Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На саміце ЭЗ разгарэлася спрэчка пра вугорскі закон аб «прапагандзе ЛГБТ»


Віктар Орбан на саміце ЭЗ, Брусэль, 24 чэрвеня 2021
Віктар Орбан на саміце ЭЗ, Брусэль, 24 чэрвеня 2021

Лідэры шэрагу краінаў Эўразьвязу ўступілі ў чацьвер на саміце ЭЗ у Брусэлі ў жорсткую дыскусію з прэм’ер-міністрам Вугоршчыны Віктарам Орбанам, асуджаючы яго за прыняты нядаўна ў Вугоршчыне закон, які абмяжоўвае правы ЛГБТ.

Закон, у прыватнасьці, забараняе выкарыстоўваць у навучальных праграмах для непаўналетніх матэрыялы, якія могуць разглядацца як «прапаганда ЛГБТ». Крытыкі дакумэнту параўноўваюць яго зь дзейным у Расеі законам аб забароне так званай «прапаганды гомасэксуалізму».

Сярод тых, хто ўступіў з Орбанам у спрэчкі, былі прэмʼер-міністар Нідэрляндаў Марк Рутэ і прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон. Пра гэта расказалі яны самі. Агенцтва Reuters апісвае дыскусію як самую вострую на самітах ЭЗ за апошнія некалькі гадоў.

Абодва палітыкі — Рутэ і Макрон — заявілі, што выступілі ў абарону «эўрапейскіх каштоўнасьцяў», і сказалі Орбану, што калі ён гэтыя каштоўнасьці не прызнае, то Вугоршчыне пад яго кіраўніцтвам варта было б пакінуць ЭЗ. Прэзыдэнт Францыі сказаў, што выступае за тое, каб Вугоршчына засталася ў складзе Эўразьвязу, але пры гэтым заклікаў да «культурнай і цывілізацыйнай барацьбы» супраць палітыкі ўладаў гэтай краіны.

Лідэры 17 з 27 краінаў ЭЗ падпісалі дакумэнт з заклікам да Будапэшту адмяніць закон і выконваць правы чалавека, у тым ліку прадстаўнікоў ЛГБТ. Не падтрымалі гэты ліст галоўным чынам суседзі Вугоршчыны, у прыватнасьці, Польшча і Славенія.

Кіраўніцтва ЭЗ таксама можа зьвярнуцца ў Эўрапейскую судовую палату з хадайніцтвам аб ацэнцы вугорскага закону. Тэарэтычна гэтая спрэчка можа прывесьці да таго, што Вугоршчына страціць фінансаваньне з эўрапейскіх фондаў.

  • Спрэчка вакол вугорскага закону была не адзіная на саміце ЭЗ. Лідэры ня здолелі прыйсьці да згоды таксама ў пытаньні аб мэтазгоднасьці правядзеньня саміту з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным. Рознагалосьсі прызнаў пасьля саміту Макрон. Ён зьдзівіўся, што лідэры краінаў Балтыі і шэрагу іншых дзяржаваў, якія выступілі супраць перамоваў з Расеяй на вышэйшым узроўні, не пярэчылі супраць таго, каб з Пуціным сустракаўся прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн. Па словах Макрона, сам ён з Пуціным сустракаўся і будзе сустракацца, але важны адзіны падыход ЭЗ да адносінаў з Расеяй.
  • Пасьля доўгай дыскусіі, у якой галасы за і супраць саміту падзяліліся прыкладна пароўну, лідэры ЭЗ адмовіліся ад ідэі правесьці сустрэчу з Пуціным у бліжэйшы час. У Крамлі выказалі расчараваньне ў сувязі з гэтым.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG