Паводле стану на 2:00 19 сакавіка вядомыя імёны наступных затрыманых:
- дырэктарка па пэрсаналу Надзея Адамовіч,
- бухгальтар Tut.by Анжэла Асад,
- мэнэджар Андрэй Аўдзееў,
- СЕО стартапа RocketData і былая супрацоўніца Tut.by Дар’я Данілава,
- начальніца аддзелу маркетынгу Ганна Заяц,
- галоўны рэдактар Tut.by Марына Золатава,
- начальніца ааддзелу продажаў Марына Кушняровіч,
- намесьніца галоўнага рэдактара Tut.by Вольга Лойка,
- намесьніца бухгальтара Марына Новік,
- намесьніца дырэктара Ірына Рыбалка,
- журналіст Алена Талкачова,
- юрыст Кацярына Ткачэнка,
- бізнэс-аналітык Вадзім Трусаў,
- генэральны дырэктар ТАА «Тут Бай Мэдыя» Людміла Чэкіна.
Акрамя гэтага затрымалі ўдаву заснавальніка Tut.by Юрыя Зісера, суўладальніцу парталу Юлію Чарняўскую, але празь некаторы час «Вясна» напісала, што яе пад канвоем даставілі ў шпіталь №1 — яна перанесла гіпэртанічны крыз. Пасьля выпіскі са шпіталю Чарняўская дома не зьявілася і сувязі зь ёй няма, паведамляе дачка.
Як разьвіваліся падзеі на працягу дня
Раніцай 18 траўня да некалькіх рэдактараў Tut.bу дадому прыйшлі сілавікі. Пра гэта зьявілася навіна на сайце парталу:
«Адразу некалькі рэдактараў Tut.bу паведамляюць пра тое, што да іх прыйшлі супрацоўнікі ДФР. У тым ліку да галоўнай рэдактаркі Марыны Золатавай. Акрамя таго, не адказваюць на званкі супрацоўнікі рэдакцыі, якія былі ў офісе».
Камітэт Дзяржкантролю паведаміў, што ў адносінах да пасадовых асоб ААТ «Тут Бай мэдыя» пачата крымінальная справа паводле ч.2 арт.243 КК (ухіленьне ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры). Нібыта зь 2019 году, калі ААТ стала рэзыдэнтам Парку высокіх тэхналёгіяў была атрымана выручка, «не абумоўленая дзейнасьцю, дазволенай для рэзыдэнтаў ПВТ».
Падчас расьсьледаваньня крымінальнай справы нібыта ўстаноўлена, што дырэктар ТАА «Тут Бай Мэдыя» Людміла Чэкіна, «дзейнічаючы ў групе з галоўным бухгальтарам Анжэлай Асад пры саўдзеле іншых асоб, ухіліліся ад выплаты ПДВ за 2020 год у асабліва буйным памеры».
Што тлумачаць у Tut.by
Tut.bу тлумачыць, што стаў рэзыдэнтам ПВТ у кастрычніку 2019, бо дзейнасьць кампаніі адпавядала патрабаваньням дэкрэту аб «ПВТ 2.0», а ўмовы парку давалі магчымасьць кампаніі разьвівацца хутчэй і больш рэінвэставаць у разьвіцьцё. Tut.bу, акрамя іншага, аказваў рэклямныя паслугі ў інтэрнэце з выкарыстаньнем распрацаванага кампаніяй праграмнага забесьпячэньня, у тым ліку на мабільных плятформах, фінансава падтрымліваў пэрспэктыўныя стартапы, распрацоўваў софты.
Прадукты ТАА — гэта інфармацыйна-сэрвісны сайт Tut.bу і яго мабільная вэрсія smart.tut.by, маркетплэйс kupi.tut.by, аплікацыі для Android і iOS: tut.by, afisha.tut.by, finance.tut.by і іншыя.
Tut.bу заяўляе, што за час працы ў рамках ПВТ кампанія пасьпяхова праходзіла праверкі і аўдыты, здавала справаздачы, працавалі заўсёды празрыста. Ніякіх прэтэнзій і папярэджаньняў ад адміністрацыі Парку не атрымлівала. Сёньня, яшчэ да афіцыйнага рашэньня аб нейкіх парушэньнях, кампанію выключылі з ПВТ.
Адключэньне сайту Tut.by
Дзьверы ў менскі офіс інтэрнэт-выданьня зафарбаваныя альбо залепленыя поліэтыленам. У 11.50 сайт перастаў працаваць. Сузаснавальнік Tut.bу Кірыл Валошын паведаміў, што дамэн парталу заблякаваны. Адпаведна, карыстальнікі пошты на mail.tut.by таксама ня могуць увайсьці ў свае электронныя скрыні. Пазьней Валошын паведаміў пра затрыманьне былой супрацоўніцы Tut.by Дар’і Данілавай, аўтаркі стартапу Rocket Data. Яе затрымалі на паркоўцы каля офісу, таксама адсутнічае сувязь зь яе мужам.
Мінінфарм пацьвердзіў, што абмежаваў доступ да інтэрнэт-рэсурсаў.
«Генэральная пракуратура ўстанавіла шматлікія факты парушэньняў закону аб СМІ ў частцы разьмяшчэньня забароненай інфармацыі ў шэрагу публікацый на інтэрнэт-рэсурсе Tut.by. У дадзеных матэрыялах утрымліваецца інфармацыя ад імя незарэгістраванага фонду BYSOL. У адпаведнасьці з арт.38 закону аб СМІ на інтэрнэт-рэсурсах забаронены распаўсюд інфармацыі ад імя арганізацый, якія не прайшлі ва ўстаноўленым парадку дзяржаўную рэгістрацыю».
«Люстэрка» сайту tutby.news працуе толькі праз VPN і ў замежных карыстальнікаў.
Ператрусы ў офісах, уварваньні ў кватэры
У доме, дзе жыве Марына Золатава, зламаныя дзьверы ў агульны тамбур на яе паверсе. Відавочцы распавядаюць, што гэта здарылася прыкладна ў 10:20 раніцы, былі моцны шум і грукат.
Пасьля вобшуку дачка Золатавай распавяла, як праходзіў працэс.
Паведамляецца таксама, што сёньняшняй датай «Тут Бай мэдыя» выключылі з Парку высокіх тэхналёгій.
Ператрус дома прайшоў у праграміста сайту Віталя Каліноўскага. Пазьней БАЖ паведаміў, што яго затрымалі, аднак увечары выпусьцілі, узяўшы падпіску.
Сілавікі прыйшлі таксама і ў афіляваную з Tut.bу кампанію Hoster.by, якая знаходзіцца ў тым жа будынку. Таксама сілавікі прыйшлі дадому да кіраўніка Сяргея Павалішава. Пазьней стала вядома, што яго павезьлі на допыт, аднак не зразумела, у якім ён статусе.
Hoster.by — найбуйнейшы рэгістратар і тэхнічны адміністратар нацыянальных даменных зонаў .BY / .БЕЛ. А таксама адзіны ў краіне акрэдытаваны рэгістратар міжнародных дамэнаў.
Сілавікі прыйшлі ў офіс av.by — плятформы, з дапамогай якой прадаюць/купляюць машыны і запчасткі да іх, піша Onliner. Таксама гэтае выданьне паведаміла пра страту сувязі са сваім журналістам, Аляксандрам Чарнухам, які паехаў да офісу Tut.by асьвятляць падзеі, але з 11-й гадзіны зь ім зьнікла сувязь (абноўлена: яго адпусьцілі позна вечарам 18 траўня). І толькі позна ўвечары відавочцы паведамілі, што прыкладна а 22:30 людзі ў цывільным вывелі Аляксанра з будынку, дзе месьціцца Tut.by, прасадзілі ў машыну і павезьлі ў невядомым накірунку.
Av.by аб’ядналася з Tut.by у адну плятформу яшчэ ў красавіку 2017 году, да таго моманту плятформа Юрыя Зісера мела ўласную старонку аўтамабільных абвестак — a.tut.by. Дырэктара av.by Дзьмітрыя Гераніна затрымалі. Ён грамадзянін Расеі. Увечары ён напісаў у Фэйсбуку, што на волі, але пад падпіскай аб неразгалошваньні.
Супрацоўнік av.by паведаміў, што ў іх была плянэрка па онлайн-сувязі, у нейкі момант ён пачуў шум і выкрыкі, каб усе выключылі тэлефоны. Пасьля гэтага сувязь зьнікла і ўдзельнікі онлайн-сустрэчы, якія, як мяркуецца, былі ў офісе, перасталі выходзіць на сувязь. Да гэтага моманту супрацоўнікі av.by ня ведаюць, што адбываецца ў іх у офісе.
Зьявілася таксама інфармацыя, што на менскай вуліцы Ўманскай няма доступу ў офіс rabota.by.
Вобшук пачаўся ў журналісткі Tut.by Алены Талкачовай. Да яе прыйшлі два супрацоўнікі Дзяржкантролю — адзін з управы па Магілёўскай вобласьці, старэйшы сяржант фінансавай міліцыі Іван Паграбіцкі, другі — з управы ДФР КДК па Горадзенскай вобласьці, Арцём Дораш. З журналісткай у кватэры адвакат Менскай калегіі адвакатаў Тацяна Курадовец. Суседзяў Алены панятымі не пусьцілі, хутчэй за ўсё ролю панятых ігралі двое мужчынаў у цёмнай вопратцы, якія прыйшлі разам з супрацоўнікамі ДФР.
Пастанову на вобшук падпісаў намесьнік дырэктара Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў КДК палкоўнік фінансавай міліцыі Андрэй Пракапук, а генэральны пракурор Андрэй Швед санцыянаваў яе.
З ператрусам прыйшлі і да спэцыялісткі па продажах kupi.tut.by Ганны Воранавай. Увечары яна ўсё яшчэ не выходзіла на сувязь.
Золатаву і Талкачову забралі на допыт
Каля 15.00 стала вядома, што Алену Талкачову забралі на допыт у ДФР. Яна зьехала разам з адвакатам. Увечары Талкачову затрымалі на 72 гадзіны і даставілі на Акрэсьціна.
Пазьней зьявілася відэа, як сілавікі ў масках выйшлі з кватэры галоўнай рэдактаркі Tut.by Марыны Золатавай. Яе саму вывелі праз “чорны выхад”, паведамляе @euroradio. Увечары муж Марыны Золатавай Васіль Кішкурна паведаміў, што адваката да яе не пусьцілі, бо сёньня ня будзе сьледчых дзеяньняў. Наколькі зразумеў муж, яна ў статусе падазраванай. Золатавай сказалі, што адвязуць на Акрэсьціна.
Двое рэдактарак Tut.by на волі
А 14.15 завяршыліся вобшукі ў рэдактараў сайту Ганны Рудэнкі і Вольгі Саўкіў, цяпер яны на волі. У іх канфіскавалі ўсю тэхніку (кампутары, тэлефоны, у тым ліку не працуючыя), а таксама банкаўскія карткі. Прайшоў вобшук у намесьніка галоўнага рэдактара Максіма Гайко. Яго адвезьлі на допыт у ДФР, але ўвечары ён выйшаў на волю, у статусе сьведкі, пад падпіскай аб неразгалошваньні.
Журналістку Дар’ю Брыль пасьля ператрусу затрымалі, у яе канфіскавалі тэхніку.
Скончыўся ператрус і ў некаторых рэгіянальных офісах Tut.by
У Берасьці да супрацоўнікаў прыйшлі а 10.40 з пастановай на ператрус па артыкуле аб ухіленьні ад выплаты падаткаў. Канфіскавалі ўсю тэхніку і дакумэнты, а таксама мабільныя тэлефоны супрацоўнікаў. Затрыманmняў не было.
У Гомлі ў офіс прыйшлі а 10.15 раніцы. Таксама забралі ўсю тэхніку і мабільныя тэлефоны. Яшчэ апэратыўнікі працавалі ў офісах Віцебска, Магілёва і Горадні.
Затрыманьні журналістаў
Тэлеграм-канал інфармацыйнага парталу інфармуе, што перасталі выходзіць на сувязь журналісты і фатографы, якія прыехалі да офісу Tut.by — Арцём Маёраў («Беларусы і рынак»), Дар’я Буракіна (Tut.by, абноўлена: адпусьцілі вечарам 18 траўня), Алена Доўнар. Пры гэтым афіцыйны прадстаўнік МУС Менгарвыканкама Натальля Ганусевіч заявіла Onliner, што інфармацыі пра затрыманьне іх журналіста Чарнухі, як і пра іншыя затрыманьні каля офісу, «у міліцыі няма». Маёраў у выніку знайшоўся ў ізалятары на Акрэсьціна, Чарнуху людзі ў цывільным некуды вывезьлі з будынку Tut.by а 22:30, аказалася, што ўвесь дзень ён знаходзіўся там бяз сродкаў сувязі.
Каля 12-й гадзіны зьнікла сувязь з удавой заснавальніка парталу Юрыя Зісера, вядомым культуролягам Юліяй Чарняўскай, яе мабільны тэлефон адключаны. Напярэдадні быў якраз год, як бізнэсоўца ня стала. Як стала вядома праваабаронцам «Вясны», Чарняўская знаходзіцца пад канвоем у прыёмным пакоі першай лякарні Менску, яна перанесла гіпэртанічны крыз. Увечары яе выпісалі са шпіталя, але дадому яна так і не зьявілася, піша дачка.
А палове на 13-ю імя Дар’і Данілавай зьявілася ў сьпісах затрыманых.
Унутраная і міжнародная рэакцыя
Офіс Сьвятланы Ціханоўскай запатрабаваў неадкладнай рэакцыі Эўразьвязу на падзеі вакол незалежнага парталу Tut.by.
«Сёньняшнія дзеяньні ў дачыненьні найбуйнейшага і папулярнага ў краіне інфармацыйнага рэсурсу зьяўляюцца працягам мэтакіраванай палітыкі ўладаў па абмежаваньні распаўсюду непадцэнзурнай інфармацыі ў краіне», — гаворыцца ў заяве БАЖ.
«Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі заблякаваныя дзясяткі грамадзка-палітычных сайтаў і сайтаў мэдыя, шэраг друкаваных выданьняў вымушаныя былі спыніць выхад. На раніцу 18 траўня за кратамі ў Беларусі знаходзяцца 16 журналістаў і мэдыяспэцыялістаў, 11 зь іх — у крымінальных справах».
Тыдзень таму прадстаўнікі мэдыясэктару падпісалі адкрыты супольны зварот «Спыніць паляваньне на ведзьмаў!». Дзеяньні супраць Tut.by, Av.by, Rabota.by паказваюць, што гэты заклік пакуль не пачуты, лічаць у БАЖ.
Прадстаўніца АБСЭ ў пытаньнях свабоды СМІ Тэрэза Рыбэйру асудзіла перасьлед журналістаў у Беларусі. У яе заяве згадваецца затрыманьне фотакарэспандэнткі Тацяны Капітонавай, якую арыштавалі на 10 сутак, журналісткі Tut.by Любові Касьпяровіч, якой напярэдадні прысудзілі 15 сутак-, магілёўскіх журналістаў Аляксандра Буракова і Ўладзімера Лапцэвіча, кожны зь якіх атрымаў па 20 сутак арышту.
Рыбэйру заклікала ўлады Беларусі «пераламаць нэгатыўную тэндэнцыю» і выконваць свае абавязкі ў межах АБСЭ.
Прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі таксама адрэагавала на падзеі.
«Беларускі партал Tut.by — флягман беларускай журналістыкі на працягу 20 гадоў, яго чытае і шануе большасьць карыстальнікаў інтэрнэту ў краіне і многія за яе межамі, у тым ліку і дыпляматы, якія працуюць зь Беларусьсю. Свабода СМІ мусіць быць забясьпечаная».
Пра адключэньне Tut.by даведаўся і палітвязень Віктар Бабарыка, які ўжо 11 месяцаў знаходзіцца за кратамі па палітычна матываваным абвінавачаньні ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў, піша афіцыйны канал Бабарыкі. Ён лічыць перасьлед кіраўніцтва і журналістаў парталу і блякаваньне доступу да яго ўдарам па магчымасьці і праве кожнага чалавека сфармаваць сваё меркаваньне.
«Гэта крок ня проста ў эпоху „да інтэрнэту“. Гэта — скачок у Сярэднявечча. Пытаньне пастаўлена аб пазбаўленьні нас друкаванага слова. Альтэрнатыўнае меркаваньне проста перастае існаваць, устараняецца іншы пункт гледжаньня. Гэта ўжо тычыцца кожнага беларуса, незалежна ад палітычных перакананьняў. Бо ў такіх умовах немагчымыя нічые бясьпека і дабрабыт».
Пэтыцыя і зварот у абарону Tut.by
На сайце «Зручны горад» зьявілася пэтыцыя з заклікам разблякаваць Tut.by. У дакумэнце нагадваюць, што на працягу апошняга году партал пастаянна сутыкаўся з ціскам дзяржавы і быў пазбаўлены статутсу сродка масавай інфармацыі.
Акрамя таго, зьявіўся і зварот у абарону мэдыяпарталу, які можна накіраваць у Міністэрства інфармацыі і Генэральную пракуратуру.