У ліку санкцый, якія ўвядзе афіцыйны Менск супраць Злучаных Штатаў, — скарачэньне дыпляматычнага і адміністрацыйна-тэхнічнага пэрсаналу амэрыканскай дыпляматычнай місіі, узмацненьне жорсткасьці візавых працэдур, абмежаваньне працы амэрыканскіх спэцыялістаў у Беларусі на часовай аснове, паведамляе сайт МЗС Беларусі.
«Намі таксама адклікана рашэньне аб працы ў Беларусі Агенцтва ЗША дзеля міжнароднага разьвіцьця», — заявіў афіцыйны прадстаўнік МЗС Беларусі Анатоль Глаз.
Глаз назваў санкцыі ЗША стасоўна Беларусі «незаконнымі дзеяньнямі, якія супярэчаць міжнароднаму праву і нанясуць шкоду працоўным калектывам, простым беларускім грамадзянам».
У Беларусі з 2008 году не працуе амбасадар ЗША, ён быў адкліканы на патрабаваньне Менску пасьля ўвядзеньня эканамічных санкцый ЗША ў 2008 годзе, тады ж склад амбасады ЗША быў скарочаны з 35 да 5 дыпляматаў.
У ЗША яшчэ ранейшай адміністрацыяй у 2020 прызначылі новага амбасадара ў Менску Джулі Фішэр, але ў Менск яна так і не прыехала. Пабывала ў сталіцах краін Эўразьвязу, сустракалася з прадстаўнікамі іх урадаў, а таксама са Сьвятланай Ціханоўскай. У інтэрвію тэлеканалу «Белсат» яна заявіла, што ёй не даюць беларускую візу для ўезду.
Санкцыі ЗША супраць афіцыйнага Менску
3 чэрвеня зноў уступілі ў сілу санкцыі ЗША супраць 9 беларускіх прадпрыемстваў. Злучаныя Штаты дабіваюцца вызваленьня ўсіх палітвязьняў.
Рашэньне размарозіць гэтыя санкцыі Міністэрства фінансаў ЗША апублікавала яшчэ 19 красавіка. Беларускае Міністэрства замежных спраў тады заявіла, што Беларусь «рэзэрвуе асымэтрычны адказ і для амэрыканскага боку».
Днямі ЗША асудзілі падзеі, зьвязаныя з прымусовай пасадкай самалёта Ryanair 23 траўня, і прыпынілі выкананьне пагадненьня зь Беларусьсю аб паветраных зносінах. Злучаныя Штаты таксама абвясьцілі, што разам з Эўразьвязам распрацоўваюць новыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі.
Хто трапіў пад цяперашнія санкцыі:
- «Белнафтахім»
- «Белнафтахім ЗША»
- «Нафтан»
- «Беларускі нафтавы гандлёвы дом»
- «Белшына»
- «Гродна Азот»
- «Гроднахімвалакно»
- ААТ «Лякафарба»
- ААТ «Полацак-Шкловалакно»