Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што варта ведаць пра суд над Марыяй Калесьнікавай і Максімам Знакам


Марыя Калесьнікава і Максім Знак падчас прэс-канфэрэнцыі ў штабе Віктара Бабарыкі, Менск, 14 ліпеня 2020 году
Марыя Калесьнікава і Максім Знак падчас прэс-канфэрэнцыі ў штабе Віктара Бабарыкі, Менск, 14 ліпеня 2020 году

Паплечнікаў Віктара Бабарыкі і сяброў асноўнага складу Каардынацыйнай рады будуць судзіць за закрытымі дзьвярыма.

Судовы працэс у справе Максіма Знака і Марыі Калесьнікавай пачнецца 4 жніўня аб 11 гадзіне ў Менскім абласным судзе. Ён пройдзе ў закрытым рэжыме, на працэс ня змогуць трапіць ня толькі звычайныя людзі, але таксама сябры і родныя абвінавачаных.

Такое на палітычна матываваных працэсах адбываецца ўжо не ўпершыню. У прыватнасьці, за закрытымі дзьвярыма судзяць Сяргея Ціханоўскага, Міколу Статкевіча, Ігара Лосіка і шэраг іншых палітвязьняў. Працэс, які праходзіць на тэрыторыі гомельскага СІЗА-3, настолькі закрыты, што невядомыя нават прозьвішчы абвінаваўцы і судзьдзі. Адвакатам забаронена таксама расказваць пра дэталі паседжаньняў.

Хто такія Максім Знак і Марыя Калесьнікава?

Да траўня 2020 году гэтыя прозьвішчы былі вядомыя толькі ў вузкіх колах. Марыя Калесьнікава займалася арганізацыяй культурных імпрэзаў і музыкай, чытала лекцыі з гісторыі мастацтва. Максім Знак займаўся юрыдычнай дзейнасьцю, выкладаў у БДУ, удзельнічаў у дасьледаваньнях Сусьветнага банку і праграмах ААН.

Пасьля заявы Віктара Бабарыкі аб намеры ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах у якасьці кандыдата абодва далучыліся да яго каманды і фактычна сталі яе тварамі. Менавіта Знак з Калесьнікавай суправаджалі Бабарыку ў ЦВК падчас працэдуры рэгістрацыі, а таксама давалі камэнтары да выбарчай кампаніі свайго кандыдата.

Пасьля адмовы ў рэгістрацыі Бабарыкі абодва ўвайшлі ў аб’яднаны выбарчы штаб Сьвятланы Ціханоўскай. З словаў Марыі Калесьнікавай, менавіта яна прапанавала Вераніцы Цапкале і Сьвятлане Ціханоўскай аб’яднацца «пасьля невялікай сумеснай размовы». Максім Знак суправаджаў Ціханоўскую ў будынак ЦВК на наступны дзень пасьля выбараў 9 жніўня пры падачы скаргі на афіцыйныя вынікі галасаваньня.

Як доўга яны знаходзяцца пад вартай?

Неўзабаве пасьля ад’езду з краіны Сьвятланы Ціханоўскай была створаная Каардынацыйная рада, у прэзыдыюм якой увайшлі таксама Максім Знак і Марыя Калесьнікава. Абаіх выклікалі на допыты ў Цэнтральны апарат Сьледчага камітэту з гэтай нагоды. Знака і Калесьнікаву затрымалі з розьніцай у два дні — 7 і 9 верасьня 2020 году. Абое з таго часу пад вартай. Марыя Калесьнікава большую частку тэрміну адбыла ў сьледчай турме № 8 у Жодзіне, Максім Знак — у менскім СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага.

Сьледзтва ў справе Знака і Калесьнікавай неаднаразова працягвалася, абвінавачаным выстаўлялі новыя артыкулы. Неўзабаве пасьля затрыманьня 9 верасьня Максім Знак, пратэстуючы супраць абвінавачаньня, абвяшчаў галадаваньне.

У чым абвінавачваюць Знака і Калесьнікаву і што ім можа пагражаць?

Абаіх палітзьняволеных вінавацяць адразу ў трох артыкулах Крымінальнага кодэксу:

  • ч. 1 арт. 357 — Змова, альбо іншыя дзеяньні, учыненыя з мэтай захопу цi ўтрыманьня дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам;
  • ч. 3 арт. 361 — Публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады, або гвалтоўнай зьмены канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусі, або здрады дзяржаве, цi ажыцьцяўленьня акту тэрарызму або дывэрсіі, або зьдзяйсьненьня іншых дзеяньняў, накіраваных на нанясеньне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусі, альбо распаўсюд матэрыялаў, якія ўтрымліваюць такія заклікі, учыненыя з выкарыстаньнем СМІ або інтэрнэту;
  • ч. 1 арт. 361-1 — Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо кіраўніцтва такім фармаваньнем, або структурнымі падразьдзяленьнямі, якія ў яго ўваходзяць.

Артыкулы Крымінальнага кодэксу, паводле якіх выстаўлена абвінавачаньне, прадугледжваюць пакараньне пазбаўленьнем волі да 12 гадоў.

Сваёй віны абвінавачаныя не прызнаюць. Праваабаронцы прызналі іх палітычнымі зьняволенымі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG