Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ангела Мэркель паспрабавала запэўніць Украіну, што завяршэньне «Паўночнага патоку – 2» ня зьменіць яе транзытнага статусу


Уладзімір Зяленскі і Ангела Мэркель на прэс-канфэрэнцыі па выніках перамоў у Бэрліне, 12 ліпеня 2021
Уладзімір Зяленскі і Ангела Мэркель на прэс-канфэрэнцыі па выніках перамоў у Бэрліне, 12 ліпеня 2021

На перамовах у Бэрліне з прэзыдэнтам Украіны Зяленскім Мэркель сказала, што Нямеччына паспрабуе гарантаваць галоўную крыніцу даходаў для Ўкраіны.

Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель на сустрэчы з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім у Бэрліне запэўніла афіцыйны Кіеў, што Ўкраіна застанецца транзытным шляхам для прыроднага газу нават пасьля завяршэньня трубаправоду «Паўночны паток – 2», які зьвязвае Расею зь Нямеччынай.

Раней Украіна і ЗША выступілі супраць будаўніцтва «Паўночнага патоку – 2» пад Балтыйскім морам, што дазволіць расейскім пастаўшчыкам абыходзіць наземныя шляхі праз Украіну і, такім чынам, пазбавіць яе мільярдаў даляраў транзытных збораў. Аднак Нямеччына адмовілася спыніць праект, сьцьвярджаючы, што гэта камэрцыйнае прадпрыемства і сувэрэнная праблема.

Крытыкі заяўляюць, што гэта павялічыць залежнасьць Нямеччыны ад расейскіх паставак энэргіі і зробіць Бэрлін больш успрымальным да расейскага ўплыву.

«Ва ўкраінскага боку гэта выклікае вялікую занепакоенасьць, і мы ставімся да гэтага сур’ёзна», — сказала Мэркель, дадаўшы, што Нямеччына зробіць «усё, што ад нас залежыць», каб гарантаваць галоўную крыніцу даходаў для Ўкраіны.

Выступаючы ў Бэрліне, Зяленскі паўтарыў, што «Паўночны паток – 2» нясе «патэнцыйную пагрозу бясьпецы Ўкраіны і рэгіёну».

Мэркель заявіла, што Нямеччына будзе імкнуцца атрымліваць расейскі газ праз Украіну «ў будучыні».

Скандальны расейскі газавы праект, пэўна, будзе абмяркоўвацца на перамовах у Белым доме ў ЗША 15 ліпеня, калі Мэркель сустрэнецца з прэзыдэнтам ЗША Джо Байдэнам. 12 ліпеня Мэркель выказала сумнеў, што маючыя адбыцца перамовы з Байдэнам вырашаць рознагалосьсі паміж Бэрлінам і Вашынгтонам наконт «Паўночнага патоку – 2».

Мэркель, якая цяпер працуе чацьвёрты тэрмін як канцлер, пакіне пасаду пасьля выбараў у верасьні.

Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен 23 чэрвеня паўтарыў папярэджаньні наконт «Паўночнага патоку – 2» падчас сустрэч у Бэрліне з Мэркель і міністрам замежных спраў Нямеччыны Гайка Маасам. Блінкен заявіў, што яны з Маасам пагадзіліся, што неабходны канкрэтныя крокі, каб «гарантаваць, што Расея ня зможа выкарыстоўваць энэргію як прымусовы інструмэнт, накіраваны на Ўкраіну ці каго-небудзь яшчэ ў Эўропе».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG