4 траўня затрымалі сківічнага хірурга Андрэя Любецкага, паведаміла «Наша ніва».
«Ранкам да Андрэя прыйшлі дадому; ня ведаем, у колькі дакладна. Абшукалі кватэру і яго забралі», — сказалі сваякі.
У межах якой справы — адміністрацыйнай ці крымінальнай, — пакуль невядома. Сваякі чакаюць інфармацыі ад адваката.
Любецкі — выдатны сківічны хірург. Да таго, як перайсьці ў прыватную практыку, амаль 18 гадоў ён працаваў у 4-й дзіцячай лякарні. Праводзіў унікальныя апэрацыі ў плястыцы расколін паднябеньня і твару. Ягоная жонка Натальля — стаматоляг. Яна страціла працу пасьля сюжэту на АНТ, дзе расказвалі пра яе дапамогу Ігару Макару.
Некалькі дзён таму Натальля разам з чатырма дзецьмі зьехала за мяжу, а Андрэй застаўся ў Беларусі.
«Гэтая ўлада ўжо здохла. Тое, што адбываецца, гэта агонія»
У адным са сваіх апошніх пастоў на Фэйсбуку Любецкі заклікаў «усіх, хто меў дачыненьне да фальсыфікацый, зьдзекаў, хто мае дачыненьне да рознага роду іншых злачынстваў, рыхтаваць яўку з павіннай, перастаць перасьледваць і зьдзекавацца зь людзей, перастаць даносіць, спрыяць рэпрэсіям:
«Гэтая ўлада ўжо здохла. Тое, што адбываецца, гэта агонія; прымаючы ў ёй удзел, вы закопвалі саміх сябе. Калі вы думаеце, што зачыніўшы, устараніўшы ўмоўнага Любецкага, вы нешта зьменіце, то я вас расчарую, вы зробіце толькі горш самі сабе. Тым больш што Любецкі вас не баіцца, а ўжо пасьля адпраўкі сям'і ў бясьпечнае месца, то і пагатоў. Зачыняць трэба вялікую частку краіны. Кішка тонкая. Я вам яшчэ раз кажу: калі вы думаеце, што пратэст — гэта візуальная карцінка і калі яе няма, то пратэст садзьмуўся, то вы або наіўныя, або дурныя, або ў адной асобе. Пратэст у галовах і сэрцах людзей».
Тым часам Беларускі фонд мэдычнай салідарнасьці шукае сваякоў затрыманага напярэдадні ў Барысаве нэўроляга Аляксандра Цялегу. Канал Белые халаты.News паведаміў, што яго зьбілі ва ўласнай кватэры і павезьлі ў горадзенскі СІЗА.