Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усе журналісты Hrodna.life на волі. З суседняй крамы сілавікі зьнялі банэр з Каліноўскім


Аляксей Шота
Аляксей Шота

Як паведаміў галоўны рэдактар Hrodna.life Аляксей Шота, рэдакцыя знаходзіцца ў суседнім памяшканьні з крамай нацыянальнай сымболікі «Адметнасць».

«Увечары да іх прыйшла санстанцыя, і абсалютна „выпадкова“ увайшлі байцы АМАПу з начальнікам. Усе былі ў цывільным. Нас — мяне і трох журналістаў — забракавалі ў рэдакцыі, каб мы не маглі нічога паведаміць, выйсьці. Забаранілі карыстацца тэлефонамі. У гэты час у краме праходзіў агляд па артыкуле аб незаконным пікетаваньні», — сказаў Шота карэспандэнту БелаПАН.

Паводле яго слоў, гаспадыню крамы Вольгу Верамеенку павезьлі на агляд яе кватэры. З крамы «узялі шмат што таго, што было з „Пагоняй“, — запальніцы налепкі і іншыя рэчы, зьнялі рэклямны банэр з Каліноўскім, налепку з часам працы». «Прыблізна гадзіну ўсё доўжылася, і мы нічога не маглі паведаміць, потым міліцыя паехала з Вольгай да яе дамоў. Мяркуючы па ўсім, да суда яна будзе „на сутках“. Нас не чапалі, мы проста апынуліся выпадковымі суседзямі, гэтым разам міліцыя была не па нашу душу», — адзначыў галоўны рэдактар.

Як паведамляў БелаПАН, 3 чэрвеня суд Ленінскага раёна аштрафаваў рэдактара спэцпраектаў Hrodna.life Ірыну Новік на 25 базавых велічыняўь (725 рублёў), прызнаўшы яе вінаватай у распаўсюджваньні экстрэмісцкіх матэрыялаў (арт. 19.11 КоАП). У матэрыяле пра самалёт Ryanair журналістка разьмясьціла фатаграфію з лягатыпам тэлеграм-канала, прызнанага экстрэмісцкім. Паводле яе слоў, гэта была тэхнічная памылка. Праз некалькі гадзін рэдакцыя выдаліла здымак, аднак старонку пасьпела скапіяваць міліцыя.

30 мая быў затрыманы рэдактар сайта Hrodna.life Аляксей Шота. У дачыненьні да яго таксама склалі адміністрацыйны пратакол за распаўсюджваньне экстрэмісцкіх матэрыялаў. У кватэры, дзе зарэгістраваны Шота, правялі агляд. Канфіскавалі ноўтбук, тэлефон, тры старыя цьвёрдыя дыскі і чырвона-белы парасон. Тым жа вечарам да дома Новік прыяжджала міліцыя, дзяжурыла там некаторы час.

26 красавіка Гродзенскі абласны суд пакінуў у сіле штраф, накладзены на рэдакцыю партала Hrodna.life (400 базавых велічыняў, 11.600 рублёў) і Аляксея Шоту (25 базавых велічынь, 725 рублёў). Рашэньне аштрафаваць рэдакцыю вынес 19 сакавіка суд Ленінскага раёна Горадні за «распаўсюджваньне інфармацыі, уключанай у сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» (ч. 2 арт. 17.11 КоАП у ранейшай рэдакцыі). На сайце былі выяўленыя тры матэрыялы са спасылкамі на тэлеграм-канал, які беларускія ўлады летась унесьлі ў сьпіс экстрэмісцкіх.

На пасяджэньні райсуда Шота заявіў, што на момант публікацыі тэлеграм-канал яшчэ ня быў унесены ў сьпіс. Акрамя таго, пасьля забароны гэтага канала рэдакцыя прыбрала ўсе згадкі пра яго, якія ўдалося знайсьці. Сьвядома, мэтанакіравана і наўмысна гэтыя матэрыялы не распаўсюджваліся, падкрэсьліў галоўны рэдактар.

Адвакат Аляксандр Бірылаў адзначыў у судзе, што пасьля абнаўленьня КоАП у ім не засталося артыкула 17.11 (выраб, распаўсюджваньне і (або) захоўваньне экстрэмісцкіх матэрыялаў), на падставе якога судзілі Шоту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG