Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Алеся Пушкіна змаглі апісаць маёмасьць толькі на 240 рублёў зь неабходных 580


Алесь Пушкін
Алесь Пушкін

Супрацоўнікі аддзелу прымусовага выкананьня Крупскага раёну апісалі маёмасьць у доме палітзьняволенага Алеся Пушкіна. А на наступны дзень паведамілі, што дакумэнты перапішуць і арышт з маёмасьці будзе зьняты.

Пра гэта Свабодзе паведаміла яго жонка Яніна.

У лютым мастаку Алесю Пушкіну суд у Крупках прысудзіў 580 рублёў штрафу за бел-чырвона-белы сьцяг над уласнай хатай у мястэчку Бобр, які судзьдзя палічыла пікетаваньнем. Штрафу Алесь Пушкін не пасьпеў аплаціць.

30 сакавіка мастак быў затрыманы ў вёсцы Жылічы Кіраўскага раёну, дзе ён працаваў на рэстаўрацыі палацу Булгакаў. Цяпер яго ўтрымліваюць у горадзенскім ізалятары, ён фігурант крымінальнай справы, якую пачала горадзенская пракуратура паводле ч. 3 арт.130 Крымінальнага кодэксу (распальваньне варожасьці). Паводле пракуратуры, «за ўчыненьне наўмысных дзеяньняў, накіраваных на рэабілітацыю і апраўданьне нацызму».

Падставай для гэтага стаў партрэт антысавецкага падпольшчыка Яўгена Жыхара «з аўтаматам на плячы», які быў выстаўлены ў прыватным «Цэнтры гарадзкога жыцьця».

«Гэты дакумэнт пра штраф пайшоў на працу Пушкіна ў „Белрэстаўрацыю“, Алесь туды аднёс паперы, і бухгальтэрыя мусіла гэтыя грошы заплаціць. Але там ня так хутка гэта робіцца: першы месяц яна не заплаціла, і сышоў тэрмін гэтага штрафу», — кажа Яніна.

19 красавіка прыехалі супрацоўнікі аддзелу прымусовага выкананьня Крупскага раёну і апісалі маёмасьць у доме мастака.

«Але тут маёмасьць сьціплая, яны назьбіралі толькі на 240 рублёў. Апісалі тэлевізар трыццацігадовай даўніасьці, лядоўню, пральную машыну, гітару, якую мае вучні паднялі са сьметніцы, прыляпілі струны і мне падарылі. Хацелі таксама апісаць цымбалы, але я сказала, што дачка вучыцца ў музычнай школе на цымбалах, і яны пакінулі».

Паводле Яніны, пасьля затрыманьня Алеся Пушкіна ёй прыйшло 7 лістоў з аддзелу прымусовага выкананьня. У першым, які яна атрымала, было патрабаваньне аплаціць штраф. Яніна зьдзіўляецца, што гэтыя лісты дасылалі сям’і, а не адрасату.

«Дасылайце туды, дзе знаходзіцца адрасат, а чаго вы шляце туды, дзе яго няма?, — кажа яна. — Якраз 20 красавіка Пушкіну налічвалі заробак на картку і вось з гэтага заробку штраф аўтаматычна аплаціўся».

На наступны дзень Яніне патэлефанавалі з аддзелу прымусовага выкананьня Крупскага раёну і паведамілі, што дакумэнты перапішуць і арышт будзе зьняты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG