Як паведамляе МЗС Беларусі, у ходзе сустрэчы амбасадару ЭЗ «была заяўленая цьвёрдая пазыцыя беларускага боку аб абсалютнай непрымальнасьці прымяненьня санкцый як інструмэнта ціску на сувэрэнную і незалежную дзяржаву».
У адказ на эўрапейскія санкцыі МЗС Беларусі заявіў пра некалькі крокаў:
- Беларусь прыпыняе свой удзел у ініцыятыве ЭЗ «Усходняе партнэрства».
- Беларусь пачынае рэалізацыю працэдуры прыпыненьня дзеяньня Пагадненьня аб рэадмісіі з ЭЗ.
- Апрача таго, Беларусь забараніла ўезд у краіну прадстаўнікам эўрапейскіх структур і асобам з ЭЗ, якія садзейнічалі ўвядзеньню санкцый.
- МЗС адклікала сталага прадстаўніка Беларусі пры ЭЗ для кансультацый і рэкамэндавала сталаму прадстаўніку ЭЗ у Менску выехаць для кансультацый у Брусэль.
Сьвятлана Ціханоўская асудзіла рашэньне афіцыйнага Менска аб прыпыненьні сяброўства ў праграме Эўразьвязу «Ўсходняе партнэрства».
Чым важнае пагадненьне аб рэадмісіі
У 2020 годзе Эўразьвяз ухваліў пагадненьні зь Беларусьсю аб спрашчэньні выдачы візаў і аб рэадмісіі асобаў, якія знаходзяцца ў ЭЗ без дазволу.
Пагадненьне аб візах прадугледжвала зьніжэньне кошту «шэнгену» для беларусаў да 35 эўра. Паведамлялася, што многія працэдуры стануць прасьцейшымі, а рашэньне аб выдачы візы скароціцца да 10 дзён. Многія катэгорыі грамадзян у залежнасьці ад мэты паездкі мелі шанец зьвяртацца па візу бяз выплаты збору і атрымліваць шматразовыя візы з больш працяглым тэрмінам дзеяньня ў спрошчаным парадку.
Акрамя таго, плянаваўся павялічаны пералік падставаў для выдачы бясплатных візаў у некамэрцыйных мэтах.
Што тычыцца ўступленьня ў сілу пагадненьня аб рэадмісіі, Беларусь і Эўразьвяз мусілі ажыцьцяўляць прыём назад на сваю тэрыторыю ўласных грамадзян, грамадзян трэціх дзяржаў і асоб без грамадзянства, якія не адпавядаюць альбо перасталі адпавядаць крытэрыям легальнасьці на тэрыторыях адзін аднаго.
Беларусь і ЭЗ пачалі перамовы наконт пагадненьняў аб візах і рэадмісіі ў 2014 годзе. Аднак з шэрагу прычын узгадніць дакумэнты бакі хутка не змаглі і падпісалі іх 8 студзеня 2020-га. Ад беларускага боку подпісы пад пагадненьнямі паставіў міністар замежных спраў Уладзімер Макей. Эўразьвяз прадстаўлялі намесьнік прэм'ер-міністра Харватыі Давар Бажынавіч (краіна тады старшынявала ў Эўразьвязе) і эўракамісар па ўнутраных справах Ільва Ёхансан.
Што такое «Ўсходняе партнэрства»?
Праграма Ўсходняга партнэрства Эўразьвязу запачаткаваная ў 2009 годзе. Яна ўключае ў сябе Армэнію, Азэрбайджан, Беларусь, Грузію, Малдову і Ўкраіну. Яе мэта — наблізіць гэтыя краіны да ЭЗ без канкрэтнай прапановы далучэньня.
Праз праблемы з правамі чалавека і замарожваньнем дачыненьняў з Эўразьвязам у папярэднія гады Беларусь ня ўдзельнічала ў рэалізацыі двухбаковых праектаў у рамках «Усходняга партнэрства». Першы саміт «Усходняга партнэрства» прайшоў у 2009 годзе ў Празе.
Ідэю праекту прадставілі міністры замежных спраў Польшчы і Швэцыі Радаслаў Сікорскі і Карл Більт на Радзе ЭЗ 26 траўня 2008 году. Дыскусія аб стварэньні «Ўсходняга партнэрства» адбылася 19–20 чэрвеня 2008 году на пасяджэньні Эўрапейскай Рады. На пасяджэньні Нямеччына і Францыя выказаліся супраць таго, каб «Усходняе партнэрства» разглядалася як прыступка на шляху да сяброўства ў ЭЗ, у той час як Польшча і іншыя ўсходнеэўрапейскія дзяржавы выступалі за гэта.
Што прапанавала «Ўсходняе партнэрства» 6 краінам-партнэрам?
- Дамову аб асацыяцыі
- Зону свабоднага гандлю з Эўразьвязам
- Бязьвізавы рэжым
Якія кірункі супрацы прадугледжвае Ўсходняе партнэрства?
Рэалізацыя праграмы «Ўсходняга партнэрства» ў мэтах збліжэньня краінаў-партнэраў з ЭЗ прадугледжвае супрацоўніцтва на аснове чатырох так званых тэматычных плятформаў:
- дэмакратыя і стабільнасьць (адміністрацыйныя рэформы, антыкарупцыйныя меры, навучаньне кіроўнага апарату, разьвіцьцё інстытутаў грамадзянскай супольнасьці, свабодных СМІ і інш.);
- эканамічная інтэграцыя, стварэньне зонаў свабоднага гандлю (па меры пасьпяховага разьвіцьця гандлёва-эканамічных сувязяў і гарманізацыі заканадаўства з прававой базай ЭЗ);
- энэргетычная бясьпека (захады, каб запэўніць надзейнае энэргазабесьпячэньне як краінаў-партнэраў, так і ЭЗ);
- разьвіцьцё кантактаў паміж людзьмі (лібэралізацыя візавага рэжыму пры адначасовай рэалізацыі захадаў, каб спыніць незаконную міграцыю).
Як працуе «Ўсходняе партнэрства»?
Найвышэйшы орган праграмы «Ўсходняе партнэрства» — саміт УП: сустрэчы кіраўнікоў дзяржаваў і ўрадаў краінаў ЭЗ і краінаў-партнэраў.
Штогод праходзяць сустрэчы міністраў замежных спраў краінаў ЭЗ і краінаў-партнэраў.
Шматбаковае супрацоўніцтва таксама ажыцьцяўляецца ў рамках Парлямэнцкай асамблеі «Эўранэст» (Euronest PA), Канфэрэнцыі рэгіянальных і мясцовых органаў улады краін «Усходняга партнэрства» — CORLEAP, Форуму грамадзянскай супольнасьці «Ўсходняга партнэрства» і Бізнэс-форуму «Ўсходняга партнэрства».
Беларусь — адзіная краіна-ўдзельніца праграмы, не прадстаўленая ў Парлямэнцкай асамблеі Партнэрства. Ёй адмовілі, бо Эўразьвяз не прызнаў дэмакратычнымі парлямэнцкія выбары ў Беларусі ў 2008 годзе. Месца Беларусі ў «Эўранэсьце» заставалася пустым з прычыны непрызнаньня дэмакратычнымі выбараў 2012 і 2016 гадоў.
У якіх праграмах «Усходняга партнэрства» ўдзельнічала Беларусь?
Асноўная крыніца фінансаваньня Эўрапейскай палітыкі суседзтва, у тым ліку «Ўсходняга партнэрства», — Эўрапейскі інструмэнт суседзтва (ENI). Бюджэт Эўрапейскага інструмэнту суседзтва на 2014–2020 гады складае 18,2 мільярда эўра. У рамках рэалізацыі Эўрапейскага інструмэнту суседзтва ў 2007–2013 гадах Беларусь атрымала 71,6 млн эўра на праграмы і праекты ў сфэры энэргаэфэктыўнасці, экалёгіі, стандартызацыі, мэдыцыны і рэгіянальнага разьвіцьця. Мытны камітэт Беларусі ў рамках ініцыятывы «Інтэграванае кіраваньне межамі» рэалізуе праект «Спрыяньне стварэньню электроннай сыстэмы абмену папярэдняй інфармацыяй паміж мытнымі органамі Беларусі і Ўкраіны».
Лукашэнка ня быў на ніводным саміце «Ўсходняга партнэрства»
Ад устаноўчага саміту ў 2009 годзе ў Празе да рыскага саміту 2015 году запрашэньне для беларускага боку адрасавалася дзяржаве, а не канкрэтнай пэрсоне. Пры гэтым, паводле дасьведчаных дыпляматаў, кожны раз арганізатары самітаў давалі зразумець кіраўніку Беларусі, што яго прыезд непажаданы.
У 2017 годзе на брусэльскі саміт Партнэрства кіраўнік Беларусі быў афіцыйна запрошаны, але вырашыў ня ехаць.
Бязьвізавы рэжым з краінамі ЭЗ уступіў у сілу ў Малдове ў красавіку 2014 году, у Грузіі — у лютым 2017 году, ва Ўкраіне — 11 чэрвеня 2017 году. Пагадненьні аб асацыяцыі з ЭЗ уступілі ў сілу з 1 ліпеня 2016 году для Грузіі, а для Малдовы і Ўкраіны — з 1 верасьня 2017 году.
Што выклікала рэакцыю афіцыйнага Менску
Эўразьвяз на мінулым тыдні зацьвердзіў чацьвёрты пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году пакет санкцый супраць беларускіх уладаў. У абмежавальным сьпісе — 78 чалавек і восем кампаній, актывы якіх будуць замарожаныя. Усьлед за ЭЗ санкцыі ў дачыненьні да фізычных і юрыдычных асоб, зьвязаных з рэжымам Лукашэнкі, увялі ЗША, Канада і Вялікабрытанія.
У санкцыйны сьпіс патрапілі такія кампаніі, як МАЗ, БелАЗ, «Белаэранавігацыя», Bremino Group, Globalcustom, «Новая нафтавая кампанія», Logex і Sohra. Сярод фізычных асоб — судзьдзі, сьледчыя, пракуроры, дэпутаты, прадстаўнікі дзяржаўных СМІ, адміністрацыя некаторых ВНУ, чыноўнікі і бізнэсоўцы.
ЭЗ таксама ўвёў сэктаральныя санкцыі, якія закранулі галіну нафтапрадуктаў, калійных угнаеньняў і доступу да рынкаў капіталу Эўразьвязу.