У Горадні 30 траўня вызвалілі пасьля затрыманьня галоўнага рэдактара папулярнага мясцовага парталу Hrodna.life Аляксея Шоту.
Як расказаў сам Шота, яго затрымалі каля 13:40 каля ягонага дому людзі ў цывільным. Яны не прадставіліся, сказалі сесьці ў мікрааўтобус.
Яго завезьлі ў Ленінскі РАУС Горадні. Прычынай стаў матэрыял пра тое, што сусьветныя мэдыя пісалі пра пасаджаны ў Беларусі самалёт Ryanair. Адной з ілюстрацый да матэрыялу была фатаграфія зь лягатыпам тэлеграм-каналу, які беларускія ўлады прызналі экстрэмісцкім.
«Там быў вельмі бляклы блакітны лягатып на блакітным фоне. Магчыма, чалавек, які ставіў фота, проста яго не заўважыў. Я ў гэты час займаўся дырэктарскімі справамі. Калі я ўбачыў гэтае фота, мы адразу яго прыбралі. Яно правісела літаральна некалькі гадзін. Значыць, і гэтага міліцыі было дастаткова, каб зрабіць скрын», — кажа Шота.
Шота адзначыў, што гэта ня ён выстаўляў матэрыял. Гэта магла зрабіць рэдактарка Ірына Новік. Да яе нядаўна прыехала міліцыя з аглядам.
Паводле новага Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях, гэта адміністрацыйны артыкул 19.11. Юрыдычнай асобе пагражае штраф да 500 базавых велічыняў.
У РАУСе Шоту правялі асабісты агляд. Яму давялося зьняць усё, у тым ліку сподняе, і прысядаць. Пэўны час ён правёў у невялікай камэры з чалавекам у бруднай вопратцы, ад якога моцна сьмярдзела. Агулам да яго ставіліся ветліва, прапанавалі ваду.
Шоту завезьлі дадому на агляд памяшканьня. Забралі ноўтбук, тэлефон, тры жорсткіх дыскі і бел-чырвона-белы парасон.
Горадзенская міліцыя пракамэнтавала ў сацыяльнай сетцы УКантакце затрыманьне галоўнага Hrodna life.
«Падчас маніторынгу сеткі інтэрнэт супрацоўнікамі Ленінскага РАУС Гродна выяўлены факт разьмяшчэньня сайтам Hrodna life інфармацыйнай прадукцыі, прызнанай ва ўстаноўленым парадку экстрэмісцкай», — гаворыцца ў паведамленьні.
Як выявілася, відэа пра затрыманьне Шоты на YouTube апублікавалі за два дні да самога затрыманьня. У інтэрнэце выявілі спасылку з пазнакай «не для ўсіх», дзе супрацоўнік сілавых структур распавядае пра агляд па месцы жыхарства Шоты па новай справе. Відэа апублікавалі яшчэ 28 траўня.
Сам Шота кажа пра адну з вэрсій, чаму яго затрымалі праз два дні пасьля выстаўленага відэа — ён у пятніцу і суботу праводзіў увесь дзень зь дзецьмі і зь імі бавіўся на вуліцы бязь іншых дарослых.
Перасьлед Hrodna.life уладамі
Hrodna.life ўжо раней судзілі па гэтым артыкуле — аштрафавалі на 12 325 рублёў.
Пасьля сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў у жніўні 2020 аўдыторыя сайту рэзка павялічылася, аднак разам з гэтым пачасьціліся візыты сілавікоў у рэдакцыю, у тым ліку з ператрусамі. Частка журналістаў, у прыватнасьці вядучы рэпартэр парталу Руслан Кулевіч вымушана пакінулі Беларусь. Сёлета ў сакавіку Шоту і рэдакцыю Hrodna.life аштрафавалі на 12 325 рублёў за «распаўсюд інфармацыі, якую ўключылі ў сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» (ч. 2 арт. 17.11 КаАП).
«Цябе ў любы момант могуць закрыць з надуманай прычыны. Няўжо раней газэты не выкідалі з падпісных каталёгаў? Ці не заводзілі справы на журналістаў? Раней улады стараліся падладжваць справу пад закон, цяпер яны не замарочваюцца доказамі», — казаў Шота ў травеньскім інтэрвію Свабодзе.
Аляксею Шоту 32 гады. Ён скончыў магістратуру ў Ягелёнскім унівэрсытэце ў Кракаве па палітычных навуках у 2011 годзе. Вучыўся ў Школе мэдыямэнэджмэнту, Школе маладых мэнэджараў публічнай адміністрацыі. Разьведзены, мае дваіх дзяцей.
Інтэрнэт-партал Hrodna.life працуе з 2016 году. Ён паўстаў на базе папярэдняга сайту «Твой стыль» (2007–2015), дзе публікавалі матэрыялы навучэнцаў Школы журналістыкі.
У 2015–2016 гадах партал прайшоў поўны рэбрэндынг. Перадусім ён існуе за кошт рэклямы, продажу кантэнту і ахвяраваньняў чытачоў.