Цяпер Кацярына ў Кіеве, знайшла працу ў сушы-бары. І шукае сабе футбольную каманду.
«Прэзыдэнт шмат благога зрабіў для нашай краіны»
«Я зь дзяцінства любіла гуляць з хлопчыкамі ў футбол. Таму пазьней, з 2014 па 2019 год, гуляла ў камандзе футбольнага клюбу «Мінск», а потым перайшла ў «Інфініці».
Каманду «Мінск», наколькі я ведаю, расфармавалі, бо яны не падпісалі праўладны ліст спартоўцаў. Набралі новенькіх, якія за ўладу — наколькі я ведаю.
Першы раз мяне затрымалі ў ліпені 2020-га, калі былі «ланцугі салідарнасьці». Але я ў іх ня ўдзельнічала — проста вярталася з працы, калі мяне зь сяброўкай схапілі. Мы да чатырох ночы прабылі ў міліцыі. Мяне выпусьцілі з папярэджаньнем, каб больш ня ўдзельнічала ў акцыях.
Ад 9 жніўня я хадзіла на акцыі сьвядома. Мне ўдавалася пазьбегнуць затрыманьняў. Хоць мы зь сябрамі былі ў «гарачых кропках», у першых шэрагах перад АМАП. 10 жніўня мы бегалі то туды, то сюды. У выніку папрасіліся ў аўтамабіль да незнаёмага чалавека. Прыйшоў АМАП, пачаў біць шкло ў аўто. Аскепкі пасыпаліся на нас, паранілі, мне дручком трапіла па плячы. Мы хутка зьехалі ў двары, нам там людзі дапамаглі апрацаваць раны.
Я хадзіла на акцыі, таму што не падтрымліваю гэтую ўладу. Прэзыдэнт шмат благога зрабіў для нашай краіны. Як гаворыцца — «дарогу маладым».
Ніхто з кандыдатаў ня быў мне сымпатычны. Галасавала за Сьвятлану Ціханоўскую, каб адбыліся новыя выбары.
«У камэру закідалі бяздомных, каб яны правакавалі бойкі»
25 сакавіка нас зь сяброўкай затрымалі на Пушкінскай. Мы ішлі мэтанакіравана, але калі ўбачылі, што няма людзей, то вырашылі — няма чаго тут лавіць. І пайшлі дахаты. У падземным пераходзе на нас напалі спачатку тры міліцыянты, потым з усіх бакоў беглі яшчэ — здаецца, цэлы батальён. Бабулькі, якія гандлявалі кветкамі, пачалі разьбягацца ў розныя бакі. Пакуль мы сядзелі ў «бусе», яны ўсё вышуквалі — каго б яшчэ схапіць. Мужчына выйшаў з Макдональдса з бургерам, толькі ўкусіў яго — і апынуўся ў «бусе».
Мне «намалявалі» два пратаколы — за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, нібыта ў складзе 15 чалавек, і за непадпарадкаваньне. Як я магла не падпарадкавацца? Нас, дзьвюх дзяўчат, браў цэлы батальён! Міліцыянт, які складаў пратакол, адказаў мне: «Гэта ня мае значэньня, раз ты паўторна затрыманая».
Суд даў трыццаць сутак. На Акрэсьціна не было матрацаў, бялізны, не перадавалі перадачы і лісты, не вадзілі ніводнага разу ў душ ці на шпацыр. Калі паскардзіліся на стан здароўя ў некага, то канваіры залілі ў камэру хлёрку і сказалі: «Наце, лячыцеся!». Было душна. Сядзелі ледзьве ня голыя і абліваліся вадой. Нас было дваццаць два чалавекі ў камэры. Ноччу спалі адзін на адным, бабулек паклалі на такі вузкі стол. На «шконках» спаць было немагчыма — ад таго жалезьзя сінякі былі па ўсім целе.
У камэру да нас падкідалі бяздомных. Яны нам расказалі, што іх не затрымлівалі, а «папрасілі» міліцыянты: «Вы там пасядзіце, пасьпіце, мы вам дадзім па 12 рублёў». Гэта каб яны правакавалі нас на бойкі — забіралі ў нас хлеб, пагражалі абліць атрутай, якую ім далі ад вошай. Але яны не рабілі гэтага, наадварот — нават далучыліся да нас, калі мы гулялі ў «кракадзіла».
Было цяжка. Але мы ўсе падтрымлівалі адна адну, бо ўсе трапілі ў аднолькавае становішча. Дый ні за што. Сьпявалі песьні. Не канфліктавалі. Трымаліся разам. Калі мяне пераводзілі на Жодзіна, то аддалі ўсе перадачы. Тыя, хто застаўся на Акрэсьціна — толькі на выхадзе іх атрымалі.
У Жодзіне было трохі лепш. Нязначна, але лепш.
«Дала інтэрвію „Трыбуне“ — атрымала крымінальную справу»
Калі я выйшла, то дала інтэрвію «Трыбуне». Лічу, што пазьней мне адпомсьцілі і распачалі крымінальную справу — менавіта за інтэрвію. Бо я там шчыра расказала пра ўмовы на Акрэсьціна.
Яшчэ калі я сядзела, да нас да ўсіх прыходзілі супрацоўнікі КДБ. Калі чалавек быў бухгальтарам, то распытвалі пра працу. Да мяне дакапаліся, што я маю аўтамабіль. Маўляў, дзе я яго ўзяла, адкуль у мяне грошы. Мне дзядуля падарыў грошы на 18 гадоў.
Потым пачалі цягаць у міліцыю, а аўтамабіль забралі на штрафную стаянку.
Абвінавацілі, што я купіла недзе ў інтэрнэце, ці што, свае правы. Я кажу, як я магла іх купіць, калі яны ёсьць у базе?! Пры наступным выкліку мне сказалі здаваць шнуркі, і што паеду на Акрэсьціна, калі не падпішу «чыстасардэчнае прызнаньне». На той момант прайшло зусім мала часу, як я вызвалілася, я моцна спалохалася, ня думала пра наступствы, каб толькі ня трапіць на Акрэсьціна, і падпісала тое «прызнаньне» — каб толькі на волю трапіць. Напісала на сябе гэтую лухту.
Ну, а 30 чэрвеня мяне выклікалі і сказалі, што заўтра зьявісься з рэчамі ў СК і паедзеш у калёнію потым на два гады. Я вырашыла «эвакуавацца».
«Празь лес, праз балота і раку дабіралася 26 гадзін»
Неабыякавыя людзі вельмі дапамаглі, вывезьлі мяне з краіны. Да Ўкраіны дабіралася 26 гадзін. Празь лес, балота, раку. Я не хацела зьяжджаць. Бо ў мяне ў Беларусі ўсё — праца, сябры, дом. Але лепш я буду зь сябрамі камунікаваць празь відэасувязь, чым зусім ніяк — з турмы.
Цяпер я ў Кіеве. Мяне тут добра сустрэлі беларусы. Дапамаглі. Тут мне падабаецца. Знайшла працу ў сушы-бары, цяпер шукаю футбольную каманду.