Суд Савецкага раёну Гомлі 21 траўня пачне разглядаць па сутнасьці скаргу зьняволенага відэаблогера Сяргея Ціханоўскага, які летась меўся ўдзельнічаць у прэзыдэнцкай кампаніі, на рашэньне падатковай інспэкцыі спагнаць павышаны падатак з часткі сумы, нібыта знойдзенай у яго на лецішчы за канапай падчас ператрусаў 3–4 чэрвеня
Пра гэта агенцтву БелаПАН паведаміла адвакатка Натальля Мацкевіч.
13 траўня ў судзе прайшло папярэдняе пасяджэньне, на якім па хадайніцтве адказчыка прынята рашэньне разгледзець скаргу ў закрытым рэжыме. Прадстаўнікі падатковай інспэкцыі спаслаліся на тое, што «сілы, сродкі, мэтады і спосабы працы падатковай зьяўляюцца таямніцай, якая ахоўваецца законам».
Акрамя таго, «у справе ёсьць інфармацыя аб маёмасным становішчы Сяргея Ціханоўскага, якое зьяўляецца падатковай тайнай». На думку Мацкевіч, слуханьне справы можна было зрабіць часткова закрытым, аднак суд не ўлічыў яе аргумэнты і закрыў слуханьне цалкам, публічным будзе толькі абвяшчэньне рашэньня суду па скарзе.
Падатковая інспэкцыя палічыла, што ў Ціханоўскага з улікам знойдзеных за канапай 900 тысяч даляраў выйшла перавышэньне даходаў над выдаткамі ў 1 мільён 612 тысяч рублёў. Яму налічылі амаль 258 тысяч рублёў падатку. Блогер піша ў скарзе, што гэта не ягоныя грошы, ён ня ведае іх паходжаньня, ня мог іх патраціць, бо знаходзіўся і да гэтага часу знаходзіцца ў СІЗА.
- Сяргей Ціханоўскі быў затрыманы 29 траўня 2020 году ў Горадні на пікеце для збору подпісаў за вылучэньне ягонай жонкі Сьвятланы кандыдаткай у прэзыдэнты.
- Яму інкрымінавалі: арганізацыю масавых беспарадкаў у 2020 годзе (ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэксу); распаўсюджаньне групай асоб па папярэдняй змове матэрыялаў, накіраваных на распальваньне сацыяльнай варажнечы супраць прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў (ч. 3 арт. 130 КК); пагрозы ў адрас старшыні Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў Лідзіі Ярмошынай (ч. 2 арт. 191 КК); арганізацыю групавых дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак і зьвязаныя з прымяненьнем гвалту ў дачыненьні да прадстаўнікоў улады (ч. 1 арт. 342 КК).