Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь як яблык разладу. Дыскусія экспэртаў


Уладзімір Пуцін і Джо Байдэн, Жэнэва, 16 чэрвеня 2021
Уладзімір Пуцін і Джо Байдэн, Жэнэва, 16 чэрвеня 2021

Ці вяртаюцца амэрыканска-расейскія адносіны ў часы Ніксана і Брэжнева? Ці сапраўды ЗША і Расея засталіся непахіснымі ў сваіх пазыцыях адносна Беларусі? Як новая атмасфэра ў адносінах Вашынгтону і Масквы можа паўплываць на палітыку Расеі ў Беларусі?

Гэтыя тэмы ў «Праскім акцэнце» абмяркоўваюць палітычны аналітык Валер Карбалевіч, дырэктарка міжнароднага аналітычнага цэнтру GLOBSEC Policy Institute Алена Кудзько і кіраўнік Цэнтру стратэгічных і зьнешнепалітычных дасьледаваньняў Арсень Сівіцкі.

Карбалевіч

  • Падчас «халоднай вайны» ЗША і СССР былі дзьве звышдзяржавы.
  • Цяпер Расея мае зусім ня тую вагу, якую меў Савецкі Саюз.
  • Тады былі зразумелыя рамкі, «чырвоныя лініі», якія грунтаваліся на стратэгічным балянсе.
Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч
  • Цяпер тая сыстэма разбураная, новай няма.
  • Мэтай саміту магло стаць вызначэньне рамак, у якіх будзе і далей адбывацца канфрантацыя.
  • У свой час саміт Трамп — Пуцін скончыўся нічым. Цяперашні саміт Байдэн — Пуцін можа скончыцца тым жа самым.
  • Беларускае пытаньне на саміце не магло быць вырашанае, бо ня знойдзеныя гэтыя самыя рамкі амэрыкана-расейскіх адносінаў.
  • З заявы Байдэна вынікае, што Пуцін прызнаў наяўнасьць беларускай праблемы.
  • А Пяскоў пасьпяшаўся абвергнуць гэта.
  • Расея лічыць, што Беларусь — гэта яе «задні двор», і ЗША наагул не павінны сюды ўмешвацца.
  • А ЗША адмаўляюць канцэпцыю зонаў уплыву.

Кудзько

  • У чым згодныя Байдэн і Пуцін — што адносіны вельмі кепскія.
  • Вялікіх чаканьняў ад гэтага саміту не было.
  • У савецкія часы было вядома, хто каму павінен патэлефанаваць, каб адносіны ня сталі яшчэ горшымі.
Алена Кудзько
Алена Кудзько
  • Я ня думаю, што гэты саміт мае вялікае стратэгічнае значэньне.
  • Ён можа так інтэрпрэтавацца ў Расеі, але я б не праводзіла паралеляў з амэрыканска-савецкімі адносінамі ў 70-я гады.
  • Для Пуціна пытаньне Навальнага — гэта экзыстэнцыйнае пытаньне, пытаньне яго выжываньня.
  • Кібэрбясьпека — гэта для Пуціна пытаньне, па якім можна таргавацца.
  • Я ня бачу вялікай супярэчнасьці паміж тым, што сказаў Байдэн і што сказаў Пяскоў.
  • Магчыма, яны сапраўды пагадзіліся ў тым, што Лукашэнка страціў народную падтрымку, але разышліся ў думках, што ж у гэтай сытуацыі рабіць.

Сівіцкі

  • Ніхто не чакаў сур’ёзных прарываў ад гэтага саміту
  • Парадак дня саміту быў вельмі шырокі, акрамя стратэгічнай стабільнасьці ён уключаў у сябе абмеркаваньне сытуацый у розных канфліктных пунктах.
  • Беларускае пытаньне абмяркоўвалася якраз у гэтай апошняй групе пытаньняў рэгіянальных «гарачых пунктаў».
Арсень Сівіцкі
Арсень Сівіцкі
  • Нягледзячы на рознагалосіцу паміж заявамі прэзыдэнта Байдэна і прэсавага сакратара Пуціна Пяскова, мне падаецца, што беларускае пытаньне, з прычыны яго малой значнасьці для Вашынгтону, — гэта тая сфэра, дзе пэўнае супрацоўніцтва магчымае.
  • Вядома, што па беларускім пытаньні праводзілася пэўная падрыхтоўчая праца напярэдадні саміту.
  • З гэтай прычыны ў перамовах браў удзел намесьнік кіраўніка крамлёўскай адміністрацыі Козак, які курыруе палітыку адносна постсавецкай прасторы.
  • Вельмі паказальна, што напярэдадні саміту ў ЗША зьявіліся публікацыі, у якіх абмяркоўвалася і прапаноўвалася формула ўгоды паміж ЗША і Расеяй.
  • Я маю на ўвазе артыкул былога дарадцы прэзыдэнта ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі Джона Болтана.
  • ЗША зыходзяць з таго, што ня маюць інструмэнтаў уплыву на Лукашэнку.
  • ЗША прызнаюць, што ўмяшаньне Масквы ў беларускі крызіс патрэбнае, але яно павінна адбывацца ў пэўных межах.
  • Крэмль атрымаў своеасаблівы карт-блянш, але гэта не павінна прывесьці да інкарпарацыі Беларусі ў Расею.

Што было раней

  • 16 чэрвеня ў Жэнэве адбылася сустрэча прэзыдэнтаў ЗША — Джо Байдэна і Расеі — Уладзіміра Пуціна.
  • На прэсавай канфэрэнцыі пасьля саміту Пуцін сказаў, што на ім прамільгнулі «зарніцы даверу».
  • Паводле Пуціна, бакі дамовіліся аб вяртаньні ў найбліжэйшым часе амбасадара ЗША ў Маскву і расейскага амбасадара ў Вашынгтон.
  • Паводле Пуціна, бакі дамовіліся аб пачатку кансультацый наконт кібэратакаў і кібэрбясьпекі.
  • На пытаньне CNN пра Аляксея Навальнага Пуцін адказаў, што Навальны сам, верагодна, хацеў, каб яго арыштавалі.
  • Байдэн на сваёй прэсавай канфэрэнцыі паведаміў, што адной з тэмаў на саміце ў Жэнэве была сытуацыя ў Беларусі. «Я падзяліўся нашай заклапочанасьцю наконт Беларусі. Ён ня стаў не згаджацца з тым, што здарылася, у яго проста іншы погляд на тое, што з гэтым рабіць», — сказаў Байдэн.
  • Паводле Байдэна, ЗША і Расеі неабходна дамовіцца аб правілах гульні па стратэгічных пытаньнях, у тым ліку аб стратэгічнай стабільнасьці і кантролі над узбраеньнямі.
  • Паводле прэсавага сакратара Пуціна Дзьмітрыя Пяскова, жэнэўскі саміт паказаў, што «зблізіць пазыцыі па Беларусі немагчыма».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG