Афіцыйна пачаўся вывад войскаў ЗША і NATO з Аўганістану. Гэты працэс мяркуецца завяршыць да 11 верасьня 2021 году — да 20 гадавіны нападу тэрарыстаў на Амэрыку.
ВВС тлумачыць падрабязнасьці вываду войскаў.
Талібы спыняць пагадненьне аб ненападзе
Вывад амэрыканскіх войскаў пачынаецца на фоне жорсткіх сутыкненьняў паміж талібамі і ўрадавымі сіламі пры адсутнасьці мірнай дамоўленасьці.
У пятніцу ад выбуху аўтамабіля ў правінцыі Лагар загінулі да 30 чалавек і 110 параненыя — у асноўным школьнікі.
Талібы папярэдзілі, што яны больш не зьвязаныя пагадненьнем аб ненападзе на сілы кааліцыі.
У адпаведнасьці з дамовай, падпісанай у мінулым годзе паміж баевікамі і тагачасным прэзыдэнтам Дональдам Трампам, замежныя сілы павінныя былі пакінуць краіну да 1 траўня.
Афіцыйныя прадстаўнікі кааліцыйных сілаў паведамілі агенцтву Reuters, што ў гэты час талібы абаранялі заходнія вайсковыя базы ад канкуруючых ісламісцкіх груповак. Гэта не спыніла нападаў талібаў на аўганскія сілы і цывільнае насельніцтва.
Чаму сілы ЗША знаходзяцца ў Аўганістане?
11 верасьня 2001 году ў выніку нападаў на Амэрыку загінула амаль 3000 чалавек. Усаму бен Ладэна, кіраўніка ісламісцкай тэрарыстычнай групоўкі «Аль-Каіда», хутка назвалі вінаватым.
Талібы, радыкальныя ісламісты, якія кіравалі Аўганістанам і абаранялі бін Ладэна, адмовіліся перадаць яго ЗША. Празь месяц пасьля 11 верасьня 2001 году ЗША пачалі авіяўдары па Аўганістане.
Па меры ўступленьня ў вайну іншых краінаў талібы былі хутка адхіленыя ад улады. Але праз пэўны час яны пачалі ўзброеную барацьбу.
З тых часоў ЗША і іх саюзьнікі змагаліся за тое, каб прадухіліць зрынаньне ўлады ў Аўганістане і спыніць атакі талібаў.
Палітычная сытуацыя падчас вываду войскаў
Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн лічыць, што вывад войскаў апраўданы тым, што армія пераканалася: Аўганістан ня можа зноў стаць базай для замежных джыхадыстаў.
А прэзыдэнт Аўганістану Ашраф Гані кажа, што ўрадавыя сілы цалкам здольныя стрымліваць узброены супраціў.
Ён сьцьвярджае, што вывад сіл міжнароднай кааліцыі здыме прычыну ўзброенага канфлікту, бо для Талібану зьнікае падстава змаганьня з замежнікамі.
Аднак ня усе падзяляюць гэты аптымізм, «усе баяцца, што мы можам вярнуцца ў змрочныя часы эпохі Талібану», — сказала Мена Наўрозі, аўганская журналістка, агенцтву AFP.