Азэрбайджан мусіць выплаціць яму кампэнсацыю ў памеры 30 тысяч эўра. Аляксандар Лапшын у размове са Свабодай параўноўвае беларускую і азэрбайджанскую турму, успамінае свайго сукамерніка Алеся Юркойця, рэагуе на гібель палітвязьня Вітольда Ашурка і ацэньвае магчымасьці міжнароднай супольнасьці паўплываць на сытуацыю ў Беларусі.
- Аляксандра Лапшына, які мае грамадзянства Расеі і Ізраілю, затрымалі ў сьнежні 2016 году ў Менску на запыт Азэрбайджану. Блогера абвясьцілі ў міжнародны вышук за наведваньне Нагорнага Карабаху без дазволу ўладаў Азэрбайджану.
- Супраць выдачы блогера выступалі ўлады Расеі, Ізраілю і Армэніі. У ліпені 2017 году бакінскі суд у Азербайджане асудзіў блогера на тры гады пазбаўленьня волі.
- У верасьні 2017 году прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў памілаваў асуджанага. Яго экстрадавалі ў Ізраіль. У пачатку 2018 году Лапшын падаў скаргу на Азэрбайджан у Эўрапейскі суд у правах чалавека. Ён абвінаваціў азэрбайджанскія ўлады ў замаху на забойства, катаваньнях і незаконным пазбаўленьні волі.
Пра гібель палітвязьня Вітольда Ашурка
— Што тычыцца гібелі палітвязьня. Я правеў на Валадарцы ў цэнтры Менску каля двух месяцаў. У маёй камэры не было наркаманаў, злодзеяў, забойцаў. Там сядзела, як б сказаў, беларуская эліта, найлепшыя людзі Беларусі. Са мной сядзеў Алесь Юркойць, які праходзіў па справе ашмянскіх мытнікаў, гэта адзін з найлепшых людзей, што я сустракаў у жыцьці. Цяпер яго вызвалілі, але пакінулі паўгоду пад наглядам, працягваюць зьдзекавацца зь яго і яго сям’і. У беларускай турме абсалютна бесчалавечныя бытавыя ўмовы. Зь людзей зьдзекаваліся, зьбівалі. Некаторых адвозілі ў турму КДБ, дзе, на шчасьце, я не пабываў, але там бываў Алесь Юркойць і палова сядзельцаў з нашай камэры. Там, як расказвалі, падвешвалі людзей уніз галавой голымі і зьбівалі дубінкамі, абматанымі мокрымі ручнікамі.
Я — з габрэйскай сямʼі, мая сямʼя прайшла Галакост і практычна ўся была зьнішчаная ў Вільні падчас Другой сусьветнай вайны. Я думаю, што рэжым Лукашэнкі ня моцна адрозьніваецца ад таго, што перажыла мая сямʼя падчас вайны. Я вельмі шкадую са сьмерці Вітольда Ашурка і спадзяюся, што справядлівасьць пераможа.
Якім чынам згаданая Беларусь у рашэньні Эўрапейскага суду па правах чалавека
— Беларусь не ўваходзіць у Раду Эўропы і не падпарадкоўваецца рашэньням Эўрапейскага суду па правах чалавека. У рашэньні Беларусь згаданая ў тым кантэксьце, што асабіста прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка на прэсавай канфэрэнцыі гарантаваў выкананьне закону і бясьпекі ў адносінах мяне ў выпадку выдачы ў Азэрбайджан, таксама ў рашэньні Вярхоўнага суду Беларусі па маёй экстрадыцыі запісана, што Азэрбайджан зьяўляецца цалкам прававой і бясьпечнай дзяржавай, дзе мае правы будуць цалкам гарантаваныя, і таму прымае рашэньне выдаць мяне туды.
Мае беларускія адвакаты падавалі пратэсты і заяўлялі, што Азэрбайджан займае 166 са 169 месцаў у сьвеце па сытуацыі свабодай слова, што ў гэтай краіне перасьледуюць палітычных дзеячаў, блогераў і гэтак далей. Тым ня менш мяне выдалі, выдалі на верную сьмерць. Мае адвакаты на судзе казалі, што вы выдаяце чалавека на верную сьмерць. Тым ня менш Вярхоўны суд Беларусі пастанавіў мяне адправіць у Баку.
У чым можна параўноўваць турму ў Беларусі і ў Азербайджане
— І там, і там гэта жудасныя савецкія турмы, якія не рамантаваліся, напэўна, з часоў Хрушчова і Сталіна. Вельмі дрэнныя ўмовы. Беларуская камэра была перапоўненая, ложкаў на ўсіх не хапала. Там было шмат людзей, і мы былі адзінай камандай. Што тычыцца Азэрбайджану, то мяне адразу ж зьмясьцілі ў адзіночную камэру — тры на тры мэтры, бяз вокнаў, без прагулак, без спатканьняў... Мяне там пазбавілі абсалютна ўсіх правоў. Да мяне не дапускалі адвакатаў. У Беларусі было прыблізна тое самае. На Валадарцы першы месяц да мяне не пускалі ні расейскіх, ні ізраільскіх дыпляматаў, не дапускалі адваката, нанятага сямʼёй, не дазвалялі спатканьняў і тэлефанаваньняў. Азэрбайджан такая ж самая дыктатура як і Беларусь, нічым асабліва не адрозьніваецца. Аднолькавыя ўмовы.
Магу сказаць, што ў лукашэнкаўскіх турмах больш парадку, вэртыкаль улады больш моцная. Чалавека могуць катаваць, але там немагчымая сытуацыя, калі нехта нападзе на палітвязьня, толькі калі гэтага не захоча прэзыдэнт. У Азербайджане праз 7 месяцаў у турме на мяне напалі чацьвёра чалавек у масках, зьбівалі мяне, душылі, зламалі косьці, зубы, у выніку я аказаўся ў рэанімацыі цэнтральнага бакінскага шпіталю. Пасьля гэтага відавочна напалоханы прэзыдэнт Ільхам Аліеў мяне раптам памілаваў, хаця я нават і не пісаў просьбу пра памілаваньне.
Наколькі складана было выйграць судовую справу
— Справу сапраўды было складана выйграць. Азэрбайджан кінуў усе палітычныя і фінансавыя рэсурсы, каб усё гэта сарваць, бо гэта калясальны ўдар па рэпутацыі Азэрбайджану ў цэлым і прэзыдэнта Аліева ў прыватнасьці. На прэсавай канфэрэнцыі Аліеў разам з Лукашэнкам хвілінаў дзесяць прысьвяцілі размове пра мяне. Яны абодва вырашылі, што гэта вялікая перамога беларускай і азэрбайджанскай дэмакратыі, што гэта вяршэнства справядлівасьці і закону, і пасьля гэтага адбываецца прэцэдэнт, які паказвае, што ня той, ні іншы прэзыдэнты не зьяўляюцца дэмакратычнымі кіраўнікам і ня здольныя кантраляваць сытуацыю ў краіне.
Суд спрабавалі сарваць, запалохвалі мяне, спрабавалі запалохаць маіх адвакатаў. У мяне была адвакат Карына Маскаленка, якая прадстаўляла і інтарэсы Аляксея Навальнага і Міхаіла Хадаркоўскага. Я ёй вельмі ўдзячны, а таксама Ганьне Маралян, якая прадстаўляла мяне ў судзе. Суд задаволіў на 100% наш пазоў, прызналі незаконным арышт, замах на забойства, спробу выдаць забойства за самазабойства (яны мяне потым у несьвядомым стане павесілі ў туалеце і заяўлялі, што я павесіўся сам).
Якая мае быць рэакцыя Азэрбайджану?
— Азэрбайджан павінен выплаціць 30 тысячаў эўра. Гэтая сума, безумоўна, сымбалічная, але такія сумы ЭСПЧ звычайна прысуджае. Думаю, што плаціць яны адмовяцца і абвінавацяць Эўрапейскі суд у перадузятасьці і ісламафобіі. Для мяне важныя не грошы, а палітычнае рашэньне. Для мяне гэта магчымасьць ударыць у інфармацыйным пляне як па Аляксандру Лукашэнку, так і па Ільхаму Аліеву.
Ці можа гэты досьвед міжнароднага суду прыдасца беларусам
— На жаль, павінен прызнаць на падставе маіх даволі шырокіх кантактаў з эўрапейскімі парлямэнтарамі і праваабаронцамі, што там дамінуе пазыцыя, што Беларусь — сфэра ўплыву Расеі. Таму ўсё, што адбываецца ўнутры Беларусі, ня вельмі цікавіць эўрапейцаў. Яны абмяжоўваюцца пустымі заявамі. Што тычыцца Азэрбайджану, прыкладна такое ж стаўленьне. Мне дапамагло тое, што я не зьяўляюся грамадзянінам ні Беларусі, ні Азэрбайджану, плюс я з габрэйскай сямʼі, і была тэма магчымага антысэмітызму, а таксама тэма карупцыі. Вядомая гісторыя, калі Аліеў прапанаваў часткова пагасіць доўг Беларусі перад Расеяй за газ, і мяне фактычна выдалі на расправу ў Азэрбайджан наўзамен на атрыманьне крэдыту ад Ільхама Аліева.
Пажаданьне беларусам
— Трэба працягваць змагацца. Нельга спыняцца. Трэба разумець, што калі мы самі сабе не дапаможам, нам ніхто не дапаможа. Я спадзяюся, што ў выніку ўсё будзе добра, і я вярнуся ў Беларусь як госьць і прыйду да помніку ахвярам рэжыму Лукашэнкі, і сам Лукашэнка будзем там, дзе яму належыць быць — на Валадарцы.
Мірныя пратэсты — безумоўна, добра. Але Лукашэнка ня той чалавек, які ўспрымае мілых дзяўчат, якія здымалі абутак, каб стаць на лаву, каб памахаць беларускімі сьцягамі. Гэта жорсткі дыктатар, які, на жаль, разумее зусім іншыя спосабы ўзьдзеяньня. Я ні ў якім разе не заклікаю ні да якога гвалту, але баюся, што ўсё ў выніку гэтым можа скончыцца. І ўсё ж спадзяюся, што жыцьці людзей будуць захаваныя, і гэты чалавек пакіне сваю пасаду добраахвотна.
Я хачу сказаць беларускім зьняволеным, што яны не адны, мы ўсе зь імі і мы ўсе разам пераможам.