Лінкі ўнівэрсальнага доступу

​​​​​​​Не адразу і не на ўсё. Як будуць працаваць сэктаральныя санкцыі Эўразьвязу. Разьбіраемся


24 чэрвеня Эўразьвяз увёў сэктаральныя санкцыі ў дачыненьні да Беларусі.

Сярод іншага, яны закранулі дзьве крыніцы прытоку валюту ў краіну: нафтапрадукты і калійныя ўгнаеньні. Але адразу ад беларускага калію і нафтапрадуктаў у ЭЗ не адмовяцца.

Як будуць працаваць санкцыі адносна калійнай вытворчасьці

У афіцыйным часопісе ЭЗ, дзе апублікаваныя сэктаральныя санкцыі, прапісана чатыры канкрэтныя катэгорыі тавараў, на якія накладзеныя абмежаваньні. У калійнай сфэры — гэта чатыры прадукты:

  • Хлярыд калію з утрыманьнем калію ня больш за 40% на сухі бязводны прадукт (код 3104 20 10)
  • Хлярыд калію з утрыманьнем калію па масе больш за 62% на сухі бязводны прадукт (код 3104 20 90)
  • Мінэральныя ці хімічныя ўгнаеньні, якія ўтрымліваюць тры элемэнты: азот, фосфар і калій (код 3105 20 10 і 3105 20 90)
  • Мінэральныя ці хімічныя ўгнаеньні, якія ўтрымліваюць два элемэнты: фосфар і калій (код 3105 60 00)

Яшчэ адзін пункт кажа пра «ўсе астатнія ўгнаеньні, якія ўтрымліваюць хлярыд калію», але там жа пазначаныя коды тавараў, на якія ўводзяцца абмежаваньні (код ex 3105 90 20 і ex 31059080’).

Асноўны прадукт для беларускай калійнай вытворчасьці — гэта ўгнаеньні для сельскай гаспадаркі: хлярыд калію з утрыманьнем калію ў пераліку на К2О больш за 40%, але ня больш за 62% у пераліку на сухую бязводную рэшту. Менавіта гэты прадукт у асноўным ідзе на экспарт. Код гэтага прадукту — 3104 20 500 0, і якраз ён у часопісе ЭЗ не пазначаны. Пра гэта кажа старшы фінансавы аналітык «Альпары Эўразія» Вадзім Іосуб.

Вадзім Іосуб.
Вадзім Іосуб.

«Асобна кадзіруецца калій для сельскай гаспадаркі, у яўным выглядзе ў сьпісе яго няма. То бок асноўны тавар, калі чытаць часопіс ЭЗ, — не падпадае пад сэктаральныя санкцыі. Магчыма, ёсьць блытаніна ў самім рашэньні», — кажа Вадзім Іосуб.

Да таго ж існуюць удакладненьні, што санкцыі ня дзейнічаюць адносна дамоваў, якія падпісаныя да 25 чэрвеня 2021 году. То бок калі кантракт быў заключаны на год за дзень да ўвядзеньня санкцый, ён будзе працаваць да моманту свайго заканчэньня.

Як будуць працаваць санкцыі адносна нафтапрадуктаў

У сьпіс нафтапрадуктаў трапілі ўсе асноўныя катэгорыі тавараў, якія Беларусь экспартуе ў ЭЗ.

Гэта бітумныя і нафтавыя алівы, нафтавы газ, кокс і бітум, бітумныя сумесі і мастыкі.

У сьпісе не называецца бэнзін, дызэльнае паліва і іншыя субпазыцыі, якія да іх адносяцца. Аднак гэтыя прадукты — частка макракоду 2710, які прапісаны ў афіцыйным часопісе ЭЗ. Значыць, санкцыі распаўсюджваюцца і на гэтыя тавары.

Таксама рэзыдэнтам ЭЗ нельга аказваць тэхнічную дапамогу, дапамогу ў перавозцы нафтапрадуктаў беларускай вытворчасьці, брокерскія паслугі, фінансавыя паслугі.

«Па сутнасьці, усе нафтапрадукты падпадаюць пад санкцыі, але там таксама ёсьць агаворка пра заключаныя да 25 чэрвеня кантракты. То бок заўтра экспарт ня спыніцца. Гэта лягічна, бо калі перастаць дзейнічаць па падпісаных дамовах, можна атрымаць суд і штраф», — кажа Вадзім Іосуб.

Значыць, калі кантракты на нафтапрадукты падпісаныя раней за 25 чэрвеня гэтага году, яны працягнуць працаваць і пастаўкі будуць. Звычайна такія кантракты афармляюць за год.

Хто набывае беларускія нафтапрадукты і калійныя ўгнаеньні

Летась Беларусь прадала нафтапрадуктаў на 2,7 мільярда даляраў. Асноўныя пакупнікі:

  • Украіна (1,2 мільярда даляраў)
  • Вялікая Брытанія (711,5 мільёна даляраў)
  • Нідэрлянды (364,4 мільёна даляраў)
  • Данія (89 мільёнаў даляраў)
  • Польшча (76,8 мільёна даляраў)

Украіна пакуль не далучалася да сэктаральных санкцый ЭЗ.

За мінулы год Беларусь прадала калійных угнаеньняў на 2,4 мільярда даляраў. Асноўныя пакупнікі:

  • Бразылія (522 мільёны даляраў за год)
  • Кітай (320 мільёнаў даляраў)
  • Індыя (290 мільёнаў даляраў)
  • Інданэзія (139 мільёнаў даляраў)

На долю ЭЗ прыпадае каля 8% экспарту калійных угнаеньняў. Пастаўкі рэалізуюцца праз Клайпедзкі порт. Гэта стане немагчымым, калі ранейшыя кантракты скончацца, а санкцыі яшчэ будуць працаваць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG