Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За «экстрэмісцкае» фота партал Hrodna.life аштрафавалі на 15 тысяч рублёў


Аляксей Шота ў судзе. Горадня, 18 чэрвеня 2021 году.
Аляксей Шота ў судзе. Горадня, 18 чэрвеня 2021 году.

Горадзенскі партал Hrodna.life асудзілі на 14 500 рублёў штрафу за публікацыю фота з лягатыпам тэлеграм-канала, забароненага беларускімі ўладамі.

Галоўны рэдактар парталу Аляксей Шота выступаў у судзе як прадстаўнік юрыдычнай асобы. Раней за гэты ж выпадак аштрафавалі на 725 рублёў рэдактарку праектаў парталу Ірыну Новік. Агулам супрацоўнікі рэдакцыі маюць заплаціць за разьмяшчэньне «незаконнага» здымка 15225 рублёў.

Справу Шоты разглядала судзьдзя Ганна Лявусік. Партал Hrodna.life абвінавацілі ў тым, што на ім 24 траўня ў артыкуле пра лайнэр Ryanair разьмясьцілі фота самалёта зь лягатыпам «экстрэмісцкага» тэлеграм-каналу.

Па гэтай справе раней затрымлівалі Шоту, а пазьней Новік. У абаіх дома правялі агляд. Шоту адпусьцілі ў той жа дзень, Новік пратрымалі амаль трое сутак у горадзенскай турме і далі штраф.

Як патлумачыў сьведка ў справе, міліцыянт Ленінскага РАУС Горадні Андрэй Пігульскі, ён выявіў «экстрэмісцкае» фота. Горадзенскія сайты праглядаюць на наяўнасьць «экстрэмізму» амаль кожны дзень. Сьпіс сайтаў Пігульскі назваць ня здолеў, прывёў у прыклад толькі Hrodna.life i Newgrodno.

На судзе прысутнічаў прадстаўнік ад УУС міліцыянт Ленінскага РАУС Горадні Вадзім Налівайка.

Аляксей Шота выступаў у судзе як прадстаўнік юрыдычнай асобы. Ён патлумачыў, што заўважыў публікацыю фатаздымка праз 5 гадзін пасьля публікацыі і адразу яго выдаліў.

Гэта ўжо другі раз сёлета, калі Hrodna.life судзяць за «экстрэмізм». Папярэдні штраф складаў 400 базавых вялічыняў.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG