Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арышты і ператрусы 1 чэрвеня: затрыманьні журналістаў, 4350 рублёў штрафу за кветку на месцы гібелі Тарайкоўскага

абноўлена

Журналістка Ірына Новік
Журналістка Ірына Новік

У Беларусі сілавыя структуры працягваюць перасьлед людзей за грамадзянскую пазыцыю. Свабода адсочвае і апісвае падзеі. Артыкул абнаўляецца.

Затрымалі артыста камэрнага хору Белдзяржфілярмоніі

У Менску на працоўным месцы затрымалі артыста камэрнага хору Беларускай дзяржаўнай філярмоніі Дзяніса Іванова.

Прычыны візыту сілавікоў невядомыя, але калегі высьветлілі, што яго адвезьлі ў Савецкае РУУС Менска.

Раней Дзяніса Іванова затрымлівалі двойчы: летась увосень і сёлета ў студзені. Першы раз ён адбываў 15-суткавы адміністрацыйныя арышт нібыта за «дробнае хуліганства», зімой справу двойчы адпраўлялі на дапрацоўку, у выніку артыст адбыў 6 сутак на Ацрэсьціна без вынясеньня абвінавачваньня.

Журналіста схапілі за бел-чырвона-белы шалік у аўто

Бел-чырвона-белы шалік у аўтамабілі стаў нагодай для затрыманьня спартовага журналіста Дзьмітрыя Руто, паведамляе Tribuna.com.

Яго абвінавачваюць у «незаконным пікетаваньні» паводле артыкулу 24.23 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях. Гэты артыкул прадугледжвае пакараньне ў выглядзе штрафу, грамадзкіх работ або арышту. Журналіста даставілі ў Кастрычніцкае РУУС Менску і складаюць пратакол.

Чарговае затрыманьне Хамайды

У Віцебску 1 чэрвеня вядомага распаўсюдніка незалежнай прэсы Барыса Хамайду ўжо чацьвёрты раз за год затрымала міліцыя. Сілавікі спрабавалі забраць яго на падставе гандлю без дазволу, на што 73-гадовы мужчына заявіў, што прэсу ён распаўсюджвае, а не прадае. Яго ўсё адно забралі ў пастарунак, піша «Віцебская вясна».

У Чыгуначным РАУС Хамайду апыталі, цікавіліся, чаму ў яго парасон бел-чырвона-белага колеру і стужка такая самая. Папярэдзілі і параілі пазбягаць гэткім чынам пафарбаваных прадметаў. Пратакол апытаньня Хамайда падпісваць адмовіўся, пасьля яго адпусьцілі.

«У мяне такое ўражаньне пасьля сёньняшняга затрыманьня, што яны нейкую справу на мяне кляпаюць. Нешта хочуць павесіць. Штосьці яны зьбіраюць, таму што ўсё гэта невыпадкова», — мяркуе Барыс Хамайда.

Працяг ціску на Hrodna.life

Затрымалі рэдактарку спэцпраектаў Hrodna.lifе Ірыну Новік. Пакуль незразумелая сутнасьць прэтэнзій сілавікоў да журналісткі. Яе выклікалі да ўчастковага, Ірына прыйшла ў пастарунак, там яе і затрымалі. Цяпер міліцыянты прыехалі да Ірыны дадому, каб правесьці агляд, інфармуе БАЖ.

Пасьля 14.00 БАЖ стала вядома, што рэдактарку спэцпраектаў Hrodna.life Ірыну Новік зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня да суду. Верагодна, ён пройдзе заўтра ці пасьлязаўтра. Ірыну будуць судзіць як фізычную асобу па арт. 19.11 КаАП «Распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, якая зьмяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці ці прапагандуе такую дзейнасьць».

30 траўня дадому да Ірыны Новік прыяжджала міліцыя, аднак яе не было. Міліцыянты нейкі час пачакалі і зьехалі. У той жа дзень затрымлівалі галоўнага рэдактара Hrodna.life Аляксея Шоту за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт. 19.11 КаАП). Яго адпусьцілі да суду.

За кветку на месцы гібелі Тарайкоўскага 4350 рублёў штрафу

31 траўня у судзе Фрунзэнскага раёну судзьдзя Марыя Ярохіна аштрафавала на буйную суму 78-гадовую пэнсіянэрку Галіну Іванову.

Іванову затрымалі 17 траўня каля сымбалічнага мэмарыялу на месцы гібелі Аляксандра Тарайкоўскага каля станцыі мэтро «Пушкінская». Жанчыну абвінавацілі «ў пікетаваньні шляхам узьняцьця рукі ўгару і ўскладаньня аднаго цюльпана», піша «„Вясна“ назірае».

Гэта ўжо паўторнае затрыманьне за год. Перша раз Галіну Іванову затрымалі на «Маршы пэнсіянэраў» і аштрафавалі на 600 рублёў. Штраф сьпісалі зь яе пэнсіі.

Міліцыянт на судзе пацьвердзіў, што асабіста бачыў, як пэнсіянэрка каля дарогі «спрабавала прыцягнуць да сябе ўвагу кіроўцаў». Жанчына, слухаючы паказаньні сьведкі, сьмяялася ў адказ і заяўляе, што «не разумее, як ён можа хлусіць, гледзячы ёй у вочы». Ярохіна ж паверыла міліцыянту, аштрафаваўшы Іванову на 4350 рублёў. У пераліку на сёньняшні курс, гэта звыш 1400 эўра.

Штраф за «адзіночнае пікетаваньне» з-за шаліка

62-гадовая Зінаіда Сьмірнова 26 красавіка вярталася дадому з могілак. Жанчына ішла міма Курапатаў з абматаным вакол паясьніцы шалікам. У гэты момант за ёй пачалі гнацца невядомыя, таму Зінаіда ад страху стала ад іх уцякаць.

«Я пачала ўцякаць з крыкамі „Ратуйце, міліцыя“. Яны дагналі, схапілі і сказалі, што яны і ёсьць міліцыя».

Гэта былі супрацоўнікі АМАПу. У Савецкім РУУСе на жанчыну склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП і абвінавацілі яе ў адзіночным пікетаваньні па вуліцы Мірашнічэнкі, «шляхам размахваньня БЧБ-шалікам транспарту, што праяжджаў міма», а таксама з-за выкрыкаў «Жыве Беларусь!»

Судзьдзя Савецкага раёну Менску Алена Жуковіч прысудзіла Сьмірновай штраф у 870 рублёў.

Важна адзначыць, што шалік проста мае белы і чырвоны колеры, але на кожным краі белага шаліку было тры чырвоныя палоскі рознай таўшчыні, ён не паўтарае сабой нацыянальны сьцяг.

У Берасьці на працоўным месцы ў службе дастаўкі затрымалі 5 чалавек

Усіх іх абвінавачваюць у «несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве»
Інцыдэнт адбыўся 31 траўня. Цяпер затрыманыя, па словах іх знаёмых, знаходзяцца ў берасьцейскім ІЧУ. Як паведамляе «Вясна», Падставай для затрыманьня міліцыя назвала артыкул 24.23 КаАП («Парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў»).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG