Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка ўхваліў рэпрэсіўныя навацыі ў законы аб СМІ і масавых акцыях. Што зьменіцца?


СМІ ў Беларусі, архіўнае фота
СМІ ў Беларусі, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка падпісаў навацыі ў заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі. Пра гэта паведаміла ягоная прэсавая служба. Што зьменіцца ў працы рэдакцый і журналістаў?

Што зьменіцца ў законе «Аб СМІ»?

  • Пашыраецца пералік інфармацыі, распаўсюд якой у СМІ і на інтэрнэт-рэсурсах забаронены.
  • Уводзіцца забарона на разьмяшчэньне вынікаў апытаньняў грамадзкай думкі, якія адносяцца да грамадзка-палітычнай сытуацыі, праведзеных без неабходнай акрэдытацыі.
  • Таксама не дапускаецца разьмяшчэньня гіпэрспасылак на паведамленьні, распаўсюд якіх забаронены.
  • Генэральнаму пракурору, пракурорам абласьцей, гораду Менску даецца права абмяжоўваць доступ да інтэрнэт-рэсурсаў і сеткавых выданьняў, празь якія распаўсюджваюцца зьвесткі, накіраваныя «на прапаганду экстрэмісцкай дзейнасьці», а таксама іншая інфармацыя, пашырэньне якой здольнае «нанесьці шкоду нацыянальным інтарэсам».
  • Выпадкі абмежаваньня доступу да інтэрнэт-рэсурсаў і спыненьня выпуску СМІ дапаўняюцца такой падставай, як рашэньне Міжведамаснай камісіі ў бясьпецы інфармацыйнай сфэры аб наяўнасьці інфармацыйных паведамленьняў, распаўсюд якіх здольны нанесьці шкоду нацыянальным інтарэсам.
  • Разам з рашэньнем суду выпуск СМІ можа быць спынены рашэньнем Міністэрства інфармацыі — напрыклад, у выпадку вынясеньня юрыдычнай асобе, на якую ўскладзеныя функцыі рэдакцыі СМІ, або заснавальніку СМІ двух і больш пісьмовых папярэджаньняў.
  • Прадугледжваюцца меры, накіраваныя на мінімізацыю замежнага ўплыву на беларускі інфармацыйны рынак. Незалежна ад часу стварэньня СМІ, іх заснавальнікамі ня могуць выступаць замежныя юрыдычныя асобы, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, а таксама юрыдычныя асобы з замежным удзелам.
  • Уводзіцца магчымасьць пазбаўлення акрэдытацыі журналіста СМІ, калі ім або юрыдычнай асобай з функцыяй рэдакцыі парушаны парадак акрэдытацыі альбо распаўсюджаны звесткі, якія не адпавядаюць рэчаіснасьці, няславяць дзелавую рэпутацыю арганізацыі.
  • Замацоўваецца магчымасьць абмежаваньня доступу да копіі інтэрнэт-рэсурсу, доступ да якога быў абмежаваны.

Асноўныя палажэньні закону набываюць моц празь месяц пасля яго афіцыйнага апублікаваньня.

Што зьменіцца ў законе аб масавых мерапрыемствах?

Таксама Аляксандар Лукашэнка падпісаў закон, якім уносяцца зьмены ў заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.

  • Выключаецца паведамляльны парадак арганізацыі масавых мерапрыемстваў.
  • Пасьля ўступленьня закону ў сілу ўсе масавыя мерапрыемствы павінны праводзіцца выключна на падставе дазволу мясцовых органаў.
  • Забараняецца збор, атрыманьне і выкарыстаньне грашовых сродкаў i iншай маёмасьцi, аказаньне паслуг для кампэнсацыі выдаткаў у выніку прыцягненьня да адказнасьці за парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў.
  • Уводзіцца забарона асьвятленьня ў рэжыме рэальнага часу масавых мерапрыемстваў, якія праводзяцца з парушэньнем вызначанага парадку, у мэтах іх папулярызацыі або прапаганды. Гэтая забарона будзе распаўсюджвацца ў тым ліку на журналістаў.
  • Журналістам пры выкананні сваіх абавязкаў забараняецца выступаць у якасьці арганізатараў ці ўдзельнікаў масавых мерапрыемстваў.
  • Мясцовыя органы і органы ўнутраных спраў надзяляюцца правам прыпыняць працу інфраструктуры (гандлёвых аб’ектаў, аб’ектаў грамадзкага харчаваньня, транспарту, кірмашоў, арганізацый усіх формаў уласнасьці) у месцах правядзення масавых мерапрыемстваў і па маршрутах іх удзельнікаў.
  • Замацоўваецца адказнасьць палітычных партый і грамадзкіх аб’яднаньняў за публічныя заклікі сваіх кіраўнікоў і чальцоў да арганізацыі і правядзеньня масавага мерапрыемства да атрыманьня дазволу.

Асноўныя палажэньні закону набываюць моц празь месяц пасьля яго афіцыйнага апублікаваньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG