Віталь жыў у Жлобіне. Яго затрымалі праз паўгоду за падзеі 10 жніўня. Па афіцыйнай вэрсіі, ён удзельнічаў у «масавых беспарадках» і кінуў камень у аўтазак. Віталь сваю віну не прызнаў і расказаў, што ён выклаў у сацыяльныя сеткі аповед пра камень, каб папіярыцца. Яго абвінавацілі паводле двух артыкулаў: за арганізацыю беспарадкаў і гвалт у дачыненьні міліцыянтаў (арт. 342 і арт 364 КК). Па словах сваякоў, хлопца моцна пабілі амапаўцы пры затрыманьні.
Затрыманьне адбылося проста на вуліцы, пад’ехаў цывільны аўтамабіль, адтуль вылезьлі чатыры чалавекі і пачалі зьбіваць Віталя. Прохараў высокага росту, таму, па словах ягонай маці, на вуліцы нельга было адназначна падумаць, што б’юць непаўналетняга, але сын казаў пра гэта людзям у цывільным.
Да пэўнага моманту Віталь спадзяваўся, што яго адпусьцяць, але затым стаў жыць тым, што ёсьць. Лісты, паводле словаў маці, даходзяць «праз раз», а на вуліцах Жлобіна яе могуць пазнаць і прапанаваць дапамогу. Сваякі Віталя сфатаграфаваліся з аркушамі паперы ў гонар ягонага паўналецьця і аформілі здымкі ў паштоўку, якую даслалі за краты.