Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Азэрбайджане 13 армянскім вайскоўцам прысудзілі па 6 гадоў зьняволеньня


Армянскі вайсковец на мяжы з Азэрбайджанам, чэрвень 2021
Армянскі вайсковец на мяжы з Азэрбайджанам, чэрвень 2021

Армянскія вайскоўцы атрымалі прысуды за незаконнае перасячэньне мяжы і захоўваньне зброі.

Суд Баку па цяжкіх злачынствах пастанавіў, што асуджаных дэпартуюць з краіны пасьля адбыцьця пакараньня. Ніхто зь іх сваёй віны не прызнаў.

У Армэніі афіцыйна прысуд азэрбайджанскага суду не пракамэнтавалі, аднак раней афіцыйныя асобы ў Ерэване казалі, што лічаць падсудных ваеннапалоннымі.

13 асуджаных вайскоўцаў былі сярод 60 чалавек, якіх азэрбайджанскія сілы захапілі ў сьнежні 2020 году ў раёне Гадруту ў Нагорным Карабаху, большую частку якога Азэрбайджан вярнуў пад свой кантроль у ходзе нядаўняй вайны. Каля паловы захопленых Азэрбайджан аддаў у абмен на мапы мінных палёў у Нагорным Карабаху.

У леташнім вайсковым канфлікце было забіта каля 6 тысяч чалавек, а дакладная лічба армянскіх ваеннапалонных і іншых затрыманых азэрбайджанскімі ўладамі людзей застаецца невядомай.

Тым часам у рэгіёне сутычкі працягваюцца. 23 ліпеня ў зоне канфлікту паведамлялася пра сьмяротны абмен агнём. Азэрбайджан заявіў, што адзін зь яго салдат быў застрэлены, Армэнія паведаміла пра траіх параненых сваіх вайскоўцаў.

Канфлікт у Карабаху

  • Тэрытарыяльная спрэчка паміж Армэніяй і Азэрбайджанам вакол Нагорнага Карабаху доўжыцца з канца 1980-х гадоў. Населеная пераважна этнічнымі армянамі Нагорна-Карабаская аўтаномная вобласьць пры падтрымцы Армэніі заявіла аб выхадзе з Азэрбайджанскай ССР, а ў верасьні 1991 году абвясьціла аб стварэньні «Нагорна-Карабаскай рэспублікі» («Арцах» па-армянску).
  • Падчас узброенага канфлікту 1988–1994 гадоў у сэпаратысцкім рэгіёне загінулі 30 тысяч чалавек. Нагорны Карабах і некалькі прылеглых да яго раёнаў Азэрбайджану перайшлі пад фактычны кантроль узброеных сілаў Армэніі. У выніку сотні тысяч чалавек, пераважна этнічныя азэрбайджанцы, сталі ўцекачамі і змушанымі перасяленцамі.
  • «Нагорна-Карабаская рэспубліка» не была афіцыйна прызнаная ніводнай зь дзяржаваў ААН, у тым ліку самой Армэніяй. У 1993 годзе ААН прыняла чатыры рэзалюцыі з патрабаваньнямі вываду армянскіх войскаў з Карабаху і прызнаньнем тэрыторыі часткай Азэрбайджану.
  • Пасьля чарговага абвастрэньня сытуацыі ў канцы верасьня 2020 году Азэрбайджан вярнуў пад свой кантроль раёны вакол Нагорнага Карабаху і ўзяў старажытны і сымбалічна істотны горад Шуша. Назаўтра пасьля ўзяцьця Шушы прэмʼер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян, прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў і прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісалі мірнае пагадненьне аб спыненьні вайны ў рэгіёне.
  • Паводле дамовы за Армэніяй і Азэрбайджанам замацаваныя тэрыторыі, на якіх знаходзіліся войскі на момант падпісаньня дакумэнту. Уздоўж лініі дотыку разьмешчана міратворчая місія Расеі, якая па стане на ліпень 2021 году складае каля 2 тысяч чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG