Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стомленасьць ад Беларусі. Эўрапейскі аглядальнік пра шанцы зьмяніць сытуацыю


Уганараваньне ў Эўрапарлямэнце беларускаq апазыцыі прэміяй Сахарава, 2020 год
Уганараваньне ў Эўрапарлямэнце беларускаq апазыцыі прэміяй Сахарава, 2020 год

Будзе справядлівым зазначыць: Эўрапейскі зьвяз сёлета меў цяжкую форму «беларускай стомленасьці» роўна да таго моманту, пакуль пасажырскі самалёт Ryanair у мінулыя выходныя не зрабіў вымушаную пасадку ў Менску, піша Рыкард Юзьвяк, эўрапейскі аглядальнік Радыё Свабода.

Сьцісла:

  • Да гісторыі з самалётам Беларусь перастала быць прыярытэтнай для Брусэлю.
  • санкцыі супраць Беларусі прасоўваюць у асноўным усходнія дзяржавы-партнэры.
  • Эўрапейская служба вонкавых сувязяў ЭЗ дэманструе стомленасьць ад Беларусі.
  • Таму ня дзіўна, што Лукашэнка набраўся адвагі зрабіць тое, што ён зрабіў 23 траўня.
  • У чым прыватна прызнаваліся розныя афіцыйныя асобы ЭЗ.
  • Якіх захадаў можна чакаць ад ЭЗ цяпер.

Мноства праблем, якія стаялі перад асаджаным рэжымам Аляксандра Лукашэнкі і народнай апазыцыяй яго праўленьню, проста перасталі быць прыярытэтнымі для Брусэлю з прычыны пандэміі COVID-19, пагаршэньня адносін з Расеяй і абвастрэньня ізраільска-палестынскага канфлікту. Так працягвалася да таго часу, пакуль рэжым Аляксандра Лукашэнкі не прымусіў зарэгістраваны ў ЭЗ авіялайнэр, які ляцеў паміж дзьвюма сталіцамі краін ЭЗ, прызямліцца ў Менску, каб арыштаваць журналіста Рамана Пратасевіча.

Раптам Беларусь зноў апынулася на першым месцы ў парадку дня ЭЗ. На загадзя заплянаванай сустрэчы ў Бруселі вечарам 24 траўня лідэры дзяржаў Эўрапейскага Зьвязу прыйшлі да ўзаемнай згоды аб пакеце санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі. У прыватнасьці, уводзіцца забарона на выкарыстаньне беларускай авіяцыяй паветранай прасторы ўсіх краін ЭЗ. Напярэдадні сустрэчы звычайна вельмі стрыманая прэзыдэнтка Эўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляйен напісала ў твітары аб тым, што «абуральныя і незаконныя паводзіны рэжыму Беларусі будуць мець наступствы». Яна дадала: «Вінаватыя ў згоне лайнэра Ryanair павінны быць пакараныя».

Якіх яшчэ захадаў можна было б чакаць ад Брусэлю? Закліку да расьсьледаваньня з боку Міжнароднай арганізацыі цывільнай авіяцыі (ICAO) — амаль напэўна. Таксама ідуць размовы аб забароне для самалётаў «Белавія», дзяржаўнай беларускай авіякампаніі, прызямляцца ў аэрапортах ЭЗ і спыненьні доступу ўсіх рэйсаў авіякампаній ЭЗ у паветраную прастору Беларусі. Ёсьць прыкметы таго, што такія захады могуць быць рэалізаваныя параўнальна хутка, але, вядома, яны будуць мець найбольшы эфэкт, калі да іх далучацца ўсе дзяржавы – сябры ЭЗ, а таксама іншыя заходнія краіны (праўда, для гэтага неабходная агульная каардынацыя дзеяньняў).

Таксама прапаноўвалася прыпыніць увесь транзыт, уключаючы наземны, на тэрыторыю ЭЗ, хоць яшчэ трэба будзе пабачыць, ці пагодзяцца з гэтым сумежныя зь Беларусьсю дзяржавы, такія як Польшча, улічваючы патэнцыйныя эканамічныя наступствы для Варшавы. Узьнікае, вядома, і іншае пытаньне: ці будуць краіны – сябры ЭЗ блякаваць выплаты зь Міжнароднага валютнага фонду, на якія Менск мае права ў рамках намаганьняў у барацьбе з наступствамі пандэміі COVID-19?

Акрамя таго, існуюць традыцыйныя санкцыі супраць юрыдычных і фізычных асобаў, адказных за выкраданьне паветранага судна, а таксама магчымыя эканамічныя наступствы супраць краіны ў цэлым. Пасьля разгону дэманстрантаў, які наступіў за фальсыфікаванымі прэзыдэнцкімі выбарамі ў жніўні, ЭЗ замарозіў фінансавыя актывы і забараніў выдачу візаў агулам 88 фізычным і 7 юрыдычным асобам, уключна з Лукашэнкам. Новы пакет санкцый знаходзіцца ў распрацоўцы і мусіў быць абнародаваны да або на пасяджэньні Рады ЭЗ у замежных справах 21 чэрвеня. Аднак праца над гэтымі мерамі выдатна ілюструе згаданую вышэй «стомленасьць ад Беларусі» ў Бруселі. Праца мусіла пачацца ў лютым, але ішла вельмі павольна. Дыпляматычнае ведамства ЭЗ, Эўрапейская служба замежных сувязяў (EEAS) да гэтага часу праяўляе нежаданьне ініцыяваць пакет санкцый, сьцьвярджаючы, што гэта звычайна робяць дзяржавы-члены.

Літва, як асабліва ўважлівая ў гэтым пытаньні краіна, даўно сьцьвярджала, што ня Вільня ці іншыя «ўсходнія» краіны – сябры ЭЗ павінны запускаць падобныя ініцыятывы; не, іншыя таксама маглі б узяць на сябе адказнасьць. У выніку некалькі тыдняў таму 9 краін прадставілі сьпісы, якія зьмяшчаюць дадзеныя аб 70 фізычных асобах і арганізацыях, у асноўным зьвязаных з судовай сыстэмай Беларусі. Але зноў жа, прасоўвалі гэта ў асноўным «ўсходнія» дзяржавы ЭЗ. І зноў, як паведамляецца, сьпіс быў скарочаны, паколькі адпаведныя працоўныя групы ў Бруселі выкрасьлілі зь яго некаторыя арганізацыі, якія маюць гандлёвыя сувязі з рознымі краінамі ЭЗ. У сьпісе, хутчэй за ўсё, застануцца чыноўнікі і судзьдзі, у якіх наўрад ці ёсьць банкаўскія рахункі ў ЭЗ, якія ў любым выпадку не паедуць адпачываць на грэцкія астравы або на Блакітны бераг — прыклады гэтага мы ўжо назіралі.

Таму ня дзіўна, што Лукашэнка набраўся адвагі зрабіць тое, што ён зрабіў 23 траўня. Пасьля леташніх фальсыфікаваных выбараў ён працягваў закручваць гайкі практычна безь якой-хаця рэакцыі з боку ЭЗ. Лукашэнка, напэўна, з задавальненьнем заўважыў, што сёлета сытуацыя ў яго краіне не фігуравала ў парадку дня ў якасьці сур’ёзнай тэмы для абмеркаваньня на Радзе замежных справаў ЭЗ. Пра Беларусь не гаварылі б і на саміце ЭЗ 24 траўня, калі б не інцыдэнт з Ryanair.

У прыватным парадку розныя афіцыйныя асобы ЭЗ прызнаваліся мне ў тым, што яны зьмірыліся зь «перамогай» Лукашэнкі: ён застанецца на чале краіны, нягледзячы на тое, што ЭЗ афіцыйна не прызнае яго ўладу. Было адчуваньне, што Беларусь павольна, але дакладна адправяць у звычайны стан «камфортнай заходняй пагарды», а лідэр апазыцыі Сьвятлана Ціханоўская стане яшчэ адным славутым, але выгнаным беларускім лідэрам. Аднак яшчэ застаецца шанец зьмяніць сытуацыю — калі ЭЗ і Захад у цэлым сапраўды гэтага захочуць.

Рыкард Юзьвяк — эўрапейскі аглядальнік мэдыякарпарацыі Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG