Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьняволеная журналістка «Белсату» Дар’я Чульцова зьвяртацца па памілаваньне ня будзе


Дар'я Чульцова ў судзе, 9 лютага 2021
Дар'я Чульцова ў судзе, 9 лютага 2021

Асуджаная на 2 гады пазбаўленьня волі журналістка адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі № 4, што ў Гомлі. Яе маці Натальля Церабіленка напісала ў Фэйсбуку, што з дачкой бачыўся адвакат. Ён паведаміў, што Дар’я зьвяртацца па памілаваньне не зьбіраецца, ад сваіх перакананьняў не адмовілася і стараецца ў няволі як мага шчыльней сябе нечым займаць.

Ад адваката Натальля Церабіленка даведалася, што Дар’я прышывае рукавы ў курткі для супрацоўнікаў дзяржаўнай бясьпекі. Прасіла даслаць ёй дакумэнты, каб вывучыцца на дыплямаваную швачку. Запісалася ў трэнажорную залю і чакае часопіс на ангельскай мове, выпісаны для яе калегам.

Натальля Церабіленка адзначыла, што дачка на сустрэчу з адвакатам прыйшла ў ружовай сукенцы і бірузовай хусьцінцы.

Маці зьняволенай журналісткі рэгулярна падае навіны пра яе на сваёй старонцы ў Фэйсбуку. У адным з апублікаваных лістоў Дар’я падкрэсьлівае, што не шкадуе аб рашэньні працягваць працу, калі разганялі дэманстрантаў на «плошчы Перамен» у Менску.

«Я магла і не працаваць, але я хацела, — піша яна. — І як бы ні было, я рада, што працую там, дзе працую... З Кацяй наогул супэр каманда была. Усё супэр, ніхто (амаль) не вінаваты ў тым, што мы цяпер тут. Да таго ж, у выніку мы ўсё роўна выйдзем».

У Гомельскай калёніі знаходзіцца і калега Чульцовай — Кацярына Андрэева (Бахвалава). Абедзьве былі фігуранткамі справы аб арганізацыі дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак, і абедзьвюх асудзілі на 2 гады калёніі агульнага рэжыму. Журналістак затрымалі 15 лістапада 2020 году пасьля жывога эфіру зь месца разгону сілавікамі дэманстрантаў на «плошчы Перамен» у Менску. Іх прызналі палітвязьнямі.

Дар’я родам са Шклова. 20 лютага ёй споўнілася 24 гады. Па словах маці, журналістыку дачка ўпадабала ў старэйшых клясах, родным сказала пра гэта на выпускным. Выбар іх агаломшыў, яе пераконвалі заняцца нечым іншым. Дар’я скончыла факультэт журналістыкі Магілёўскага ўнівэрсытэту імя Куляшова. З тэлеканалам «Белсат» Дар’я пачала супрацоўнічаць у 2019 годзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG