Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макей заявіў пра жаданьне Беларусі правесьці ў сябе саміт «Усходняга партнэрства»


Уладзімер Макей, архіўнае фота
Уладзімер Макей, архіўнае фота

9 тэзаў з выступу міністра замежных спраў Уладзімера Макея пра пэрспэктывы Беларусі ў праграме Эўразьвязу «Ўсходняе партнэрства».

Уладзімер Макей 4 чэрвеня выступіў у Менску на экспэртным сэмінары, арганізаваным Радай па міжнародных дачыненьнях «Менскі дыялёг». Свабода сабрала асноўныя тэзісы выступу міністра.

1. Гісторыя «Ўсходняга партнэрства» дзеліцца на пэрыяды да 2014 году і пасьля

«На першым этапе Брусэль падыходзіў да ўсіх шасьці чальцоў праграмы з аднолькавымі меркамі. Спрабавалі ўсіх падвесьці пад адно лякала. Пасьля ўкраінскіх падзеяў сытуацыя зьмянілася. Беларусь ад самага пачатку праекту настойвала на дыфэрэнцыяваным падыходзе да ўдзельнікаў».

2. Санкцыі падліваюць алею ў агонь

«Беларусь гэта адчула на сабе, хоць цяпер яна застаецца фактычна пад мінімальнымі санкцыямі. „Усходняе партнэрства“ павінна адмовіцца ад падобных бар’ераў, якія аджылі свой час».

3. Разьвіцьцё праграмы павінна суправаджацца захадамі даверу, дыялёгам паміж ЭЗ і ЭАЗ

«Абмен інфармацыяй, гарманізацыя стандартаў і тэхнічных рэглямэнтаў, ліквідацыя залішніх перашкодаў у гандлі, заахвочваньне каапэрацыі на ўзроўні краін-сяброў абодвух саюзаў — усе гэтыя пэрспэктыўныя і запатрабаваныя тэмы супрацоўніцтва палітычна нэўтральныя і працуюць на доўгатэрміновую стабільнасьць і росквіт у маштабах усёй Эўропы».

4. Беларусь — за вайсковую раўнавагу ў рэгіёне

«Нягледзячы на тое, што Беларусь — сябра АДКБ, Беларусь аднавіла вайсковую супрацу з Латвіяй, Вялікай Брытаніяй, ЗША, Нямеччынай, Літвой, Польшчай.

Мы наладжваем узаемадзеяньне з суседнімі краінамі — чальцамі NATO ў галіне абмену інфармацыяй. Пасьпяхова разьвіваецца супраца з ЗША па лініі праваахоўных органаў, у тым ліку Дзяржпагранкамітэту, Сьледчага камітэту і МУС. Мы зацікаўленыя ў заключэньні з ЗША пагадненьняў па эканамічных пытаньнях, у тым ліку па прадухіленьні двайнога падаткаабкладаньня. Разам з тым лічым глыбока памылковымі пляны ўзмацненьня вайсковай прысутнасьці ЗША на тэрыторыі суседніх зь Беларусьсю дзяржаў, у першую чаргу Польшчы. Такая вайсковая прысутнасьць парушыць раўнавагу сілаў у рэгіёне».

5. Кітай як дадатковая пэрспэктыва для праграмы

«Існуюць вельмі пэрспэктыўныя праекты з Кітаем. Гэта трохбаковыя праекты ў фармаце „КНР — краіны УП — ЭЗ“ для эфэктыўнай стыкоўкі „Вялікага Шаўковага шляху“ і транспартнай сеткі Эўразьвязу TEN-T».

6. Беларускія прапановы для разьвіцьця «Ўсходняга партнэрства»

«Дасягнуць да 2030 году трохкротнага росту экспарту з краін-партнэраў ЭЗ і інвэстыцый Эўразьвязу ў краіны „Ўсходняга партнэрства“, двухкротнага павелічэньня колькасьці працоўных месцаў у краінах-удзельніках праграмы з дапамогай ЭЗ, стымуляваць моладзевае прадпрымальніцтва, у тым ліку шляхам падтрымкі высокатэхналягічных стартапаў. „Усходняе партнэрства“ павінна служыць умацаваньню сувэрэнітэту і эканамічнага разьвіцьця кожнай з краін-партнэраў ЭЗ адпаведна яе індывідуальным перавагам».

7. Прыярытэт для Беларусі — пачатак перамоваў па базавым пагадненьні з Эўразьвязам

«Пачатак перамоваў па базавым пагадненьні Беларусь — Эўразьвяз павінен стаць галоўным прыярытэтам у дачыненьнях паміж Беларусьсю і Эўрапейскім Зьвязам у найбліжэйшай будучыні».

8. Праграма мае ўпісацца ў новую геапалітычную сыстэму Ўсходняй Эўропы

«Сёньня гэтая сыстэма характарызуецца высокай выбухованебясьпечнасьцю як вынікам вострага дэфіцыту палітычнай волі, абвастрэньня ідэалягічных і іншых рознагалосьсяў, разбурэньня рэжымаў кантролю над узбраеньнямі і мер даверу, гандлёвых і інфармацыйных войнаў».

9. Менск гатовы правесьці саміт «Усходняга партнэрства»

«Восеньню мы з калегамі з Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў плянуем правесьці ў Менску афіцыйныя мерапрыемствы высокага ўзроўню з нагоды 10-годзьдзя «Ўсходняга партнэрства ». А ў пэрспэктыве спадзяёмся прыняць у сябе і чарговы саміт «Усходняга партнэрства».​

«Усходняе партнэрства» — гэта праект Эўразьвязу, які мае на мэце разьвіцьцё інтэграцыйных сувязяў з шасьцю краінамі былога СССР: Азэрбайджанам, Армэніяй, Беларусьсю, Грузіяй, Малдовай і Ўкраінай. Стартаваў у 2009 годзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG