У інтэрвію Frankfurter Allgemeine Zeitung прэм’ер-міністар Літвы Інгрыда Шыманіце пацьвердзіла намер ураду краіны пабудаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю. На гэта спатрэбіцца 40 млн эўра.
Узьвядзеньне сьцяны плянуюць скончыць у другой палове 2022 году. Але, на думку Шыманіце, сьцяна — не галоўнае, што мусіць спыніць мігрантаў, якія спрабуюць трапіць у Эўразьвяз празь Беларусь. Галоўнае — зразумелы пасыл: кожны, хто трапіць у Літву нелегальна, будзе адпраўлены назад. Застацца змогуць толькі тыя, супраць каго сапраўды вядзецца палітычны перасьлед.
Наплыў мігрантаў празь Беларусь Шыманіце назвала «агульнаэўрапейскай праблемай», бо Літва для большасьці — толькі транзытная краіна на шляху ў Швэцыю ці Нямеччыну, якія значна часьцей становяцца канчатковай мэтай мігрантаў.
«Найлепшым адказам было б паказаць, што мігрантаў вяртаюць. Ужо цалкам відавочна, што толькі вельмі малая частка іх можа даказаць, што зазнавалі палітычны перасьлед. У адрозьненьне ад сотняў беларусаў, якія ўцяклі да нас».
Сёлета зь Беларусі спрабавалі ўехаць у Літву 1416 мігрантаў. Гэтая лічба больш як у 17 разоў перавысіла іх колькасьць у 2020 годзе. Афіцыйныя асобы Літвы абвінавацілі Лукашэнку і яго атачэньне ў напаўненьні краіны мігрантамі, а прэзыдэнт Гітанас Наўседа заявіў, што «Літва адчувае беспрэцэдэнтны міграцыйны ціск і разьлічвае на дапамогу інстытутаў Эўразьвязу».
Сярод затрыманых на мяжы зь Беларусьсю сёлета пераважаюць ірацкія грамадзяне або тыя, хто такімі назваўся — 599. Таксама былі 192 грамадзяніны Конга, 109 — Камэруну, 78 — Гвінэі, 57 — Ірану і іншых краін.
Наплыў мігрантаў зь беларускага боку працягваецца, нягледзячы на тое, што ад 2 ліпеня ў патруляваньні літоўскай мяжы мясцовым памежнікам дапамагаюць афіцэры Эўрапейскага агенцтва памежнай аховы Frontex. Акрамя іх, да памежных зь Беларусьсю ўчасткаў прыкамандзіравалі службовых асобаў іншых падразьдзяленьняў Службы аховы дзяржаўнай мяжы і выдзелілі на ахову пазачарговыя тэхнічныя рэсурсы.
6 ліпеня пра мігрантаў выказаўся Аляксандар Лукашэнка. Ён заявіў, што Беларусь займалася і працягне займацца асноўнымі выклікамі на мяжы, змаганьнем з кантрабандай, але «будзе гэта рабіць настолькі, наколькі выгадна краіне».