У сераду, 28 красавіка, на 80-м годзе жыцьця памёр кіраўнік заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь ансамбля «Церніца» Іосіф Несьцяровіч. У яго быў каранавірус, расказалі Tut.by ягоныя блізкія.
Родныя Язэпа Аляксандравіча кажуць, што ў мужа і жонкі Несьцяровічаў дыягнаставалі каранавірус. Іосіф Несьцяровіч правёў у шпіталі каля двух тыдняў і памёр у сераду, яму было 79 гадоў. У даведцы аб сьмерці — лёгачна-сардэчная недастатковасьць і двухбаковая пнэўманія.
Свой творчы шлях Іосіф Несьцяровіч пачынаў у ансамблі «Харошкі»: як кажуць сваякі, «разам з Валянцінай Гаявой фактычна ствараў калектыў». Потым працаваў у Нацыянальным акадэмічным народным хоры імя Цітовіча, а пасьля гэтага стаў кіраваць «Церніцай». Разам з жонкай ён аддаў ансамблю беларускай песьні «Церніца» больш за 30 гадоў. У 2002 годзе ансамбль стаў першым, якому прысвоілі званьне «Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь», ён актыўна гастраляваў па Беларусі і за мяжой, быў уганараваны рознымі прэміямі.
Разьвітаньне зь Язэпам Несьцяровічам пройдзе 1 траўня з 11.00 да 13.00 у рытуальнай залі па адрасе: вул. Альшэўскага, 12.