Андрэй Любецкі піша, што робіць у СІЗА, з кім сядзіць і на што спадзяецца.
Хто такі Андрэй Любецкі?
Андрэй Любецкі — вядомы сківічны хірург зь Менску. Яго затрымалі 4 траўня, за што — невядома. Ён праводзіў унікальныя апэрацыі ў плястыцы расколін паднябеньня і твару. Да таго, як перайсьці ў прыватную практыку, амаль 18 гадоў працаваў у 4-й дзіцячай лякарні.
Ягоная жонка Натальля — стаматоляг. Яна страціла працу пасьля сюжэту на АНТ, дзе расказвалі пра яе дапамогу Ігару Макару. Пасьля затрыманьня і допытаў у КДБ Натальля разам з чатырма дзецьмі зьехала за мяжу, а Андрэй застаўся ў Беларусі. Неўзабаве яго затрымалі.
«Кожны ранак праходжу 4-5 кілямэтраў»
Любецкі пакуль піша падобныя па зьмесьце лісты, дзе апісвае свой распарадак дня і штодзённыя заняткі. Піша на беларускай і расейскай мовах. Пазначае ня толькі дату, але і дакладны час напісаньня ліста. Прыводзім фрагмэнты.
Ліст Зьмітру ад 25 траўня 2021 году, 19:10
«У мяне ўсё добра, дзякуючы падтрымцы сваякоў і вялікай колькасьці людзей. Кожны дзень мы гуляем каля гадзіны, за гэты час праходжу каля 4-5 кілямэтраў. У хаце таксама, наколькі магчыма, займаюся спортам. Адмовіўся ад кавы, солі, вымушана ад гарэлкі.)))
Чытаю, пішу вершы, думаю. Шмат аб чым думаю. Карацей кажучы, скардзіцца ня буду. Не скажу, што ўсё добра, але бывае горш у жыцьці».
«Больш за ўсё хацелася б паехаць зь сям’ёй на якія-небудзь Сэйшэлы»
Ліст Любові Рыбаковай ад 26 траўня, 12:10.
«Агулам у мяне ўсё добра. Тут, у турме, я жыву паводле свайго графіку і пляну, які падладзіў пад унутраны распарадак.
Кожны ранак нас водзяць на прагулку, якая доўжыцца каля гадзіны. Я замяраў, што за гэты час праходжу каля 4-5 кілямэтраў. Акрамя таго, распрацаваў комплекс практыкаваньняў і кожны дзень каля гадзіны займаюся ў „хаце“ (так называецца камэра).
Акрамя гэтага, чытаю, але няшмат, бо тут цьмянае сьвятло, ды і выбар небагаты. Пішу вершы, дзецям — чатырохрадкоўі, напісаў ужо штук 40. Шашкі, шахматы і г. д.
Людзі тут розныя, у асноўным нармальныя, канфліктаў, прынамсі ў мяне, няма.
Шмат думаю пра тое, што адбываецца, пра жыцьці агулам. Калі я вучыўся ў „мэдзе“ на 1 курсе ў 1993 годзе, у анатамічнай клясе на сьцяне вісеў стэнд з афарызмам Дэкарта: „Cogito ergo sum“ — „Думаю, значыць існую“. Гэта адно з маіх любімых выслоўяў.
Што датычыць таго, дзе б я хацеў пабываць, то я насамрэч хацеў бы пабываць паўсюль ))) у той жа Скандынавіі, па Эўропе бы паезьдзіў. Цяпер мне больш за ўсё хацелася б паехаць зь сям’ёй на якія-небудзь Сэйшэлы і там правесьці тыдні два.
Яшчэ раз дзякуй вам за ліст. Усё будзе добра, я гэта дакладна ведаю. Абдымаю, Андрэй».
Ліст Анастасіі ад 25 траўня 2021 году, 18:50
«Я, безумоўна, знаёмы з горадам Горадняю і цалкам з вамі згодны ў ягонай ацэнцы і характарыстыцы. Горадня цудоўная. Больш слушна нават ня так, яна — раскошная. Мая жонка Натальля паходзіць з гэтага цудоўнага горада. Я часта бываў, калі заляцаўся».
Цяпер Андрэй Любецкі знаходзіцца ў СІЗА ў Жодзіне.
Пісаць лісты яму можна на адрас: турма № 8, 222163 Менская вобласьць, г. Жодзіна, вуліца Савецкая, 22а, Любецкаму Андрэю Ўладзімеравічу.