Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Статус сеціўнага СМІ даў нам толькі праблемы». Размова з галоўнай рэдактаркай парталу Media-Polesye Сьвятланай Гардай


Сьвятлана Гарда
Сьвятлана Гарда

Стваральніца і галоўная рэдактарка сеціўнага выданьня Media-Polesye Сьвятлана Гарда расказвае, як зьмянілася праца парталу пасьля выбараў, чым яна ганарыцца і чаго асьцерагаецца.

Сьцісла

  • Празь дзень пасьля рэгістрацыі сеткавым СМІ Мінінфарм вынес парталу Media-Polesye папярэджаньне.
  • Падчас пандэміі партал дасягнуў наведвальнасьці 300 тысяч у суткі. Цяпер у сярэднім 30–35 тысяч.
  • Відэакарэспандэнта Media-Polesye ў жніўні-верасьні двойчы арыштоўвалі.
  • «Быць журналістам — гэта дар. Калі гэты дар зьмясьціць у прыгожую агранку, ды яшчэ знайсьці цікавую тэму — тады ўсё атрымаецца».

«Сьвета, ты ўжо дарослая дзяўчынка, рабі сваё»

У 1994 годзе ў Лунінцы была створаная адна зь першых недзяржаўных газэт «Информ-прогулка». Сьвятлана Гарда стала ў ёй намесьнікам галоўнага рэдактара Андрэя Вышынскага.

«Мы шмат гадоў пасьпяхова разам працавалі. Але надышоў момант, калі онлайн-выданьні толькі-толькі пачалі разьвівацца, і я зразумела, што не магу ўжо жыць у газэтных рамках, мне сумна, не хапае выплеску энэргіі, ведаў. Гэта быў 2012 год, сайт у „Информ-прогулки“ зьявіўся, але гэта было проста адлюстраваньне тыднёвіка: выйшаў новы нумар, і абнавіўся сайт. Натуральна, тыя навіны, якія ў першы дзень былі вельмі сьвежыя, апэратыўныя і клясныя, праз пару дзён старэлі. А я люблю рабіць усё вельмі хутка, апэратыўна.

І я задумала зрабіць свой інфармацыйны рэсурс. А разынкаю паслужыла тое, што наш палескі рэгіён (у прыватнасьці Лунінецкі і Столінскі раёны) падзелены ракой Прыпяць. І каб трапіць з Лунінца ў Столін, трэба праехаць празь Пінск 120 кілямэтраў, хоць праз раку адлегласьць усяго 8 км. Натуральна, гэта сямейныя, сваяцкія сувязі, людзям не хапала інфармацыі. Таму я вырашыла ахапіць Лунінецкі, Столінскі раёны, а паколькі ў нас сталіца Палесься Пінск, то і Пінск, таму што празь яго мы езьдзім. І прыдумала зрабіць такі інтэрнэт-рэсурс», — узгадвае падзеі 9-гадовай даўнасьці Сьвятлана.

Яна газэтчыца, стажыравалася дзякуючы Беларускай асацыяцыі журналістаў на шматлікіх курсах, у рэдакцыях газэт Швэцыі, Нямеччыны. А тут зусім іншая праца, таму пачала перавучвацца разам з калегамі. Сьвятлана вельмі шкадуе, што не захавала першыя эскізы, малюнкі. Узгадвае, як напачатку ўзяла аркуш фармату А3, размалявала на паперы рубрыкі, як усё будзе выглядаць. Потым дзякуючы Андрэю Аляксандраву з БАЖ знайшла дызайнэра.

«Дарэчы, у БАЖы мяне падтрымалі: маўляў, „Сьвета, ты ўжо дарослая дзяўчынка, рабі сваё“. Знайшліся аднадумцы, мы літаральна за 3 месяцы стварылі базу, падмурак, і стартавалі 1 чэрвеня 2012 году.

Зь першага дня ўсё атрымалася, мы мелі ад усяго гэтага нерэальнае задавальненьне, вучыліся ўсе разам.

Мне падаецца, што ўсё пачыналася літаральна ўчора. Мы былі сапраўдным адлюстраваньнем часу, падзей. У мінулым годзе ў нас быў поўны рэбрэндынг, перабудавалі ўсю сыстэму. Стараемся зрабіць сайт максымальна хуткім. Вельмі шмат увагі аддаём мабільнай вэрсіі, бо 82% карыстальнікаў чытаюць нас з мабільных тэлефонаў», — працягвае яна.

Празь дзень пасьля рэгістрацыі сеткавым СМІ Мінінфарм вынес папярэджаньне

2020-ы стаў для парталу годам выпрабаваньняў яшчэ задоўга да прэзыдэнцкіх выбараў. Міністэрства інфармацыі нарэшце зарэгістравала «Media-Polesye» як сеткавы сродак масавай інфармацыі, аднак гэта прынесла журналістам не палёгку, а новыя праблемы.

Сьвятлана Гарда з сумнай усьмешкай узгадвае, што даведалася пра статус сеткавага СМІ з папярэджаньня, вынесенага парталу Міністэрствам інфармацыі.

«Цягам году мы 8 разоў падавалі дакумэнты, і пастаянна Мінінфарм знаходзіў абсалютна сьмешныя падставы, каб іх нам вярнуць, я бясконца езьдзіла ў міністэрства», — узгадвае свае паездкі ў Менск Сьвятлана Гарда.

Сьвятлана Гарда ў Радзе Эўропы
Сьвятлана Гарда ў Радзе Эўропы

Зарэгістравалі «Media-Polesye» ў працоўную суботу 4 красавіка, а 6 красавіка ўжо пакаралі.

«А 15 гадзіне па электроннай пошце нам напісалі, што „сеціўнаму выданьню Media-Polesye вынесена папярэджаньне“. Я ня ведала, ці радавацца, ці плакаць», — расказвае Сьвятлана.

Папярэджаньне вынесьлі за публікацыю, у якой Media-Polesye паведаміла, што ў Лунінцы зьявілася першая ахвяра ковіду.

Інфармацыя правісела на сайце максымум 30 хвілін, кажа Сьвятлана Гарда. Пасьля патэлефанаваў сын згаданага ў публікацыі чалавека, сказаў, што гэта памылка, бацька жывы, і даў тэлефон сваёй маці. У той момант, калі інфармацыя пра сьмерць мужчыны ад ковіду была выстаўлена на сайт, мужчына знаходзіўся ў рэанімацыі на ШВЛ. Гэта наагул быў першы выпадак каранавірусу, зарэгістраваны ў Лунінцы 4 красавіка.

«У нас не атрымалася ўзяць камэнтар у ніводнай афіцыйнай асобы — яны проста дэманстратыўна ня бралі слухаўку. Мы вельмі хутка прыбралі інфармацыю пасьля званка сына. Потым справа атрымала вялікі розгалас: жонка гэтага чалавека таксама была інфікаваная, але ў Лунінецкай лякарні яе прызналі здаровай, закрылі бальнічны.

Жанчына дала нам грунтоўнае інтэрвію, мы яго выставілі, выбачыліся за недакладную інфармацыю. У Лунінцы ёй не аказалі дапамогу, сястра павезла яе ў Менск, там зрабілі тэст і выявілі каранавірус.

Сьвятлана Гарда
Сьвятлана Гарда

Прычым хворая на ковід была дырэктаркай вялікай лунінецкай крамы «Эўраопт». Краму зачынілі, увесь пэрсанал, 27 чалавек, разьмеркавалі па шпіталях Пінску і Пінскага раёну. Гэта быў проста шухер! Калі б чыноўнікі проста давалі дакладную інфармацыю, не было б домыслаў.

А чалавек, пра якога мы напісалі, нам вельмі дзякаваў, бо яго адразу перавялі ў Берасьцейскі абласны шпіталь. Мы дагэтуль зь ім кантактуем, ён яшчэ пажартаваў, што „калі напісалі, што памёр, то я буду жыць доўга“», — расказвае Сьвятлана.

У выніку Media-Polesye аштрафавалі на 120 базавых велічынь (3240 рублёў).

«Нас проста папярэдзілі: „Не чапайце вы ковід!“ Пасьля гэтага абласны цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі наагул перастаў даваць статыстыку аб каранавірусе. Мы засыпалі ўсе інстанцыі запытамі, зваротамі, чакалі адказаў, а атрымлівалі: „Гэта ня ў нашай кампэтэнцыі“. Пакаралі тады толькі нас.

Хоць калі мы напісалі пра першы выпадак каранавірусу, людзі пачалі надзяваць маскі, трымаць дыстанцыю, карыстацца антысэптыкамі, тэлефанавалі нам на сайт і дзякавалі за парады», — кажа галоўная рэдактарка парталу.

Літаральна праз 5 дзён пасьля папярэджаньня Міністэрства інфармацыі калектыў парталу чакала яшчэ адно цяжкае выпрабаваньне — 11 красавіка ад каранавірусу памёр пінскі карэспандэнт Media-Polesye Васіль Мацкевіч.

Васіль Мацкевіч — крайні справа, архіўнае фота
Васіль Мацкевіч — крайні справа, архіўнае фота

«Яшчэ ўвечары ў пятніцу мы з Васілём размаўлялі, а 5-й раніцы ён напісаў, што яго забірае хуткая нібыта з пнэўманіяй, а 8-й гадзіне ён памёр. Яму было 46 гадоў. У нас у кабінэце вісіць ягоная фатаграфія, і мы калі зьбіраемся на лятучкі, лічым, што ён заўсёды з намі. Гэта быў вельмі добразычлівы, адукаваны чалавек. Я мяркую, што летам 2020-га, калі была перадвыбарчая кампанія, выбары, яму было б вельмі цікава працаваць. Такая напружаная вясна 2020 году ў нас была», — дзеліцца сумнымі ўспамінамі Сьвятлана Гарда.

Штраф 250 базавых за артыкул пра Сьвятлану Ціханоўскую

Media-Polesye летам аштрафавалі яшчэ раз — за публікацыю Анатоля Крэйдзіча пра Сьвятлану Ціханоўскую, якая называлася «Гэта яна за мужам, як за дзекабрыстам, пайшла. Ня толькі характар, але і каханьне сваё праявіла»

У артыкуле было памылкова пазначана, што Сьвятлану Ціханоўскую вучыла настаўніца Іна Кухарава, але цытата належала іншаму настаўніку. Аўтар прызнаў памылку, рэдакцыя апублікавала абвяржэньне і выбачылася перад Кухаравай.

«Судзьдзя запэўніў, што „няма ніякай падставы, маўляў, можаце нават не перажываць“. Мы атрымалі апраўдальную пастанову. Але, мабыць, няма чым папаўняць бюджэт — афіцыйныя ўлады вырашылі абскардзіць занадта мяккае, на іх думку, рашэньне суду. Судзілі зноў за „пагрозу нацыянальнай бясьпецы краіны“. Справу перадалі іншаму судзьдзі, і нам прысудзілі 250 базавых штрафу — 6750 рублёў.

Так што статус СМІ даў нам толькі праблемы — папярэджаньні і штрафы, але ня даў доступу да афіцыйнай інфармацыі», — кажа Сьвятлана Гарда.

«Відэакарэспандэнта ў Пінску выкінулі літаральна за шкірку з участку»

Нягледзячы на тое, што журналісты парталу падчас перадвыбарчай кампаніі 2020 году і выбараў ужо мелі пасьведчаньні сеткавага выданьня, у працы гэта не дапамагала.

«Нашага відэакарэспандэнта ў Пінску выкінулі літаральна за шкірку з участку падчас датэрміновага галасаваньня. Я тады зьвярталася са скаргай у Цэнтравыбаркам, але безвынікова.

Мы здымалі ролікі з ініцыятыўнымі групамі, якія прыяжджалі ў Лунінец, Пінск, Столін. Было вельмі цікава параўноўваць, што людзі ўжо нічога не баяцца, гавораць вельмі адкрыта, сьмела, не хаваючы твараў. І нас гэта вельмі натхняла рабіць сваю працу якасна, даць магчымасьць як мага большай колькасьці палешукоў выказацца.

На міжнароднай канфэрэнцыі ў Алматы з Андрэем Пачобутам і Вольгай Хвоін
На міжнароднай канфэрэнцыі ў Алматы з Андрэем Пачобутам і Вольгай Хвоін

Мы працавалі і ў дзень выбараў, і нам даслалі відэа, калі на ўчастку гучала „Перамен!“ Цоя. Мы адчулі, што грамадзянская журналістыка жывая, што нашы чытачы з намі, хацелі зрабіць хроніку падзей і падзяліцца ёй», — узгадвае Сьвятлана.

9 жніўня відэакарэспандэнт «Media-Polesye» Яўген Нікалаевіч здымаў на пінскіх участках і зьнік, перастаў выходзіць на сувязь з калегамі.

«Я пачала казаць міліцыянтам, што падам у вышук, бацькі Яўгена прыехалі з Лунінецкага раёну. І тады нам сказалі, што Жэня ў СІЗА ў Пінску. Праз трое сутак выйшаў адзін зь іншых затрыманых, ён расказаў, што прыкладна 200 чалавек паклалі тварам уніз у пінскім ціры. Прыйшоў міліцыянт, запытаўся: „Хто тут з Media-Polesye“? Жэня адказаў, што ён. Яго жорстка зьбілі, у Жэні застаўся шрам пад вокам, а вока жудасна заплыло, калі ён выйшаў праз тыдзень. Зрок у Жэні моцна пагоршыўся. Мы абскарджвалі ягонае затрыманьне, ён хадзіў на прыём да міністра, калі той прыяжджаў у Столінскі раён, але не было ніякай рэакцыі», — кажа галоўная рэдактарка.

На пачатку верасьня Яўгена, які нават не пасьпеў дастаць фотаапарат, зноў затрымалі і далі 10 сутак. Сьвятлане таксама тэлефанавалі з РУУС, запрашалі на гутарку. Яна запыталася, які прадмет размовы.

«Мне адказалі, што, маўляў, я сама ведаю. Тады я адказала: „Выклікайце позвай, як паложана“. Чалавек рэзка зьмяніў тон: „Калі ты будзеш узьнікаць, я зараз прыеду з кайданкамі і забяру цябе, і ты паедзеш па этапе“. Прычым гэта быў чалавек, зь якім раней мы часта кантактавалі, і ён заўсёды называў мяне вельмі паважліва „Сьвятлана Анатолеўна“. Я тады пасьпела зьехаць з краіны. Дома быў сын, прыйшлі міліцыянты: „Дзе маці?“. Максім адказвае, што ня ведае», — успамінае Сьвятлана.

«Падчас пандэміі дасягнулі наведвальнасьці 300 тысяч у суткі. Але гэта быў адзінкавы выпадак»

Калі напачатку ў сайта Media-Polesye было 300 наведваньняў у суткі, журналісты радасна пляскалі ў ладкі. Калі стала 3 тысячы — казалі: «Ваў, як гэта крута!» — прыгадвае Сьвятлана.

«Летась падчас пандэміі дасягнулі наведвальнасьці 300 тысяч у суткі. Але гэта быў адзінкавы выпадак. Людзі шукалі інфармацыю, яна была закрытая. Мы штосьці празь сябе прапускалі, шукалі гісторыі праз знаёмых, блізкіх людзей», — расказвае галоўная рэдактарка.

Сьвятлана Гарда з мужам Юрыем
Сьвятлана Гарда з мужам Юрыем

У студзені наведвальнасьць сайта была прыкладна 120 тысяч у дзень, цяпер 30–35 тысяч. Сьвятлана адзначае, што гэта пры тым, што ў Лунінцы пражывае 24 тысячы чалавек, а ўсё насельніцтва Палесься, на якое працуе партал, — каля 300 тысяч чалавек.

«Асноўныя нашы карыстальнікі — маладыя людзі ад 24 да 35 гадоў з вышэйшай адукацыяй. Але 10% — людзі старэйшыя за 65 гадоў.

У нас пераважна мужчынская аўдыторыя: 55%, жанчын — 45%. Мы жанчынам таксама стараемся „падкінуць“ штосьці цікавае: рэцэпты на выходныя, карысныя парады, гараскопы.

У мяне 30 гадоў стажу ў журналістыцы, і ўсё адно бывае, што ня ведаеш, што „стрэліць“. Бывае, што думаеш: гэта дакладна не патрэбна, гэта проста захламляе сайт. А потым глядзіш — а яно выходзіць у топ, тэма чымсьці закране».

Пасьля выбараў партал стаў разьвіваць канал у тэлеграме, на дадатак да прысутнасьці ў іншых сацсетках.

«Не магу не падзяліцца: у Лунінцы нашы чытачы напісалі заяву ў пракуратуру супраць фальсыфікацыі выбараў, а таксама — каб спынілі рэпрэсіі супраць сеціўнага выданьня Media-Polesye. Я была вельмі кранутая і ўдзячная», — кажа Сьвятлана.

«Я лічу, што быць журналістам — гэта дар»

На думку Сьвятланы Гарды, журналістыка зьмянілася, але не зьмяніліся прафэсійныя падыходы і прынцыпы.

«Усё адно апэратыўнасьць, дакладнасьць, праўдзівасьць, спасылка на крыніцу — гэта было актуальным заўсёды і застаецца.

Я лічу, што быць журналістам — гэта дар. Калі ёсьць гэты дар, і яго зьмясьціць у прыгожую агранку, ды яшчэ знайсьці цікавую тэму — тады ўсё атрымаецца. І без тэлефонаў, інтэрнэту мы рабілі добрыя матэрыялы», — кажа яна.

Але ёсьць і тое, што значна адрозьнівае цяперашнюю сытуацыю.

«Ведаеце, што зараз паламалася? Заўсёды нас вучылі, што добры матэрыял — гэта розныя бакі, меркаваньні, камэнтары: мы павінны ўсіх пачуць. Але цяпер нашы крыніцы — чыноўнікі, сілавікі — наагул нічога ня кажуць, адфутбольваюць у прэс-службу, якая ніякіх камэнтаў не дае. Усё гэта вельмі замаруджвае працу, губляецца апэратыўнасьць. Штосьці здарылася ў Лунінцы, мы тэлефануем у Берасьце, там узгадняюць зь Менскам. Уяўляеце, які гэта доўгі ланцужок? Таму часьцяком даводзіцца пісаць: „Паводле інфармацыі відавочцаў“, „паводле крыніцы, якая пажадала застацца неназванай“, „нам не ўдалося атрымаць афіцыйны камэнтар“.

І гэта ненармальна! Так не павінна быць. Я прашу: „Вы адкажыце дакладна, як ёсьць: тады будзе аб’ектыўная інфармацыя, ніхто нічога ня схлусіць, мы не заточаныя на тое, каб падманваць, хлусіць, скажаць інфармацыю, мы хочам, каб людзі ведалі праўду“», — разважае Сьвятлана Гарда.

«Баюся, што ў любую раніцу прачнуся, а майго парталу можа ня быць»

«Ганаруся, што мы зрабілі такі партал для некалькіх раёнаў, — кажа пра свае пачуцьці да працы Сьвятлана Гарда. — У нас лунінецкія і столінскія называюць адзін аднаго „заканАўскімі“ [„за канавай“. — РС]. Па Лунінецкім раёне цячэ Прыпяць, раней людзі на лодках пераплывалі раку. Калі адкрывалі паромную пераправу, адзін наш карэспандэнт быў на лунінецкім баку, а другі — на столінскім. І калі мы пабачылі, як гэта ўсім цікава, што робяць суседзі, сваякі — гэта было вельмі кайфова, проста драйв!»

У рэдакцыі цяпер працуюць людзі рознага ўзросту. Далучыўся да яе і сын Сьвятланы Максім.

«Я вельмі ганаруся, што ў маю прафэсію прыйшоў і мой сын, хаця ў яго тэхнічная адукацыя. Калі ў яго пыталіся, чаму ён не пайшоў на журфак, як мама, ён адказаў: „Кожны дзень пісаць сачыненьні ды яшчэ прыдумляць тэмы?“ Тым ня менш Максім быў пераможцам конкурсу БАЖ „Вольнае слова“. Ён вельмі клясны мэнэджар, наш рухавік. На жаль, зараз яму давялося зьехаць з краіны, бо ў яго малое дзіця. Так што сын, як і калектыў, — гэта мой гонар», — кажа Сьвятлана Гарда.

Старшыня журы конкурсу «Вольнае слова» Юрась Карманаў уручае дыплём сыну Сьвятланы Максіму
Старшыня журы конкурсу «Вольнае слова» Юрась Карманаў уручае дыплём сыну Сьвятланы Максіму

У Пінску офіс Media-Polesye давялося закрыць — пасьля таго, як туды кожны дзень пачала наведвацца міліцыя. Цяпер офіс ёсьць толькі ў Лунінцы.

«Я не магу зразумець, чаму я ў сваёй краіне, маючы веды, досьвед, добры калектыў, павінна думаць толькі пра тое, каб сайт працаваў, думаць, як выжыць. Бо яго могуць у любы момант вырубіць адной кнопкай з надуманых прычын. Я апасаюся, што ў любую раніцу прачнуся, а майго парталу можа ня быць. Мы сумна жартуем пасьля падзей з Tut.by: справа толькі ў чарговасьці.

А мая мара — каб мы адзначылі і 10 гадоў, і 20 гадоў, каб нашы чытачы мелі задавальненьне ад таго, што чытаюць», — кажа галоўная рэдактарка парталу Media-Polesye Сьвятлана Гарда.

Сьвятлана Гарда нарадзілася ў Лунінцы. Першую заметку напісала ў 9 гадоў у дзіцячую газэту «Зорька», пісала ў «Пионерскую правду», лунінецкую раёнку. Пасьля школы паступіла на журфак БДУ. Калі вярнулася ў Лунінец, яе ў раённую газэту не ўзялі, бо яна «ня ўпісвалася ў сыстэму». Давялося працаваць у сфэры культуры, у музэі. У 1994 годзе стала намесьніцай галоўнага рэдактара адной зь першых недзяржаўных газэт «Информ-прогулка». У 2012 годзе заснавала інтэрнэт-партал Media-Polesye. Замужам, мае дарослага сына Максіма і ўнука Рамана.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG