Абвінавачаньне Ўладзімеру Цыгановічу (блогер MozgON): «Выконваў функцыі прапаганды легітымізацыі парушэньняў заканадаўства».
Праваабарончы цэнтар «Вясна» публікуе ўрыўкі з абвінавачаньня, якія не даступныя публіцы, бо суд праходзіць у закрытым рэжыме.
У будынку гомельскага СІЗА з 24 чэрвеня ў закрытым рэжыме судзяць шэсьць палітвязьняў: Сяргея Ціханоўскага, Ігара Лосіка, Мікалая Статкевіча, Уладзімера Цыгановіча, Арцёма Сакава і Дзьмітрыя Папова.
У справе 177 тамоў. Гэта ключавы суд па «справе Ціханоўскага». Яго фігурантаў абвінавачваюць у арганізацыі масавых беспарадкаў, дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, распальваньні сацыяльнай варожасьці ў Беларусі падчас падрыхтоўкі і правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў у 2020-м.
Усе палітвязьні былі затрыманыя яшчэ да выбараў.
Аднаго зь фігурантаў гэтай крымінальнай справы — 41-гадовага аўтара Youtube-канала «MozgON» Уладзімера Цыгановіча — абвінавачваюць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 293 КК (арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 3 арт. 130 КК (распальваньне сацыяльнай варожасьці). Праваабарончаму цэнтру «Вясна» стала вядомая фармулёўка абвінавачаньня для блогера Ўладзімера Цыгановіча, па якім яму пагражае пакараньне да 12 гадоў пазбаўленьня волі.
Паводле абвінавачаньня:
- «Цыгановіч заклікаў і матываваў прыняць актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, масавых беспарадках, абгрунтоўваў правамернасьць прымяненьня розных формаў узьдзеяньня, у тым ліку гвалтоўных, у дачыненьні да прадстаўнікоў улады, якія ажыцьцяўляюць абавязкі ці грамадзкі абавязак па абароне інтарэсаў дзяржавы, з помсты за гэта і іншых нізкіх меркаваньняў, у тым ліку з дапамогай сеткі інтэрнэт, не ўстаноўленых падчас сьледзтва прылад, ютуб-канала „MozgON“, які знаходзіцца ў публічным доступе».
- Ужываў «мэтады палітычнага, сацыяльнага і эканамічнага сабатажу дзейнасьці інстытутаў дзяржаўнай улады РБ, накіраваныя на дэстабілізацыю грамадзкай абстаноўкі, падчас пратэстаў з прычыны заведама аб’ектыўнай немагчымасьці дасягнуць электаральным шляхам пастаўленай задачы — зьмены кіраўніцтва дзяржавы».
- «Сваімі наўмыснымі дзеяньнямі Цыгановіч зьдзейсьніў арганізацыю масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці або збройным супрацівам прадстаўнікам улады, гэта значыць злачынства, прадугледжанае ч.1 арт. 293 Крымінальнага кодэксу».
- Ён жа (Цыгановіч У. У.), Ціханоўскі С. Л., Сакаў А. М., Лосік І. А., Папоў Д. Ю., іншыя асобы на тэрыторыі РБ, а таксама за межамі РБ, дзейнічаючы наўмысна, групай асоб па папярэдняй змове ў пэрыяд часу не пазьней як 16.07.2019 па 17.08.2020 і ў наступным, ажыцьцяўляючы дзейнасьць па арганізацыі, кіраўніцтве і падрыхтоўцы да непасрэднага асабістага актыўнага ўдзелу ў пэрыяд падрыхтоўкі і правядзеньня выбараў прэзыдэнта РБ у 2020 годзе, а таксама пасьля іх правядзеньня, у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак і спалучаных зь відавочным непадпарадкаваньнем законным патрабаваньням прадстаўнікоў улады або тых, якія пацягнулі за сабой парушэньне працы транспарту, прадпрыемстваў, устаноў або арганізацый, а таксама масавых беспарадках на тэрыторыі РБ, у тым ліку г. Менску, з мэтай палегчыць зьдзяйсьненьне дадзеных злачынстваў, рыхтуючы і плянуючы дзеяньні для збору неарганізаванай масы людзей, якая выкарыстоўваецца як своеасаблівы інструмэнт дасягненьня мэтаў, — бясчынствуючага натоўпу, плянуючы ў далейшым падбухторваньне грамадзян і груп, якія ўваходзяць у яе, для ўключэньня іх у гвалт над асобай, зьдзяйсьненьне пагромаў, падпалаў, зьнішчэньне маёмасьці і збройны супраціў прадстаўнікам улады, разьмеркаваўшы ролі, зьдзяйсьнялі наўмысныя дзеяньні, накіраваныя на ўзбуджэньне іншай сацыяльнай варожасьці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасьці».
24 чэрвеня ў Гомлі ў СІЗА пачаўся суд над палітзьняволенымі Сяргеем Ціханоўскім, Ігарам Лосікам, Мікалаем Статкевічам, Уладзімерам Цыгановічам, Арцёмам Сакавым і Дзьмітрыем Паповым.