Сьцісла:
- Расея ня хоча павялічваць аб’ёмы паставак газу ў Эўропу ў кароткачасовай пэрспэктыве.
- Масква можа «папрасіць» Беларусь зьменшыць транзытныя выплаты, бо ўжо мае іншыя варыянты.
- За чэрвень пастаўкі нафты ў Беларусь зьнізіліся на 62,7%.
- Расейскія нафтавыя кампаніі заявілі, што ня будуць у трэцім квартале году пастаўляць нафту на «Нафтан», каб не трапіць пад санкцыі ЗША.
— У СМІ паведамляецца, што магчымае спыненьне транзыту расейскага газу празь Беларусь. Бо асноўныя магутнасьці польскага ўчастку магістральнага трубаправоду Ямал — Эўропа, якім ажыцьцяўляецца транзыт расейскага газу ў Эўропу, на будучы год не былі зарэзэрваваныя на аўкцыёне. Ці сытуацыя сапраўды выглядае так і ці адлюстроўвае гэта расейскую палітыку ў газавым пытаньні?
— Расея плянуе дабудаваць «Паўночны паток — 2» ужо сёлета. Цяпер у Масквы для гэтага ўжо нібыта няма ніякіх сур’ёзных перашкод. Пакуль пабудавалі адну нітку «Паўночнага патоку — 2», будуецца яшчэ адна. Калі Расея дабудуе гэты газаправод, то ў яе зьявіцца магчымасьць перанакіраваньня сёньняшніх аб’ёмаў траспартаваньня газу з газаправоду Ямал — Эўропа, які ідзе празь Беларусь, у газаправод «Паўночны паток — 2», магутнасьць якога будзе складаць 55 мільярдаў кубічных мэтраў.
Сёньня Расея пампуе газ і праз Украіну, зь якой падпісаная дамова паводле прынцыпу «Пампуй альбо плаці» (гэта азначае, нават калі «Газпрам» зьнізіць транзыт праз Украіну, ён мусіць будзе аплаціць дамоўленыя ў кантракце аб’ёмы). Расея павінна перагнаць праз Украіну штогод, здаецца, 65 мільярдаў кубічных мэтраў. Да таго ж за апошні год попыт на расейскі газ у Эўропе істотна вырас — У Турэччыну, Грэцыю, Нямеччыну.
Эўрапейскія газасховішчы пакуль не назапасілі патрэбныя аб’ёмы газу. А Расея ня вельмі зацікаўленая павялічваць аб’ёмы паставак у Эўропу, бо гэта можа паўплываць на зьніжэньне кошту газу. Таму Расея нейкім спосабам намякае Эўропе, што тая вельмі залежыць ад газаправоду «Паўночны паток — 2».
— Масква ня можа скараціць пампаваньне газу праз Украіну, бо, як вы сказалі, там падпісаны кантракт «пампуй альбо плаці». Ці гэта аўтаматычна азначае, што будзе скарочаны транзыт газу менавіта на беларускім кірунку?
— Не, гэта зусім не відавочна. Калі б чыста эканамічна Расея выбірала шлях прапампоўваньня свайго газу — празь Беларусь ці праз Украіну — яна выбірала б Беларусь. Бо гэта лягістычна самы зручны і кароткі маршрут, і газаправод на тэрыторыі Беларусі цалкам належыць Расеі.
Калі аналізаваць тое, што на аўкцыёне не былі купленыя аб’ёмы газу для транспартаваньня празь Беларусь... У Расеі падпісаны доўгатэрміновыя кантракты з эўрапейскімі пакупнікамі, часам нават да 2030 году. Гэтыя кантракты яна будзе выконваць, але Расея ня хоча павялічваць аб’ёмы паставак газу.
— Калі запрацуе «Паўночны паток — 2», то што будзе з гэтымі 33 мільярдамі кубамэтраў газу, якія праходзяць па Ямал — Эўропе празь Беларусь? Ці перакінуцца яны на «Паўночны паток — 2», дзе Расея не павінна плаціць іншым дзяржавам, у тым ліку Беларусі, за транзыт?
— Натуральна, Расея ня хоча пашкодзіць і самой сабе. Газаправод Ямал — Эўропа, яшчэ раз падкрэсьлю, цалкам належыць Расеі. Расея плаціць толькі за транзыт па тэрыторыі Беларусі, гэта каля 250 мільёнаў даляраў за год. І відавочна, у Масквы зьявіцца магчымасьць выбіраць, дзе больш танна, дзе больш эканамічна выгадна.
Мы ня ведаем, як будзе мяняцца стратэгічна попыт на расейскі газ у Эўропе. Мы ведаем, што некаторыя краіны ў пэрспэктыве заплянавалі ўвогуле адмовіцца ад газу, пераходзіць на іншыя крыніцы энэргіі. Расеі давядзецца шукаць новыя рынкі, і эўрапейскі рынак перастане быць прыярытэтным.
Але ў кароткатэрміновай пэрспэктыве Расея з увядзеньнем «Паўночнага патоку — 2» мае больш багаты выбар транспартаваньня газу, і гэта можа паўплываць на транзытныя плацяжы Беларусі. Масква можа «папрасіць» іх зьменшыць, бо ўжо мае іншыя варыянты.
— У выніку можна канстатаваць, што даходы Беларусі ад транзыту газу зьменшацца?
— Хутчэй за ўсё, так. Пакуль ня ўсе вядома, як будзе рэгулявацца праца «Паўночнага патоку — 2», якія заканадаўчыя працэдуры ўвядуць.
— Калі пераключыцца на нафтавую тэму, як выглядае сытуацыя вакол «Нафтану» і санкцыяў? Былі паведамленьні, што расейскія нафтавыя трэйдэры з нагоды ўвядзеньня амэрыканскіх санкцыяў (яшчэ да ўвядзеньня эўрапейскіх) адмаўляюцца пастаўляць нафту на «Нафтан»...
— Паводле расейскай статыстыкі, у студзені—чэрвені 2021 году ў Беларусь пастаўкі нафты павялічыліся на 34% у параўнаньні з такім жа пэрыядам 2020 году. Але за чэрвень гэтыя пастаўкі зьнізіліся на 62,7%. Гэта зьвязана найперш з тым, што чэрвені спыніўся на рамонт Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод.
Што тычыцца «Нафтану», то сапраўды, прадстаўнік кампаніі «Траснефть» нядаўна паведаміў, што буйныя расейскія нафтавыя кампаніі ня будуць у трэцім квартале году пастаўляць нафту на беларускі нафтаперапрацоўчы завод «Нафтан», каб ня трапіць пад санкцыі ЗША. Тым ня менш прадстаўнік «Нафтану» нядаўна паведаміў, што завод плянуе ў трэцім квартале атрымаць і перапрацаваць 2 мільёны тонаў расейскай нафты. Гэта менш, чым патэнцыйна магчымыя аб’ёмы, але дастаткова для тэхналягічнай загрузкі прадпрыемства. Магчыма, гэтыя аб’ёмы пастаўляюцца па іншых схемах, нам невядомых. Імаверна, ёсьць нейкая расейская кампанія, якая пастаўляе нафту на «Нафтан» і пры гэтым не баіцца амэрыканскіх санкцыяў.
— Беларуская кіраўніцтва зноў шукае альтэрнатыўную нафту ў Казахстане і Азэрбайджане. Звычайна ў гісторыі такая актыўнасьць Менску адбывалася тады, калі зьяўляліся нафтавыя праблемы з Расеяй. Чаму цяпер Менск зноў актыўна шукае альтэрнатыву расейскай нафце?
— Альтэрнатыва — гэта заўсёды добра, гэта козыр у перамовах з пастаўшчыком-манапалістам. Перамовы з Азэрбайджанам вяліся яшчэ ў 2020 годзе, распрацоўвалася пэўная стратэгія, размова ішла пра доўгатэрміновае супрацоўніцтва. На гэты год заплянаваная пастаўка 1 мільёна тон, але гэтыя пляны не выконваюцца, Азэрбайджан заяўляе, што пакуль не было адпаведных заявак з беларускага боку.
Відавочна, у беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў зьяўляецца новая сытуацыя пасьля ўвядзеньня амэрыканскіх і эўрапейскіх санкцыяў. Што тычыцца Казахстану, то пакуль падпісана рамачнае пагадненьне, аб’ёмы не называюцца. Але яно ня будзе ратыфікаванае раней за восень, так што гаварыць пра нейкую канкрэтыку з гэтым кірункам пакуль немагчыма.