Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ААН прызначыла экспэртаў, каб расьсьледаваць парушэньні правоў чалавека ў Беларусі


Мішэль Бачэлет
Мішэль Бачэлет

Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Мішэль Бачэлет заявіла пра прызначэньне трох экспэртаў, якія зоймуцца выяўленьнем фактаў парушэньня правоў чалавека ў Беларусі пасьля 1 траўня 2020 году.

«У мінулым годзе даўняя і хранічная карціна сыстэматычных парушэньняў у Беларусі рэзка абвастрылася, узмацніўшыся ў кантэксьце прэзыдэнцкіх выбараў і ў наступны пэрыяд, калі асноўныя свабоды рэгулярна парушаліся», — цытуе Бачэлет агенцтва Інтэрфакс-Захад са спасылкай на прэсавую службу Вярхоўнага камісара.

«Праца місіі па вызначэньні фактаў адыграе важную ролю ў забесьпячэньні адказнасьці за парушэньні, якія прывялі да крызісу», — адзначыла яна.

Экспэртамі прызначаныя Сюзан Базілі (Канада) і Марка Міланавіч (Сэрбія), функцыі старшыні ўскладзеныя на Карыну Маскаленку (Расія), якая ў свой час была адвакатам расейскага бізнэсоўца Міхаіла Хадаркоўскага.

«У сваёй рэзалюцыі 46/20, якая была прынятая 29 сакавіка 2021, Рада ААН па правах чалавека асудзіла працяг сур’ёзных парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі ў сувязі з прэзыдэнцкімі выбарамі 2020 году. Яна прасіла Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека адсочваць і паведамляць пра сытуацыю з правамі чалавека ў краіне, а таксама зьбіраць, абагульняць, захоўваць і аналізаваць інфармацыю і доказы для спрыяньня прыцягненьню да адказнасьці вінаватых і правасудзьдзю для ахвяраў», — гаворыцца ў паведамленьні.

Чакаецца, што прамежкавую інфармацыю пра парушэньні ў Беларусі даложаць на 48-й сэсіі Рады ААН па правах чалавека ў верасьні 2021, а канчатковая справаздача будзе на 49-й сэсіі Рады па правах чалавека ў сакавіку 2022 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG