Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Патэнцыйны эфэкт ад санкцыяў можа скласьці да 7% падзеньня ВУП», — эканаміст


Старшы навуковы супрацоўнік Beroc Леў Львоўскі аналізуе аспэкты і акалічнасьці ўведзеных Эўразьвязам санкцыяў, адказвае на пытаньне, ці магчыма будзе іх абысьці, і прагназуе, як Расея будзе выкарыстоўваць гэтую сытуацыю.

Сьцісла

  • У санкцыйным рашэньні Эўразьвязу пералічаны макракод 2710, і ў яго, гледзячы па ўсім, уваходзяць бэнзін і дызэльнае паліва.
  • Калі санкцыі пачнуць рэальна працаваць, то абысьці іх будзе амаль немагчыма.
  • Адзін з эфэктаў эўрапейскіх санкцыяў — цяпер усе паслугі ад Расеі мы будзем атрымліваць значна даражэйшымі.
  • Расейскія партнэры выкарыстоўваю санкцыі як нагоду для перадзелу прыбытку.
Леў Львоўскі
Леў Львоўскі

— Экспэрты і эканамісты вось ужо другі дзень актыўна вывучаюць усе асаблівасьці і канкрэтыку ўведзеных Эўразьвязам электаральных санкцыяў адносна Беларусі. Ужо гучаць думкі, што абвешчаныя санкцыі аказаліся не настолькі жорсткімі, як можна было чакаць. Напрыклад, расейскае выданьне «Коммерсантъ» піша, што «абмежаваньні ня тычацца ключавых тавараў — дызэльнага паліва, бэнзіну і хлёрыстага калію, які прымяняецца для ўгнаеньняў». Ці можна ўжо сёньня хаця б прыблізна ацаніць, які ўплыў гэтыя санкцыі могуць зрабіць на беларускую эканоміку?

— Тры галоўныя пытаньні, якія пакуль не зусім зразумелыя з дакумэнту аб увядзеньні санкцыяў.

Першае. У рашэньні Эўразьвязу ёсьць пункт, што ўсе гэтыя абмежаваньні і санкцыі ня тычацца дамоваў, заключаных да 25 чэрвеня 2021 году. Адпаведна, той момант, калі санкцыі набудуць моц дэ-факта, наступае толькі тады, калі закончыцца дзеяньне дамоваў на транзыт і пастаўку тых ці іншых тавараў. Пакуль што мы ня ведаем, на які час заключаныя тыя ці іншыя дамовы, і гэта добры матэрыял для дасьледаваньняў журналістаў.

Вядома, напрыклад, што дамовы на транзыт калію заключаныя ажно да 2023 году. Што тычыцца нафты, то там кантракты на транзыт больш кароткія і пераважна заканчваюцца ў 2021 годзе.

Другое пытаньне. Адна з групаў хлёрыстага калію сапраўды ня ўключаная ў санкцыйныя сьпісы. І мы пакуль дакладна ня ведаем, наколькі гэта важная катэгорыя. Некаторыя СМІ заяўляюць, што гэта ледзь ня самая маштабная катэгорыя, але незразумела, на чым грунтуюцца гэтыя сьцьвярджэньні.

Што тычыцца бэнзіну і дызэльнага паліва. З таго, што змаглі знайсьці я і калегі, атрымліваецца, што «Коммерсантъ» памыляецца, калі піша, што «абмежаваньні ня тычацца ключавых тавараў — дызпаліва, бэнзіну...» У санкцыйным рашэньні Эўразьвязу пералічаны макракод 2710, і ў яго, гледзячы па ўсім, уваходзіць бэнзін і дызэльнае паліва. Дастаткова сказаць, што ў 2019 годзе Беларусь па гэтым кодзе наэкспартавала на 5,2 мільярда даляраў.

Трэці чыньнік, якога мы пакуль ня ведаем, — рэакцыя іншых краінаў. У прыватнасьці, мы чакаем санкцыйных сьпісаў ад ЗША, а Вашынгтон традыцыйна накладвае больш жорсткія за Эўразьвяз санкцыі. Бо ЗША эканамічна зь Беларусьсю зьвязаныя значна меней і могуць дазволіць сабе больш рэзкія эканамічныя рашэньні. Потым, істотна, у якой ступені да санкцыяў далучыцца Вялікая Брытанія. Гэта вельмі важная краіна, бо вельмі многія трэйдынгавыя кампаніі знаходзяцца менавіта ў Лёндане.

Таксама вельмі важнае пытаньне — рэакцыя Ўкраіны, аднаго з галоўных спажыўцоў беларускіх нафтапрадуктаў. Украіна тут знаходзіцца ў вельмі складанай сытуацыі, бо Кіеў імкнецца сваю замежную палітыку ўзгадняць з Эўразьвязам, хочуць быць разам з эўрапейцамі. Але з другога боку, Украіна купляла беларускія нафтапрадукты як альтэрнатыву расейскім, і калі яны далучацца да санкцыяў, то не зусім зразумела, як хутка яны могуць замяніць іх нейкімі іншымі.

— Ці магчыма ўжо цяпер хаця б прыблізна ацаніць патэнцыйныя маштабы стратаў для беларускай эканомікі — ад мінімальнага да максымальнага варыянту?

— Магчыма, але «нажніцы», разыходжаньні ў варыянтах будуць вельмі вялікімі. Першы істотны эфэкт наступіць прыблізна праз паўгода. Нядаўна калегі эканамісты ацанілі патэнцыйны эфэкт ад санкцыяў прыблізна да 7 адсоткаў падзеньня ВУП.

— Калі палітычныя абставіны ня зьменяцца і санкцыі запрацуюць па максымальным варыянце, якія шанцы мае Беларусь перанакіраваць свой экспарт, а таксама абысьці санкцыі рознымі шляхамі, рэгіструючы новыя фірмы і гэтак далей. Афіцыйная прапаганда ўжо цяпер спрабуе пераканаць, што абысьці гэтыя санкцыі будзе ня так і складана.

— Калі санкцыі пачнуць рэальна працаваць, то абысьці іх будзе амаль немагчыма. Рэч у тым, што ў санкцыйным рашэньні не апісаны нейкія канкрэтныя кампаніі, а сказана аб прадуктах (напрыклад, нафтапрадуктах і каліі), якія паходзяць зь Беларусі. То бок, калі вы зарэгіструеце новую фірму, паходжаньне гэтых рэсурсаў не памяняецца.

Натуральна, санкцыі часта спрабуюць абыходзіць. Але ў дакумэнце Эўразьвязу напісана, што прадугледжваюцца таксама «другасныя санкцыі» за спробу абыходу прызначаных санкцыяў.

Наконт перанакіраваньня. Перанакіроўваць калійныя плыні вельмі складана. Тое, што абмяркоўваецца апошнія паўгода — перанакіраваньне калію праз Расею — мае галоўную праблему, транспарт. Трэба вельмі шмат транспарту, новых вагонаў, пераабсталяваньня тэрміналаў — усе гэта запатрабуе шмат грошай, размова ідзе пра сотні мільёнаў даляраў.

— Калі ўжо казаць пра «другасныя санкцыі», то першымі пра гэта заявілі амэрыканцы. Тыя фірмы, якія будуць супрацоўнічаць зь беларускімі прадпрыемствамі, што трапілі пад санкцыі, самі трапяць пад санкцыі. Апошнім часам шмат пішуць аб праблемах з пастаўкамі расейскай нафты на беларускі завод «Нафтан». Ці лічыце вы, што расейскія трэйдэры ня хочуць пастаўляць нафту ў Беларусь сапраўды праз амэрыканскія другасныя санкцыі? Ці яны проста выкарыстоўваюць санкцыі ЗША як нагоду націснуць на беларускіх партнэраў, выбіць зь іх лепшыя ўмовы?

— Пакуль дакладна немагчыма сказаць. Ёсьць некаторыя чыньнікі, якія ўказваюць, што расейскія нафтатрэйдэры выкарыстоўваюць сытуацыю з санкцыямі, каб выціснуць зь беларускіх партнэраў па максымуме. Але гэта таксама зьяўляецца адным з эфэктаў санкцыяў. Бо цяпер, натуральна, усе паслугі ад Расеі мы будзем атрымліваць значна даражэйшымі.

Увогуле, пэўныя перабоі з пастаўкамі расейскай нафты на «Нафтан» зьявіліся яшчэ да прыняцьця сэктаральных санкцыяў. Тут можна зрабіць выснову, што расейскія партнэры выкарыстоўваю санкцыі як нагоду для перадзелу прыбытку.

З другога боку, мы ведаем, што расейскія кампаніі ня вельмі хочуць трапляць пад санкцыі. Многія з расейскіх нафтавых кампаніяў — публічныя кампаніі, якія прысутнічаюць на міжнародным рынку акцыяў.

У эўрапейскім пакеце санкцыяў напісана, што калі хтосьці сьвядома дапамагае беларускім прадпрыемствам пазьбягаць санкцыяў, то такія кампаніі таксама будуць трапляць пад санкцыі Эўразьвязу. Так што будзем глядзець на правапрымяненьне.

— Сярод розных аспэктаў санкцыяў ёсьць і фінансавы аспэкт, забаронена выдаваць Беларусі крэдыты, аказваць макраэканамічную дапамогу дзяржаўным структурам і гэтак далей. Як гэта паўплывае на фінансавы стан Беларусі на міжнародных рынках?

— Тут пасьля гэтага рашэньня ў Беларусі асабліва нічога не памяняецца. Паколькі нефармальна такія фінансавыя абмежаваньні ўжо дзейнічалі ў дачыненьні Беларусі пасьля жніўня 2020 году. Ніякіх крэдытаў ад міжнародных арганізацыяў Беларусь не атрымлівала і нават не спрабавала аб гэтым прасіць, ня кажучы пра разьмяшчэньне эўрабандоў на заходніх фінансавых біржах. Так што санкцыі проста афармляюць практыку, якая ўжо склалася.

Калі пасьля жніўня-2020 Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця перастаў выдаваць новыя крэдыты беларускіх прадпрыемствам са сваёй ініцыятывы, то цяпер гэта ўжо запісана на заканадаўчым узроўні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG