Адвакат Міхаіл Баднарчук у канцы красавіка напісаў заяву з просьбай выключыць яго зь Менскай гарадзкой калегіі адвакатаў і зьехаў у Кіеў, паведаміла «Наша ніва».
«Я вырашыў паставіць на паўзу адвакацкую дзейнасьць, бо ёй ужо немагчыма займацца так, як я рабіў гэта раней.
Па-першае, майго адвакацкага бюро, дзе я працаваў, ужо фактычна няма: адзін партнэр пазбаўлены ліцэнзіі, у другога пэўныя асабістыя праблемы.
Па-другое, на момант майго сыходу ўжо было зразумела, што будуць прынятыя зьмены ў Закон аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасьці, згодна зь якім можна будзе працаваць толькі ў рамках юрыдычных кансультацый і пад яшчэ большым кантролем (а фактычна — кіраваньнем) Міністэрства юстыцыі, што мяне не задавальняе», — сказаў адвакат.
Ён дадаў, што зьехаў часова, але ня ведае, калі вернецца і чым будзе займацца ва Ўкраіне».
«Будзем лічыць гэта бестэрміновым творчым адпачынкам», — сказаў Баднарчук.
Нядаўна стала вядома, што вядомы беларускі адвакат Сяргей Зікрацкі, у якога ў сакавіку забралі ліцэнзію, зьехаў у Вільню і стаў прадстаўніком Сьвятланы Ціханоўскай.
Сяргей Зікрацкі, пакуль у яго не забралі ліцэнзію, абараняў
- журналістку «Белсату» Кацярыну Андрэеву, калі яе судзілі за стрым з «плошчы Пераменаў»,
- Tut.by, калі яго пазбаўлялі статусу СМІ,
- супрацоўнікаў беларускага «Прэс-клюбу»,
- юрыста штабу Віктара Бабарыкі Максіма Знака.
Пасьля пазбаўленьня ліцэнзіі ён з жонкай і дваімі дзецьмі зьехаў у Літву.