Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Ціханоўскі прайграў суд падатковай. Мусіць сплаціць падатак з $900 000, знойдзеных за канапай


Сяргей Ціханоўскі, травень 2020
Сяргей Ціханоўскі, травень 2020

Адвакатцы Сяргея Ціханоўскага стала вядома, што суд Савецкага раёну Гомля прыняў рашэньне па грамадзянскай справе палітзьняволенага супраць падатковай.

Ціханоўскі быў ня згодны з тым, што падатковая хацела спагнаць зь яго падвышаны падатак за 900 тысяч даляраў, якія знайшлі сьледчыя на ягоным лецішчы падчас ператрусу 3–4 чэрвеня 2020 году.

«Рашэньне не на нашу карысьць. Пачакаем матывіровачную частку і будзем яго абскарджваць», — паведаміла адвакатка Натальля Мацкевіч.

Гэта значыць, што падатковая будзе спаганяць зь Сяргея Ціханоўскага амаль 258 тысяч беларускіх рублёў.

Судовае паседжаньне праходзіла ў закрытым рэжыме — па хадайніцтве падатковай інспэкцыі, якая выступала ў якасьці адказчыка. Прадстаўнікі падатковай інспэкцыі спасылаліся на тое, што «сілы, сродкі, мэтады і спосабы працы падатковай зьяўляюцца таямніцай, якая ахоўваецца законам». Акрамя таго, «у справе ёсьць інфармацыя аб маёмасным становішчы Сяргея Ціханоўскага, якое зьяўляецца падатковай таямніцай».

Падатковая інспэкцыя палічыла, што ў Ціханоўскага праз знойдзеныя за канапай 900 тысяч даляраў выйшла перавышэньне выдаткаў над даходамі ў суме 1 млн 612 тысяч рублёў. Яму налічылі амаль 258 тыс. рублёў падатку. Блогер пісаў у скарзе, што гэта не ягоныя грошы, ён ня ведае аб іх паходжаньні, ня мог іх расходаваць, бо знаходзіўся і дагэтуль знаходзіцца ў СІЗА.

Ціханоўскі пад вартай з 29 траўня 2020 году — калі яго затрымалі ў Гродне на пікеце па зборы подпісаў за вылучэньне ягонай жонкі Сьвятланы кандыдатам у прэзыдэнты. Блогеру інкрымінаваныя: арганізацыя масавых беспарадкаў у 2020 годзе (ч.1 арт. 293 Крымінальнага кодэксу); распаўсюджваньне групай асоб па папярэдняй змове матэрыялаў, накіраваных на распальваньне сацыяльнай варожасьці супраць прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў (ч. 3 арт. 130 КК); пагрозы на адрас старшыні Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў Лідзіі Ярмошынай (ч. 2 арт. 191 КК); арганізацыя групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак і спалучаных з ужываньнем гвалту ў дачыненьні да прадстаўнікоў улады (ч. 1 арт. 342 КК).

Абвінавачаньне палічыла, што «ад дзеяньняў Ціханоўскага і астатніх абвінавачаных» дзяржаве была нанесена шкода ў памеры больш як 3 мільёны рублёў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG