Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз увёў сэктаральныя санкцыі адносна Беларусі


Рада Эўразьвязу ўвяла сэктаральныя санкцыі ў дачыненьні да Беларусі, якія раней на гэтым тыдні зацьвердзілі амбасадары ЭЗ. Санкцыі тычацца нафтапрадуктаў, калійных угнаеньняў і доступу да рынкаў капіталу ЭЗ.

Санкцыі ўводзяцца пасьля інцыдэнту з прымусовай пасадкай самалёта Ryanair у Менску і наступнага затрыманьня Рамана Пратасевіча і Соф'і Сапегі, а таксама з прычыны парушэньняў правоў чалавека і рэпрэсій.

У матывацыйнай частцы прынятага рашэньня прыгадваюцца:

  • санкцыі, уведзеныя ЭЗ у 2012 годзе
  • асуджэньне Эўразьвязам у траўні 2021 году прымусовай пасадкі рэйсу Ryanair у Менску, пагрозы авіяцыйнай бясьпецы і затрыманьня ўладамі Беларусі журналіста Рамана Пратасевіча і Соф’і Сапегі
  • эскаляцыя сур’ёзных парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі і жорсткія рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці, дэмакратычнай апазыцыі і журналістаў, а таксама асобаў, якія належаць да нацыянальных меншасьцяў.

У сувязі з гэтым уводзяцца наступныя абмежавальныя захады:

  • У экспарце і перадачы абсталяваньня, тэхналёгіяў або праграмнага забесьпячэньня, прызначанага для выкарыстаньня ў інтарэсах беларускіх уладаў у маніторынгу або перахопе Інтэрнэту і тэлефоннай сувязі на мабільных або стацыянарных прыладах.
  • У экспарце ў Беларусь тавараў падвойнага прызначэньня для вайсковага выкарыстаньня.
  • У экспарце ў Беларусь тавараў, якія выкарыстоўваюцца для тытунёвых вырабаў.
  • У імпарце ў ЭЗ нафтапрадуктаў з Беларусі.
  • У імпарце ў ЭЗ калійных угнаеньняў з Беларусі,
  • У доступе на фінансавыя рынкі ЭЗ ўраду Беларусі, а таксама беларускім дзяржаўным фінансавым інстытутам і субʼектам.
  • Эўрапейскаму інвэстыцыйнаму банку забаронена фінансаваць праекты ў дзяржаўным сэктары Беларусі.

Адпаведныя пункты рашэньня фармулююцца наступным чынам:

  • Забараняецца закупка, імпарт альбо перадача зь Беларусі 5 гатункаў нафтапрадуктаў.
  • Забараняецца закупка, імпарт альбо перадача зь Беларусі 5 гатункаў вырабаў з хлёрыстага калію.
  • Забараняецца наўпрост ці ўскосна купляць, прадаваць, надаваць інвэстыцыйныя паслугі альбо дапамогу ў выпуску зваротных каштоўных папераў з тэрмінам пагашэньня больш за 90 дзён Беларусбанку, Белінвэстбанку і Белаграпрамбанку.
  • Забараняецца наўпрост ці ўскосна заключаць альбо ўдзельнічаць у якіх-небудзь дамоўленасьцях аб выдачы новых пазыкаў альбо крэдытаў з тэрмінам пагашэньня больш за 90 дзён Беларусбанку, Белінвэстбанку і Белаграпрамбанку.

Што было раней

  • На пасяджэньні ў Люксэмбургу 21 чэрвеня міністры замежных справаў Эўразьвязу зацьвердзілі чацьвёрты пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі пакет санкцыяў супраць беларускага рэжыму.
  • 17 чэрвеня высокі прадстаўнік ЭЗ у замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль заявіў, што трыгерам для ўвядзеньня эканамічных санкцыяў супраць беларускага рэжыму стаў інцыдэнт з самалётам Ryanair у Менску.
  • «У выпадку зь Беларусьсю, калі б не было згону гэтага самалёта, мы б не абмяркоўвалі эканамічных санкцыяў. Гэтая падзея справакавала адказ», — заявіў ён.
  • 21 чэрвеня Бурэль заявіў, што эканамічныя сэктаральныя санкцыі ЭЗ супраць Беларусі будуць разгледжаныя на саміце ЭЗ 24–25 чэрвеня і зацьверджаныя пасьля яго.

Эўразьвяз на мінулым тыдні зацьвердзіў чацьвёрты пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году пакет санкцыяў супраць уладаў Беларусі. У абмежавальным сьпісе 78 чалавек і восем кампаній, актывы якіх будуць замарожаныя. Усьлед за ЭЗ санкцыі супраць фізычных і юрыдычных асобаў, зьвязаных з рэжымам Лукашэнкі, увялі ЗША, Канада і Вялікая Брытанія.

У санкцыйны сьпіс трапілі такія кампаніі, як МАЗ, БелАЗ, «Белаэранавігацыя», Bremino Group, Globalcustom, «Новая нафтавая кампанія», Logex і Sohra. Сярод фізычных асобаў — судзьдзі, сьледчыя, пракуроры, дэпутаты, прадстаўнікі дзяржаўных мэдыя, адміністрацыя некаторых ВНУ, чыноўнікі і бізнэсоўцы.

Аляксандар Лукашэнка, камэнтуючы новы пакет санкцыяў Захаду супраць яго рэжыму, заявіў, што «сьвет сёньня не замыкаецца толькі на Эўрапейскім Зьвязе» і на плянэце дастаткова краін для супрацоўніцтва.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG