крэда — мір і спакой у краіне, трэба як мага хутчэй пагасіць палітычны крызіс, аднавіць ранейшы прэстыж Беларусі на міжнароднай арэне. І тут на першы план вылучаецца неабходнасьць правядзеньня новых прэзыдэнцкіх выбараў з захаваньнем дэмакратычных працэдураў.

Пра катаваньні ў турмах

Маё сэрца кожны раз разрываецца ад інфармацыі аб катаваньнях, якія ладзяць служакі ў тых жа СІЗА. Ну чаму, скажыце, у камэру на 4 месцы трэба запхнуць 12, а то і 15 чалавек? Калі для тых, каго праваабаронцы называюць палітычнымі вязьнямі, у тым жа Акрэсціна не хапае пасьцельных рэчаў, то дазвольце браць іх з дому. А ці можна чалавека тыднямі трымаць пад замком без магчымасьці хоць раз у некалькі дзён пастаяць пад душам, памяняць бялізну? А што значыць пазбавіць права штодзённай 30-хвіліннай прагулкі на адкрытым паветры ў дворыку, хай нават памерам пяць на пяць мэтраў?

Навошта ганьбіць краіну на ўвесь белы сьвет? Калі гэтага не разумее той жа начальнік СІЗА, яму што, нельга знайсьці замену? А калі ладзіць катаваньні яго змушаюць вышэйшыя начальнікі, то і ад іх трэба пазбаўляцца. А калі хто-небудзь думае, што такімі жорсткімі, садысцкімі мэтадамі абыходжаньня зь людзьмі, віна многіх зь якіх яшчэ нават не даказаная, можна аднавіць у краіне мір і спакой, то ён ня проста памыляецца, а сам становіцца злачынцам.

Пра дыскрэдытацыю судовай сыстэмы

Цяперашняя судовая сыстэма краіны не вытрымлівае аніякай крытыкі. Здаецца, спэцыяльна кімсьці пастаўлена задача ўтапіць яе ў поўнай дыскрэдытацыі, каб грамадзяне, вымушаныя пераступаць парог судоў, ішлі, як на эшафот. Ці можна адпраўляць чалавека ў душагубку на Акрэсьціна за тое, што ён выйшаў на вуліцу ў шкарпэтках зь бел-чырвона-белым малюнкам? А караць велізарным штрафам абяздоленую пэнсіянэрку за тое, што быццам участковы заўважыў на акне яе кватэры белую папяровую палоску? А за што 15 сутак выпускніцы БДУ, якая на ўручэньні дыплёмаў падзякавала выкладчыкам, якія заслужылі павагу студэнтаў?

Чаму не даражаць сваім гонарам тыя, хто кінуў на ганьбішча гэтых маладых хлопцаў і дзяўчат у мантыях? Дзясяткі пытаньняў застаюцца без адказу, калі аналізуеш функцыянаваньне цяперашняй судовай сыстэмы. Гэта ж можна сказаць і пра іншыя праваахоўныя органы. Даўным-даўно насьпела неабходнасьць рэфармаваньня ўсяго сілавога блёку.

Пра дзяржаўную прапаганду

Навошта дзяржаўнай прапагандзе нагнятаць псыхоз, што вакол нас суцэльныя ворагі? Каб адцягнуць электарат ад сапраўды гарачых праблем? Але ж сёньня не той час, каб дэмагогіяй і нават уяўнымі пагрозамі пераканаць сур’ёзную публіку, што мы сьвятыя, а на нашу сьвятасьць замахваюцца «з-за бугра». Каб Захад па-сапраўднаму ўмяшаўся, тут усе гэта адчулі б.

Працытую былога памочніка прэзыдэнта, экс-міністра прадпрымальніцтва і інвэстыцый Аляксандра Сазонава:

«З боку ўлады ідзе падмена паняцьцяў, выкарыстоўваецца клясычны дэмагагічны прыём — зьнешнія і ўнутраныя ворагі. Ня ведаю, расейскія ідэолягі падкідваюць такія ідэі або нашы дамарослыя. Лукашэнка казаў: маўляў, я не за ўладу трымаюся, а за краіну перажываю, якую парвуць на кавалкі. Дык а што тады мы за краіну пабудавалі, калі, акрамя Лукашэнкі, ва ўсёй велізарнай вэртыкалі няма ніводнага чалавека, здольнага ўтрымаць краіну? Што ж гэта за ўлада, якая трымаецца на адным чалавеку?»

Дарэчы, адказ тым, хто ў ідэалягічным запале засьмечвае людзям мазгі, што Польшча сьпіць і думае, як адхапіць у нас Горадню, аднавіць мяжу да 1939 году. Як той казаў, трызьненьне сівой кабылы. Вось што сказаў на гэты конт дэпутат Эўрапарлямэнту, экс-міністар замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі:

«Калі хтосьці кажа, што ў Польшчы, нават у гэтага ўраду, ёсьць тэрытарыяльныя прэтэнзіі да Беларусі, то гэта поўная лухта. Гэта праца расейскіх агентаў уплыву, якія рэтрансьлююць такія рэчы. А яны гэта робяць выключна дзеля таго, каб пазьней цытаваць гэта ў расейскіх ці беларускіх СМІ».

У мяне ёсьць факт, калі на самым высокім узроўні мне было сказана: венікам трэба вымятаць расейскіх шпіёнаў, якія прывольна расхаджваюць па калідорах КДБ. Дык мо ня станем ускладняць адносіны з Варшавай, а патурбуемся аб тым, каб не прамаргаць пагрозу з боку Масквы?

Пра пазыцыю «Народнай волі»

Можна пра што заўгодна казаць, але нельга забываць аб адным: мы не на бязьлюдным востраве, а ў цэнтры Эўропы. І неабходна знаходзіць паразуменьне як з суседнімі краінамі, так і з больш далёкімі. І гэтаму павінны ў поўнай меры садзейнічаць сродкі масавай інфармацыі.

Мне ня сорамна за пазыцыю, якую займае «Народная воля». Адстойваючы дэмакратычныя прынцыпы, яна далёкая ад ашалелай прапаганды, убіваньня кліна ў міждзяржаўныя, міжнацыянальныя адносіны. Наша місія — даваць людзям праўдзівую інфармацыю, усебакова аналізаваць падзеі, не выключаючы плюралізму думак. Прафэсіяналізм, памножаны на адказнасьць перад законам, дазволіў нам на працягу 8 гадоў ня мець ніводнага папярэджаньня ні ад Міністэрства інфармацыі, ні ад Генэральнай пракуратуры, ні ад Камітэту дзяржбясьпекі, ні ад Міністэрства юстыцыі.

І мне абсалютна незразумела, чаму раптам перад «Народнай воляй» апусьціўся шлягбаўм — ад канца жніўня 2020 году газэту не бярэ для тыражаваньня друкарня выдавецтва «Беларускі Дом друку», якая знаходзіцца ў падпарадкаваньні Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта. Афіцыйны адказ, падпісаны намесьнікам гендырэктара ў вытворчасці і ідэалягічнай працы Юрыем Арыхоўскім і пацьверджаны самім гендырэктарам Раманам Алейнікам: зламаўся станок. Што ж гэта за кадры, якія адзінаццаты месяц ня ў стане адрамантаваць нескладаны друкарскі агрэгат?

Я гатовы сам знайсьці спэцыялістаў, няхай толькі Алейнік разам са сваім намесьнікам ня ставяць падножкі. Былі часы, калі мы гадамі друкавалі газэту ў Вільні, Смаленску, а цяпер ня маем такой магчымасьці ні ў Менску, ні ў Маскве. І гэта ў той час, калі з дня ў дзень чуем: свабоду слова ў Беларусі ніхто не адмяняў. Дык дайце магчымасьць друкавацца і распаўсюджвацца праз усе сеткі ў роднай краіне! Дарэчы, блякада паважанай у народзе газэты — удар ня толькі па чытачах, а і па рэдакцыі як падаткаплатніку. Калі за першую палову мінулага году «Народная воля» пералічыла ў дзяржбюджэт 95 тысяч рублёў, то за шэсьць месяцаў сёлета ўдвая менш...

Хацелася б дажыць да таго сьветлага дня, калі змрочныя хмары расьсеюцца над Беларусьсю, калі будзе сьвяціць яркае сонца і людзі будуць віншаваць адзін аднаго зь пераменамі ў іх жыцьці, у жыцьці ўсёй краіны.
Выратуем Беларусь!

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG