У чым яна падазраецца — невядома. Вядома толькі, што на яе заведзена крымінальная справа.
Тацяну Кузіну затрымалі 29 чэрвеня ў менскім аэрапорце, адкуль яна зьбіралася вылецець у Тбілісі. Спачатку яе зьмясьцілі на Акрэсьціна, а 1 ліпеня перавялі ў СІЗА № 1 — на «Валадарку», тэрмін папярэдняга затрыманьня працягнулі да 10 ліпеня. Якія артыкулы інкрымінуюцца Тацяне, невядома. Адвакат пад падпіскай аб неразгалошваньні і ня можа праінфармаваць нават родных, у чым яна абвінавачваецца.
Кузіна з 1996 па 2009 гады працавала ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце. Мае ступень магістра паліталёгіі. Была намесьніцай дэкана франка-беларускага факультэту палітычных і адміністрацыйных навук, кіраўніцай Офіса публічных і міжнародных сувязяў, выкладчыцай бакаляўрскай праграмы «Палітычныя і эўрапейскія дасьледаваньні».
Цягам 5 гадоў — з 2010 па 2015 — была выканаўчым дырэктарам Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў (BISS).
«SYMPA — моцны праект, скіраваны на аб’яднаньне грамадзтва»
У 2015 годзе Тацяна Кузіна разам зь іншымі калегамі заснавала Школу маладых мэнэджараў і публічнага адміністраваньня SYMPA.
«Праз гэтую школу прайшлі больш за 250 чалавек: гэта беларускія дзяржслужачыя, грамадзкія актывісты, журналісты, бізнэсоўцы. Тацяна займалася экспэртнымі дасьледаваньнямі ў сфэры дзяржаўнага кіраваньня, працавала над многімі стратэгічнымі і дасьледчымі дакумэнтамі», — расказвае дырэктарка Школы SYMPA Натальля Рабава.
Адно з апошніх дасьледаваньняў, над якім працавала Тацяна Кузіна, — «Канцэпцыя рэформы дзяржаўнага кіраваньня».
Яшчэ адно дасьледаваньне Тацяны — «Аналіз электронных зваротаў у дзяржаўныя органы ў кантэксьце правоў чалавека».
Палітоляг Вадзім Мажэйка ў 2015 годзе стаў найлепшым выпускніком школы SYMPA.
На яго думку, каштоўнасьць SYMPA ў тым, што яна здолела аб’яднаць, з аднаго боку, прадстаўнікоў недзяржаўнага сэктару, грамадзкіх арганізацый, з другога — людзей зь бізнэсу, з трэцяга — прадстаўнікоў дзяржаўнага сэктару, чыноўнікаў.
«Адзін з маіх „аднакашнікаў“ кіраваў Агенцтвам інвэстыцый і прыватызацыі, другі быў фінансавым дырэктарам буйной кампаніі, якая займаецца капірайтэрскімі паслугамі.
І SYMPA была вельмі моцнай крыніцай збліжэньня розных людзей, якія мала перасякаліся ў звычайным жыцьці. Атмасфэра была і чыста працоўна-навучальная, і нефармальная».
Вадзім Мажэйка падзяліўся адным зь яскравых успамінаў пра SYMPA падчас грузінскай сэсіі.
«Мы неяк сядзелі ўвечары ў Грузіі, пілі віно, размаўлялі. Я кажу сябру зь дзяржслужбы: „У вас, чыноўнікаў, такі сумны імідж, а ты ж нармальны чалавек!“ Ён мне адказвае: „Я таксама думаў, што ўсе гэтыя грамадзкія актывісты — нейкія незразумелыя „зьвяры“ а вы ж нармальныя, разумныя“.
У гэтым сэнсе SYMPA — праект, моцна скіраваны на яднаньне грамадзтва», — перакананы палітоляг Вадзім Мажэйка.
«Затрыманьне Тані — боль для ўсіх яе сяброў»
Калега Тацяны Кузінай Уладзімер Кавалкін, зь якім яны зрабілі разам некалькі праектаў, называе яе прыроджаным лідэрам зь цьвёрдымі жыцьцёвымі перакананьнямі.
«Супэрздольнасьць Тані — хутка вырашаць любыя праблемы дзякуючы свайму моцнаму характару, мэтанакіраванасьці і крутым аналітычным здольнасьцям. Мяне заўсёды дзівіла яе здольнасьць імгненна выхопліваць галоўнае і хутка арыентавацца ў любой сытуацыі.
І пры гэтым яна вельмі добры, чулы, душэўны чалавек, заўсёды гатовы прыйсьці на дапамогу», — кажа Ўладзімер Кавалкін.
Што да асобы Тацяны Кузінай, палітоляг і выпускнік SYMPA Вадзім Мажэйка кажа, што яна не была мэдыйнай пэрсонай, як некаторыя іншыя экспэрты, якія амаль штодня давалі камэнтары СМІ.
«Яна грунтоўны дасьледчык, сур’ёзны аналітык. На такіх людзях, як яна, трымаецца праца ўнутры праекту. Тацяна з тых людзей, якія вельмі шмат робяць для разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці», — выказаў меркаваньне Вадзім Мажэйка.
Былы калега Зьміцер Маркушэўскі, які раней таксама працаваў у школе SYMPA, ня менш цёпла згадвае Тацяну.
«Яна і розумам, і сэрцам дапамагала разьвіцьцю грамадзянскай супольнасьці, прасоўвала прынцыпы, дасьледавала і распрацоўвала мэханізмы ўдзелу грамадзян у прыманьні дзяржаўных рашэньняў. Мяркую, што ўсё ж трэба пра гэта гаварыць у цяперашнім часе».
Калега і блізкая сяброўка Кузінай, якая папрасіла не называць яе імя, расплакалася, узгадваючы Тацяну.
«Гэта чалавек, да якога можна зьвярнуцца зь любой праблемай, зь любым сакрэтам, зь любой дробязьзю — яна заўсёды цябе пачуе, падкажа, яна заўсёды будзе побач у цяжкія хвіліны. Яна зробіць усё, каб табе стала лягчэй жыць. У яе, як і ва ўсіх нас, ёсьць і плюсы, і мінусы, і дэпрэсіі здараюцца, Але калі патрэбна максымальна дзейная, максымальна шчырая парада адданага чалавека і сябра — гэта наша Танечка.
Тая дзейнасьць, якой займалася Тацяна, нават і блізка не падыходзіць да таго, у чым яе, хутчэй за ўсё, будуць абвінавачваць. І зараз яна ў такой жахлівай сытуацыі! Затрыманьне Тані — боль для ўсіх яе сяброў. Ніхто ўявіць ня мог, што яна трапіць у такія жорны», — кажа сяброўка.
«Разьбіваецца люстэрка, якое паказвае праўду»
Той факт, што ў Беларусі пачалі затрымліваць аналітыкаў, — вельмі трывожны сыгнал для ўсёй экспэртнай супольнасьці, выказаў меркаваньне палітоляг Вадзім Мажэйка. На яго думку, раней ціск на экспэртную супольнасьць быў нейкі спарадычны: напрыклад, выпадковыя затрыманьні, як было з палітолягам Андрэем Ягоравым ці фінансавым аналітыкам Зьмітром Крукам. Цяпер ідзе сыстэмны ціск.
«Улады дэманструюць, што праца незалежных экспэртаў непажаданая. Хтосьці такі сыгнал атрымаў публічна (як Арцём Шрайбман, калі прагучала яго імя на дзяржканале). Хтосьці атрымлівае ўскосныя сыгналы, калі пачынаюць ціснуць на атачэньне, хтосьці сам зьяжджае. Прычым ня надта зразумелая лёгіка: Шрайбману далі зьехаць, Кузінай — не, затрымалі ў аэрапорце.
Разьбіваецца люстэрка, якое паказвае праўду. А разьбіваць люстэрка — гэта ня надта эфэктыўна, калі хочаш бачыць і разумець сапраўдную карціну. Чыноўнікі хоць і сьцьвярджаюць, што ў іх ёсьць свае закрытыя апытаньні, закрыты аналіз, усё ж чытаюць і незалежныя мэдыя, і аналітыку незалежных экспэртаў.
І ў гэтым сэнсе вельмі дрэнна разьбіваць люстэрка. Бо спыніць працу экспэртнай супольнасьці наўрад ці атрымаецца.
Бо экспэрты могуць працаваць, аналізаваць падзеі адусюль — Шрайбман з Кіева, Чалы з Адэсы, Вусаў з Варшавы. Прычым за мяжой нават памяркоўныя радыкалізуюцца», — кажа Вадзім Мажэйка.