Маці і адвакат Ягора мяркуюць, што Лукашэнка абмовіўся і гаворка ішла менавіта пра яго, паведамляе Tut.by. Яны расказалі, што вядома пра справу і як цяпер адчувае сябе Дуднікаў Паводле іх інфармацыі, тэмпэратура ў камэры дасягала +50 градусаў, сам Дуднікаў называў умовы «Асьвенцімам».
Што за чат?
Паводле Лукашэнкі, у нейкім чаце людзі дамаўляліся аб дзеяньнях, накіраваных на гвалтоўную зьмену ўлады ў Беларусі. Удзельнікі чату называлі сябе «атрадамі самаабароны», паводле Лукашэнкі, гэта былі «сьпячыя тэрарыстычныя ячэйкі».
«Каардынатары — Літва, Польшча, ЗША, Украіна і ФРГ. І, увага, уладальнік чату — грамадзянін Нямеччыны спадар дэ Гофман, раней грамадзянін Расеі і Ўкраіны. Асноўны мадэратар гэтага дзейства — грамадзянін Расейскай… грамадзянка Расейскай Фэдэрацыі Дуднікава», — сказаў Лукашэнка.
У прамове Лукашэнкі прагучала жаночая прозьвішча, але ў беларускім СІЗА ўжо знаходзіцца мужчына з такой прозьвішчам — грамадзянін Расеі Ягор Дуднікаў. Яго маці і адвакат лічаць, што гаварылася менавіта пра яго — раней паведамлялася, што справа Дуднікава таксама зьвязаная з «атрадамі самаабароны».
Пазьней у эфіры тэлеканала АНТ заявілі, што Гофман (Дыз) і Ягор Дуднікаў зьяўляюцца адміністратарамі радыкальных тэлеграм-каналаў і куратарамі.
«Прапаганда гвалту, выхад на пратэсты, мэтадычкі вырабу „кактэйляў Молатава“, навучаньне пачаткоўцаў і каардынацыя ўдзельнікаў, некаторыя гатовыя падпальваць і падрываць», — казаў закадравы голас, а ў гэты час дэманстравалася фатаграфія Дуднікава.
Што за Дуднікаў?
20-гадовага Ягора Дуднікава затрымалі 5 траўня на кватэры, якую ён здымаў, правялі ператрус і выставілі абвінавачаньне ў прысутнасьці дзяжурнага абаронцы. Маці Ягора казала, што ён ня ўдзельнічаў у пратэстах, а ў Менск перабраўся жыць да каханай дзяўчыны. Ягор па прафэсіі кухар, але падпрацоўваў аматарскай агучкай мульцікаў, анімэ і рэклямных ролікаў.
Дуднікаў знаходзіўся ў СІЗА КДБ, 31 траўня хлопца перавялі ў СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага ў Менску.
Што цяпер зь Ягорам Дуднікавым?
Паводле мамы і адваката, Дуднікаў скардзіцца на стан здароўя і цяжкія ўмовы ў СІЗА.
— На гэты момант я ведаю, што ягоны стан пагоршыўся: умовы надвор’я плюс наступствы пабіцьця пры затрыманьні вельмі нэгатыўна адбіліся на яго здароўі — там і пастаянныя галаўныя болі, і разьбіты зуб, які ўвесь час баліць, і панічныя атакі, усё гэта ёсьць у яго. І, на жаль, лекары не сьпяшаюцца дапамагаць зьняволеным, — расказпла ў эфіры «Дождя» Юлія Дуднікава, маці Ягора Дуднікава.
— Там [у СІЗА] немагчыма адчуваць сябе нармальна і добра, — паведаміў у эфіры «Дождя» адвакат Ягора Антон Гашынскі. — Пры анамальнай сьпякоце і вельмі дрэнным харчаваньні адразу ўзьнікаюць хваробы, у тым ліку зьвязаныя з разладам страўніка, а паколькі там вельмі дрэнная гігіена, то памыцца можна толькі раз на тыдзень і толькі 5–15 хвілін. Адпаведна, выконваць асабістую гігіену вельмі складана. Тым больш камэры, як правіла, перанаселеная, там утрымліваецца ад 4 да 15 чалавек.
Паводле Гашынскага, Дуднікаў скардзіцца на ежу ў СІЗА і дзякуе ўсім, хто шле яму пасылкі і перадачы.
— Яго вельмі ўразіла, што вельмі шмат добразычлівых людзей, якія бескарысьліва, бязвыплатна пасылаюць пасылкі, перадачы. Пасьля таго, як ён сказаў, што няма чым дыхаць, — вэнтылятар стаіць у камэры. І ты проста знаходзісься там [у камэры] голы, таму што рэчы намакаюць і нават знаходзячыся там голым ты пастаянна мокры.
Паведамленьне ад Дуднікова: «Чыста ГУЛАГ, але бяз катаргі»
Праз свайго абаронцу Дуднікаў перадаў «Новой газете» вуснае паведамленьне — пра тое, у якіх умовах ён утрымліваецца. Вось некаторыя цытаты:
«У СІЗА па-варʼяцку горача. А вэнтылятара няма. Апошні паверх і ад даху — чыста „Асьвенцім“! Дыхаць няма чым, і зь ежай бяда. Але перадачы ратуюць. Тэлевізара няма і няма наогул навінаў».
«Вельмі шмат пʼю. Ахоўнікі ставяцца нармальна, бо камэра „адукаваная“. Псыхолягу казаў шмат пра посттраўматычны сындром (пра бессань і пра галаўныя болі). Ад гэтага дрэнна цямлю. Псыхоляг паабяцаў пагаварыць з псыхатэрапэўтам, каб ён прыйшоў да мяне. Але да гэтага часу нікога няма. І так, зь ежай у нас тут дрэнна: няма чыстага посуду! Яго дрэнна мыюць ці ня мыюць наогул. Да таго ж бачыў, як яго ўпускаюць на падлогу, а потым у ім жа даюць ежу зьняволеным. Праз гэта, хто зьесьць з посуду, труціцца. Я атруціўся на трэці дзень заезду ў СІЗА (2021/06/02)».
«Сьпякота больш за 40 градусаў, усё хутка псуецца. Выклікаем лекара — ён можа ісьці тры дні. Чыста ГУЛАГ, але бяз катаргі!»
«Сусед з камэры цяпер не адчувае паху і смаку. Тыдзень яму было вельмі дрэнна. Але я трымаюся бадзёра! Толькі кашаль замучыў».
Ці ўдзельнічае Расея?
Ягор Дуднікаў — грамадзянін Расеі. Расейскі консул наведваў яго 2 чэрвеня. Тады ён паведаміў, што Дуднікаў «асаблівых скаргаў на ўмовы ўтрыманьня не выказваў», але перадаў «некалькі просьбаў». Таксама консул казаў, што «вядзецца праца па высьвятленьні ўсіх абставінаў».
— Я ведаю, што расейская амбасада робіць быццам бы ўсё, што можа. На жаль, мне цяжка меркаваць аб яе працы — я знаходжуся ў Расеі, а амбасада ў Беларусі. Але адвакат мяне запэўніў, што амбасада ўдзельнічае і робіць усё, што можа, — сказала маці Ягора. — Я са свайго боку пісала зварот у Міністэрства замежных спраў, зьвярталася да [старшыні Дзярждумы Расеі Вячаслава] Валодзіна, пісала на прамую лінію да Пуціна. Таксама стукаюся ва ўсе дзьверы і спрабую дамагчыся хаця б зьмякчэньня ўмоў утрыманьня для свайго дзіцяці.
Паводле яе, яна напісала заяву ў Сьледчы камітэт Беларусі з просьбай, каб сына перавялі пад хатні арышт — як гэта здарылася з Раманам Пратасевічам і Софʼяй Сапегай. Але пакуль не атрымала адказу.
Што сам Дуднікаў гаварыў пра сваю справу?
У пачатку чэрвеня Дуднікаў змог перадаць паведамленьне зь СІЗА, у якім заявіў, што яго пабілі пры затрыманьні і прымусілі агаварыць сябе.
«Сказалі, што калі не напішу, то мяне прызнаюць тэрарыстам і згнояць у турме, я ня ўбачу маму, сваю дзяўчыну. А калі напішу, то дэпартуюць у Расею і я ўсё забуду як страшны сон», — гаварылася ў яго паведамленьні.
Паводле паведамленьня, малады чалавек напісаў яўку з павіннай, паўдзельнічаў у відэадопыце, «дзе паўтараў завучаны тэкст», перадаў доступ да сваіх прыладаў. Аднак пасьля гэтага ня выйшаў на свабоду.
— Дуднікаў растлумачыў, што ён агаварыў сябе, гэтыя зьвесткі не зусім праўдзівыя, на яго аказвалася псыхалягічнае і фізычнае ўзьдзеяньне. Гэтыя дзеяньні былі абскарджаны ў КДБ і МУС Беларусі, — паведаміў «Дождю» яго адвакат Антон Гашынскі.
Паводле паведамленьня ад Дуднікава, ён толькі агучваў відэаролікі для тэлеграм-каналу «ОГСБ». «Тэксты даваў Дыз, адміністратар тэлеграм-каналу. Гэта рабіў за ўзнагароджаньне».
«Гэта тое ж самае, што пасадзіць у турму таксіста за тое, што ён падвёз апазыцыянэра. Ён чыста тэхнічны работнік, займаўся агучкай ролікаў, якія рабіла апазыцыя пасьля жнівеньскіх пратэстаў 2020 году», — казаў адвакат Гашынскі.