«Беларусь не зьбіраецца моўчкі за гэтым назіраць. У найбліжэйшыя тыдні паступова будуць запушчаныя ў дзеяньне захады ў адказ, пра якія мы неаднаразова заяўлялі. Эўрапейскім палітыкам даўно пара зразумець: ціск і санкцыі — гэта ня тая мова, на якой варта размаўляць з Беларусьсю. Пры гэтым мы застаёмся адкрытымі для раўнапраўнага дыялёгу і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з тымі, хто бачыць у Беларусі партнэра, а не аб’ект для геапалітычных дамаганьняў і экспэрымэнтаў», — гаворыцца ў заяве МЗС Беларусі.
«Пасьля вераломнай сумеснай атакі 22 чэрвеня 2021 г. з боку восі ЭЗ, ЗША, Вялікабрытаніі і Канады на беларусаў, на працоўныя калектывы нашых прадпрыемстваў, бізнэсмэнаў, журналістаў, а таксама дэпутатаў толькі за тое, што яны выказваюць уласнае меркаваньне, было цалкам зразумела, што будзе зроблена новая дарэмная спроба паступова душыць нашых грамадзян», – гаворыцца ў заяве.
«Выступаючы нібыта ў падтрымку свабоды самавыяўленьня, Эўразьвяз выпальвае ўсе, што ня ўпісваецца ў эўрацэнтрычную карціну сьвету. Напэўна, гэта і ёсьць сутнасьць іх дэмакратыі. Пры гэтым дадзеныя краіны ўжо нават не спрабуюць шукаць ці „прыцягваць за вушы“ хаця б нейкія міжнародна-прававыя падставы і тлумачэньні для такіх дзеяньняў. Таму што іх няма. Ёсьць толькі мэта разлажыць і падарваць сувэрэнную і незалежную дзяржаву, якая праводзіць самастойную вонкавую і ўнутраную палітыку на аснове рэальных інтарэсаў беларускага народу», — гаворыцца ў заяве.
Рада Эўразьвязу 24 чэрвеня ўвяла сэктаральныя санкцыі ў дачыненьні да Беларусі, якія раней на гэтым тыдні зацьвердзілі амбасадары ЭЗ. Санкцыі тычацца нафтапрадуктаў, калійных угнаеньняў і доступу да рынкаў капіталу ЭЗ.
Санкцыі ўведзеныя пасьля інцыдэнту з прымусовай пасадкай самалёта Ryanair у Менску і наступнага затрыманьня Рамана Пратасевіча і Соф’і Сапегі, а таксама з прычыны масавых парушэньняў правоў чалавека, эскаляцыя рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасьці, дэмакратычнай апазыцыі і журналістаў, а таксама асобаў, якія належаць да нацыянальных меншасьцяў.
Уводзяцца наступныя абмежавальныя захады:
- У экспарце і перадачы абсталяваньня, тэхналёгіяў або праграмнага забесьпячэньня, прызначанага для выкарыстаньня ў інтарэсах беларускіх уладаў у маніторынгу або перахопе Інтэрнэту і тэлефоннай сувязі на мабільных або стацыянарных прыладах.
- У экспарце ў Беларусь тавараў двайнога прызначэньня для вайсковага выкарыстаньня.
- У экспарце ў Беларусь тавараў, якія выкарыстоўваюцца для тытунёвых вырабаў.
- У імпарце ў ЭЗ нафтапрадуктаў з Беларусі.
- У імпарце ў ЭЗ калійных угнаеньняў з Беларусі.
- У доступе на фінансавыя рынкі ЭЗ ўраду Беларусі, а таксама беларускім дзяржаўным фінансавым інстытутам і субʼектам.
- Эўрапейскаму інвэстыцыйнаму банку забаронена фінансаваць праекты ў дзяржаўным сэктары Беларусі.